Рын Клаэс Г.
Шрифт:
Той факт, што я імкнуся звязаць этычнае сумленне з урадавай структурай і выкарыстоўваю ў якасці прыкладу амерыканскую канстытуцыю, не азначае, што я лічу, быццам такое вялікае грамадства, як Злучаныя Штаты, мае найбольшы патэнцыял, каб стаць сапраўднай супольнасцю. Я не меў гэтага на ўвазе. Трэба разумець, што мая тэорыя спалучэння народнага кіравання з этычным жыццём не абмежаваная нейкай канкрэтнай структурай пабудовы ўрада. Сапраўды, дух канстытуцыяналізму ёсць толькі палітычны аспект прынцыпу, які мае дачыненне да ўсіх форм супольнай дзейнасці. Сэнс не ў тым, што існаванне супольнасці ў «агульнанацыянальным» маштабе — рэч магчымая. Я імкнуся давесці, што любая форма кіравання спрыяе станаўленню супольнасці толькі ў той ступені, у якой яна кіруецца духам канстытуцыйнага ладу.
Шмат хто з тэарэтыкаў вельмі пераканальна сцвярджаў, што канфліктнасць у жыцці грамадства расце ў залежнасці ад узроўню чалавечых адносін: мясцовага, нацыянальнага і міжнароднага15. Мая тэорыя дэмакратыі не супярэчыць гэтаму погляду, калі да такіх паняццяў, як мясцовы, нацыянальны і міжнародны, ставіцца як да проста карыснай з прагматычнага пункту погляду класіфікацыі, а не жорстка акрэсленых філасофскіх катэгорый. Чакаць поўнага замірэння ў грамадстве няварта. Імкненню да супольнасці заўсёды пагражаюць вузкапартыйныя інтарэсы. У параўнанні з мясцовай палітыкай нацыянальная палітыка ўтрымлівае нават меншы стымул да маральнасці. Аднак форма народнага кіравання тым бліжэйшая да супольнасці, чым больш людзі здольныя пераадолець уласныя інтарэсы. 3 маёй аргументацыі вынікае таксама, што для недыферэнцыяванай масы людзей супольнасць недасягальная. Супольнасць ёсць асаблівы тып сумеснай дзейнасці. I хоць мая аргументацыя прызначалася не дзеля таго, каб даказаць, што каштоўнасці сапраўднага супольнага жыцця будуць рэалізаваны хутчэй пры наяўнасці ў грамадстве розных груповак, але яна мела і такі сэнс таксама. Гэтую тэму вельмі падрабязна і тонка развівае Роберт Нізбет16. Ен вельмі пераканаўча сцвярджае, што пачуццё ўласнай значнасці і годнасці ў большасці людзей узнікае ў «аўтаномных групах» грамадства — такіх, як сям'я, мясцовы царкоўны прыход, школа і клубы. Пачуццё супольнасці непараўнальна лепш развіваецца ў невялікіх грамадскіх аб'яднаннях. У маёй аргументацыі ўзнімаецца вельмі важнае пытанне, якое цесна звязана з прадметам майго даследавання: ці не павінна дэмакратыя дзеля таго, каб сапраўды спрыяць маральным каштоўнасцям, змяшчаць сродкі кантролю грамадскіх рашэнняў як мага бліжэй да тых, чые інтарэсы яны закранаюць? Тут я магу шмат у чым нагадаць сучасных палітычных тэарэтыкаў, чые філасофскія погляды значна адрозніваюцца ад маіх. У якасці аднаго са сродкаў барацьбы з бездапаможнасцю, якую выклікае моцная ўрадавая структура (і вялікія арганізацыі ўвогуле), і адэінага «прагматычнага прынцыпу», Роберт Даль прапануе наступнае: «Калі тое ці іншае пытанне лепшым чынам вырашаецца пэўным дэмакратычным аб'яднаннем, то трэба заўсёды імкнуцца да таго, каб памеры гэтага аб'яднання былі як мага меншыя пры ўмове, вядома ж, што гэтае пытанне будзе вырашанае пры гэтым належным чынам»17.
3 гэтай ідэяй можна цалкам пагадзіцца нават калі адхіляць усю палітычную тэорыю Даля і яго арганізацыйныя прапановы, бо ў сучасных умовах яна істотна адраджае класічную ідэю субсідыярнасці. Тая аргументацыя, якую я і, сярод іншых, Нізбет прыводзім на карысць супольнасці, даказвае, што прынцып Даля, уласцівы і іншым сучасным мысліцелям, з'яўляецца неабходным прыдаткам да маёй тэорыі дэмакратыі. Відавочна, што калі дэцэнтралізаваны ўрад і жыццяздольныя аўтаномныя групы сапраўды патрэбныя для рэалізацыі супольнасці (а здаецца, што так і ёсць), то распрацоўка дэмакратычных канстытуцый павінна гэтую акалічнасць улічваць. Маім уласным укладам у гэтую тэму з'яўляецца думка, што незалежна ад узроўню і паўнамоцтваў урада яго дзейнасць дзеля спрыяння супольнасці павінна быць прасякнута духам канстытуцыяналізму. Гэта не значыць, што першым жа натуральным узроўнем супольнасці з'яўляецца нацыя. Мой погляд цалкам супадае з тым меркаваннем Бэрка, што ў аснове цёплых пачуццяў да дзяржавы ляжыць прыхільнасць да невялікіх грамадскіх груп, да якіх мы належым.
Некаторыя сучасныя тэарэтыкі лічаць, што надышоў час распаўсюдзіць дэмакратычныя працэдуры прыняцця рашэнняў на тыя вобласці грамадскага жыцця, якія на працягу доўгага часу лічыліся прэрагатывай «прыватнай» сферы, напрыклад прадпрымальніцкія структуры. У Злучаных Штатах галоўнымі прыхільнікамі гэтай ідэі з'яўляюцца Роберт Даль і Пітэр Бэхрач. Гэтае пытанне занадта вялікае, каб мы маглі тут даць на яго ўсёабдымны адказ, але каб удакладніць маю пазіцыю, я ўсё ж зраблю некалькі кароткіх заўваг. 3 адмаўлення рэзкага размежавання паміж «грамадскім» і «прыватным» вынікае, што я не збіраюся пагаджацца з тым нягнуткім і апрыярысцкім бачаннем ролі ўрада, якое дэманструюць некаторыя сацыялісты, лібералы-эканамісты і анархісты. Гэтаксама я магу толькі падазрона ставіцца да таго погляду, што ўратаванне сучаснай дэмакратыі залежыць ад больш шырокага выкарыстання пэўнага метаду прыняцця рашэнняў. Пры некаторых адрозненнях Даль і Бэхрач аднолькава сцвярджаюць, што мы надзвычай строга падыходзім да зместу «палітычнай» катэгорыі18. Па сутнасці, яны абодва робяць адну і тую ж памылку, калі ўяўляюць дэмакратыю перад усім як набор фармальных правілаў. Ім уласцівая зацікаўленасць у чыста працэдурнай форме народнага кіравання, якая, да таго ж, вызначаецца мажарытарным і эгалітарным ухілам, што больш адчувальны ў Бэхрача. Паказальна, што Даль вымушаны характарызаваць як «недэмакратычныя» некаторыя з тых шляхоў дэлегавання палітычных паўнамоцтваў, якія ён лічыць неабходнымі для забеспячэння эфектыўнага народнага кіравання19. Абодвум тэарэтыкам нестае яснага ўсведамлення адрознення паміж плебісцытнай і канстытуцыйнай дэмакратыямі і таго факту, што дэмакратыя павінна абумоўліваць цалкам увесь лад жыцця, каб быць больш чым абстрактнай ідэяй.
Палітычныя інстытуты нельга аддзяліць ад культурнага этасу народа. Такім чынам, калі грамадства пачынае ўсё менш аддана ставіцца да мэтаў, вышэйшых за кароткачасовыя эканамічныя паказчыкі і вузкія ўласныя інтарэсы, то распаўсюджванне пэўнага механізму прыняцця рашэнняў наўрад ці прывядзе да аднаўлення сапраўдных чалавечых каштоўнасцяў. Асвяжальны ўплыў погляду Даля і Бэхрача ў тым, што ён кідае выклік звычайным ліберальным і сацыялістычным меркаванням адносна ролі дзяржавы. Аднак і Даль, і Бэхрач не ідуць далей за новае спалучэнне гэтых поглядаў пад агульным кіраўніцтвам прынцыпу «больш дэмакратыі», на які разам з Ірвінгам Бэбітам можна адказаць, што значэнне мае не колькасць, а дасканаласць дэмакратыі20. Праблема вызначэння арганізацыйных сродкаў спрыяння лепшым бакам грамадства ў новых абставінах з'яўляецца, безумоўна, вельмі важнай. Падыходзіць да яе вырашэння трэба з прагматычнага пункту погляду, і тыя цяжкасці, з якімі сёння сутыкаецца дэмакратыя, могуць вымагаць неардынарных падыходаў. Але без усведамлення прыроды супольнасці разумнасць любога падыходу будзе вельмі сумніўнай. Заклапочанасць станам дэмакратыі ў сучасным заходнім грамадстве вынікае ў першую чаргу з адчування пагрозы асноўным чалавечым каштоўнасцям. На жаль, пераважная частка сучаснай дэмакратычнай тэорыі няздольная прадэманстраваць і даказаць, што да такіх каштоўнасцяў належыць. Інтэлектуальнаму аздараўленню ў гэтай галіне перашкаджаюць разнастайныя дактрыны маральнага рэлятывізму і нігілізму. Пакуль жа гэтая фундаментальная загана захоўваецца, любыя спробы ажыццявіць структурныя рэформы будуць нагадваць блуканне ў цемры. Недастаткова, як зрабілася модным сярод сучасных сацыёлагаў, сцвярджаць, што змест «каштоўнасцяў» павінен зноў быць перагледжаны вучонымі. Дэмакратычная тэорыя вымагае сёння не суб'ектыўных «класіфікацый каштоўнасцяў» у духу плебісцытарызму, а спробы пераасэнсаваць праблемы народнага кіравання ў святле трансцэдэнтных нормаў супольнасці.
Заўвагі
1 Thomas Jefferson. The Life and Selected Writings of Thomas Jefferson. Пад рэдакцыяй Adrienne and William Peden (New York: Modern Library, 1944), 492, 670, 324.
2 Ibid., 669, 670.
3 Ibid., 671. Гэты параграф заснаваны амаль цалкам на красамоўным лісце Джэферсана да Джона Тэйлара ад 28 мая 1816 г.
4 Ibid., 413.
5 «Ha аснове пачуццяў, якія ёсць матэрыя ў руху, мы можам пабудаваць усе патрэбныя нам дакладньм веды». Ibid., 700. Гэтае меркаванне Джэферсана, як і шматлікія іншыя, адлюстроўвае ўплыў філасофіі Джона Лока.
6 Ibid., 638.
7 Ibid., 322.
8 James MacGregor Burns. The Deadlock of Democracy (Tinglewood Cliffs, N.J.: PrenticeHall, 1963), 323, 33435, 41.
9 James MacGregor Burns. Uncommon Sense (New York: Harper & Row, 1972), 129, 173.
10 Burns. Deadlock of Democracy. 338, 3940.
11 Burns. Uncommon Sense. 175.
12 Уілмур Кэндал, напрыклад, піша наступнае: «Паколькі Бэрнс і яго аднадумцы не могуць атрымаць перамогу пры існуючых правілах, яны звяртаюцца да нас з прапановай змяніць правілы так, каб іх перамога зрабілася магчымай».— Contra Mundum. Пад рэдакцыяй Nellie D. Kendall (New Rockville, N.J.: Arlington House, 1971), 273 (выдзелена ў арыгінале).
13 Burns. Uncommon Sense. 173.
14 Cf. James Burnham. Congress and the American Tradition (Chicago: Henry Regnery Co., 1965), y асаблівасці Chap. 25. Гл. таксама Peter Viereck. The Unadjusted Man (Westport, Conn.: Greenwood Press, 1973), Chap. 15.
15 Гл., напрыклад: Reinhold Niebuhr. Moral Man and Immoral Society (TMew York: Charles Scribner's Sons, 1960); Hans Morgenthau. Politics Among Nations (New York: Alfred A. Knopf, 1959) i Raymond Aron. Peace and War ("New York: Praeger, 1967).