Вход/Регистрация
Дэмакратыя i этычнае жыццё
вернуться

Рын Клаэс Г.

Шрифт:

Сапраўды выдатнай падзеяй у гісторыі культуры з'явілася тое, што чалавек пачаў карыстацца сваёю здольнасцю мысліць сімваламі, каб апісаць сваё ўсведамленне маральнага абавязку і сваё адчуванне боскага. Чалавек — этычная і рэлігійная істота з адпаведнымі патрэбнасцямі. Шмат хто адмаўляе існаванне абсалютнай маральнай велічыні, ці Бога, але гэта ніяк не ўплывае на той факт, што чалавек ніколі на перастае шукаць адказу на этычнае пытанне аб тым, што добра і дапушчальна, і на рэлігійнае пытанне аб дачыненні чалавека да боскага. Быць чалавекам — значыць заўсёды разважаць на дзве гэтыя тэмы, якія ніколі не адыйдуць на задні план, хоць час ад часу іх і абвяшчаюць ірацыянальнымі ці бессэнсоўнымі. Есць падставы сумнявацца і ў тым, што этычныя і рэлігійныя пытанні не хвалююць людзей, якія ставяцца да іх як да ірацыянальных і бессэнсоўных. Імкненне пайсці далей спроб абмежаваць уласцівы чалавеку працэс самаінтэрпрэтацыі — у чалавечай прыродзе.

3 прыведзеных аргументаў павінна быць дастаткова ясным, што ўласцівы чалавеку асаблівы тып самасвядомасці, які цягне за сабой транссуб'ектыўны перанос значэння і мае этычнае і рэлігійнае вымярэнне, не можа быць прааналізаваны з дапамогаю метадаў, якія выкарыстоўваюцца для вывучэння фізічных цел ці арганізмаў. Паколькі духоўная прырода чалавека вызначае спосаб яго сацыяльнага жыцця, эмпірычна-колькасныя метады, калі іх разглядаць як набліжэнне да прынцыпаў прыродазнаўчых навук, будуць для сацыёлага дрэнным інструментам. На самай справе патрэбны гуманістычны падыход. Гэты падыход грунтуецца на знаёмстве з фактамі, якія даказваюць, што рэальна існуюць уласцівыя толькі чалавеку паводзіны і што чалавек прытрымліваецца менавіта іх. Як ужо не раз сцвярджалася, учынкі чалавека павінны аналізавацца «знутры», г.зн. на падставе вопыту жыцця ў канкрэтным асяроддзі.

Гэта не значыць, што можна ігнараваць усё, што мае няпэўную назву «эмпірычнага факту». Шмат інфармацыі, пазначанай такім чынам, утрымлівае каштоўныя веды адносна чалавека-палітыка. Нельга забывацца, аднак, на тое, што прырода і важнасць «фактаў» могуць быць усвядомленыя толькі ў святле філасофскага разумення прыроды чалавека, дзякуючы якому змест яго імкненняў разглядаецца на ўласна навуковай глебе. Калі прыгадаць нашы аргументы наконт сімвалічнага характару свядомасці, дык мы ўбачым, што паняцце эмпірычны факт з'яўляецца надзвычай двухсэнсоўным. Што ёсць факт з пункту погляду сацыяпалітычнага жыцця? Паняцце эмпірычны звычайна выкарыстоўваецца для апісання з'яў, якія ўспрымаюцца органамі пачуццяў. Па словах Фрэнка Сорафа, палітычная навука «непахісна прытрымліваецца таго меркавання, што веды пра сацыяльныя паводзіны і інстытуты павінны вынікаць з досведу, з успрымання падзей у рэальным свеце з дапамогай пачуццяў»21. Такі погляд на крыніцу ведаў сведчыць аб яго зыходнай неакрэсленасці. Ужо сам факт усведамлення чалавекам падзей, якія мелі адбыцца, азначае, што яны былі прапушчаны праз медыум сімвалічнага мыслення і набылі, такім чынам, складаны змест. Той факт, што ўяўленне фарміруецца пачуццямі (які б гэтаму працэсу ні надаваўся змест), не азначае, што тая ці іншая з'ява паўстае перад чалавекам цалкам і недвухсэнсоўна вызначанай. Як частка людской свядомасці, яна ўносіцца ў схему раней сфарміраваных меркаванняў, успамінаў, табу, ідэалаў і забабонаў. Так званы эмпірычны факт перапоўнены сімвалічным зместам. Будучы далёка не самавідавочным у сэнсе сваёй рэальнасці, ён патрабуе расшыфроўкі. I толькі пасля таго, як філасофскі аналіз вызначыць прыроду «факту», г.зн. яго месца ў буйной паняційнай структуры, якая ўмяшчае веды чалавека аб рэчаіснасці, будзе зразумела, якім метадам карыстацца для яго вывучэння. Эмпірычнай палітычнай рэчаіснасці характэрныя значна большыя складанасць і непрадказальнасць, чым гэта дазваляе прыродазнаўчы метад. У тэорыі дэмакратыі, якую я імкнуся прадставіць, кіраванне грамадствам будзе разглядацца як адна са складовых дзейнасці, якая мае ўласцівую толькі чалавеку паслядоўнасць і пэўную этычную мэту. Мая тэорыя карыстаецца тым, што можна назваць гуманістычным сведчаннем — фактамі пра чалавека, узбагачонымі філасофскім самапазнаннем. Як я ўжо паспрабаваў даць зразумець, выкарыстанне гэтых сродкаў не значыць, што вучоны павінен разлічваць толькі на суб'ектыўны вопыт. Свядомасці ўласцівая універсальнасць. Працэс сімвалізацыі, якім прасякнуты ўвесь чалавечы досвед, робіць цалкам недасягальнымі для людзей толькі некаторыя значэнні таго, што адбываецца ў рэальнасці. Індывідуум можа перадаваць сваё ўспрыманне жыцця іншым і рабіць адчуванні іншых сваімі. Адным толькі прыкладам з'яўляецца мастацтва ў яго разнастайных формах. Сацыяльнае жыццё павінна сапраўды разглядацца як транссуб'ектыўнае існаванне. Сумніўна, што хто-небудзь сапраўды будзе здольны вызначыць, якую частку ведаў пра існаванне чалавека складае ўласны досвед самога іх носьбіта, а якая частка была атрыманая ад іншых. «Асабістае» і «сацыяльнае» непарыўна звязаныя. Парадаксальна, але сама спасціжэнне ёсць працэс супольны і звязаны з культурай. У далейшым я буду імкнуцца даказаць, што дасягненне этычнага жыцця ёсць задача надіндывідуальнае. Этычнае сумленне праяўляюць усе, хто сур'ёзна ўспрымае яго нарматыўнае вяршэнства і спрабуе вызначыць яго ролю ў структуры чалавечага існавання. Сама спасціжэнне — гэта дыялектычны працэс, у якім сведчанні былых пакаленняў, адлюстраваныя часткова ў культурных традыцыях чалавецтва, выпрабоўваюцца праз уласны досвед, які таксама ў вялікай ступені залежыць ад гэтых сведчанняў.

Прапануючы этычную інтэрпрэтацыю дэмакратыі, мы звяртаемся да універсальнага элементу маральнага досведу. Пакуль людзі не будуць разглядацца, хоць бы патэнцыйнае, у адзінай каардынатнай сетцы сапраўднай рэальнасці, аргументы адносна вызначэння чалавечага быцця будуць не пераконваць, а толькі цешыць. Стаўленне да маральнага досведу як да немінуча і выключна суб'ектыўнай субстанцыі па сутнасці адмаўляе магчымасць падзелу на добрае і злое. Знешняе ж супадзенне індывідуальных прыхільнасцяў у пэўным канкрэтным выпадку таксама не з'яўляецца маральным пагадненнем, бо дзеля гэтага патрэбна яшчэ і аднолькавае разуменне зместу і мэты чалавечага быцця, Несумненна, людзі наўрад ці калі-небудзь сыйдуцца ў сваіх уяўленнях наконт таго, у чым менавіта заключаецца прырода этычнага сумлення, але ў залежнасці ад таго, як яны будуць будаваць сваю аргументацыю, можна будзе меркаваць, чыя інтэрпрэтацыя бліжэй падыходзіць да ісціны.

Сёння шмат хто адмаўляе універсальны характар маральнага досведу. Сцвярджаюць, што аргументы на карысць нарматыўных правамоцтваў этычных меркаванняў не маюць навуковых падстаў. Вынікаючы з разумення унікальнасці індывідуальных абставінаў, гэты падыход грунтуецца на ідэі, якая не цалкам разыходзіцца з прапанаванай мною этычнай тэорыяй. Разнастайныя дактрыны суб'ектывізму пазбаўлены, аднак, жыццёва важнага ўсведамлення таго, што, непазбежна маючы адрозненні, дзве сітуацыі ўтрымліваюць адзін і той самы маральны імператыў. Маральнасць ёсць сінтэз універсальнага і індывідуальнага. Змест канкрэтных маральных учынкаў мяняецца з абставінамі, да якіх яны прыстасоўваюцца, але парыў і мэта застаюцца нязменнымі. Філасофія імкнецца апісаць, якім чынам дасягаецца маральны сінтэз. Яна тлумачыць досвед, які выходзіць за рамкі суб'ектыўнага.

Часам можна пачуць сцвярджэнне, што сацыёлагі павінны размяжоўваць «факты» і «змест». Цалкам і абгрунтавана абвергнуць правамоцтва такой дыхатаміі на гэтых старонках немагчыма. Але ў наступных раздзелах адкрыта ці апасродкава будзе гучаць крытыка такога падыходу; дзяленне «фактзмест» з'яўляецца слушным толькі ў сувязі з сумніўным меркаваннем, што «факт» ёсць нейкая статычная з'ява, якая існуе незалежна. Праведзены мною аналіз паказвае, што «факты» павінны разглядацца як складовыя элементы і сродкі дасягнення ўсёабдымнага ўспрымання рэчаіснасці. Сімвалы, якія надаюць асобным фактам змест, вызначаюць іх месца ў больш шырокім кантэксце і, такім чынам, з'яўляюцца напамінкам аб усёй сукупнасці, да якой гэтыя факты належаць і якая вынікае з паняційнай структурызацыі чалавекам яго канкрэтнага досведу. Але і сам досвед кіруецца і асэнсоўваецца ў працэсе бесперапыннай інтэрпрэтацыі, так што тэорыя і практыка, інтэлектуальная і маральная дзейнасць знаходзяцца ў сумесным дыялектычным развіцці. Яны непарушна звязаныя між сабою, як думка звязаная са сваім аб'ектам. Любое дзеянне чалавека з'яўляецца адначасова ацэнкай. Таму вызначэнне яго факталагічнага і змястоўнага аспектаў з'яўляецца, тым самым, і выражэннем маральнай рэчаіснасці. Спроба ж аддзяліць ад «факту» яго «змястоўны» кампанент азначае толькі заплюшчваць вочы на тое, што, акрэсліваючы нешта як «факт», мы адразу і непазбежна акрэсліваем і яго станоўчае ці адмоўнае значэнне дзеля дасягнення ўсеагульнай мэты, каштоўнасць якой сцвярджаецца кожны раз, калі адбываецца такая ацэнка.

Наш спосаб інтэрпрэтацыі рэчаіснасці, наша адчуванне прапорцыі і каштоўнасці з'яўляюцца вынікам шматлікіх актаў волі і звязаных з імі паняційных змен у мінулым. «Такім чынам, у чалавеказнаўчых навуках... на сцвярджэнне «Я не разумею» можа быць правамоцны адказ, які набывае форму не толькі парады: «Развівай інтуіцыю», але і больш патрабавальнае: «Мяняйся». Гэта кладзе канец усякаму імкненню пазбавіць... навуку пра чалавека ад катэгорыі маральнай ацэнкі. Вывучэнне чалавека неадрыўнае ад аналізу альтэрнатыў, якія стаяць перад ім». Такі аналіз патрабуе не толькі інтэлектуальнага засваення абстрактных ідэй, але і пэўнай арыентацыі ўсіх пачуццяў асобы, якая звязвае сімвалы з досведам. Відавочна, што разумны выбар прадугледжвае наяўнасць пэўнага эталону: «Перавага адной пазіцыі над другой будзе заключацца... у тым, што з больш адэкватнай пазіцыі можна зразумець і сваю ўласную пазіцыю, і пазіцыю апанента, але не наадварот. Само самой зразумела, што гэтае сцвярджэнне тычыцца толькі тых, чыя пазіцыя больш бездакорная»22. Будучы далёкім ад маральнай ці інтэлектуальнай пагарды і ўвасабляючы старадаўнюю фундаментальную празорлівасць, яно проста сведчыць аб тым, што адзін погляд на рэчаіснасць з'яўляецца слушнейшым за іншы дзякуючы сваёй большай канцэптуальнай праніклівасці. Прыведзеныя цытаты падкрэсліваюць шчыльную ўзаемасувязь паміж этычнай і інтэлектуальнай дзейнасцю і ўздымаюць пытанне аб тым, чаму некаторыя даследчыкі лічаць патрэбным размежаванне «фактзмест»: таму што яны глыбока засвоілі гэты старадаўні і супрацьлеглы іхняму погляд, які ідзе ад класічнай і іудзейска-хрысціянскай традыцый, і палічылі, што ён непаўнавартасны, або таму, што, наадварот, не здолелі яго глыбока засвоіць.

Філасофія імкнецца да найбольш поўнага спасціжэння рэчаіснасці. Сучасная спроба раздзяліць «факты» і «змест» і звязаная з ёю тэндэнцыя станоўча прымаць толькі так званыя «эмпірычныя факты» ў якасці крыніцы дакладных ведаў з'яўляецца, няхай крыху смела будзе сказана, звужэннем інтэрпрэтацыі досведу. Найлепшым сродкам супраць экстравагантных сцвярджэнняў і дачаснай перакананасці ў пытаннях маралі з'яўляецца не адмова ад аналізу абгрунтаванасці таго, што лічыць маральным для чалавека, а больш дакладны аналіз маральнага досведу ў дачыненні да розных аспектаў жыцця.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: