Рын Клаэс Г.
Шрифт:
Тут, магчыма, неабходна яшчэ раз нагадаць, што прырода і напрамак маральнай улады сумлення — гэта не відавочнасць і відавочнасцю быць не можа. Этычнае сумленне нельга трактаваць як нейкі ўнутраны голас, які ёсць у кожнага чалавека і які механічна і недвухсэнсоўна падказвае пасіўна чакаючаму індывідууму маральную лінію паводзін у канкрэтнай сітуацыі. Этычнае сумленне ёсць пачуццё напрамку, якое набывае больш акрэсленую форму, г.зн. спалучаецца з канкрэтным спосабам жыцця, і выяўляе ўсё новыя бакі сваёй захапляючай прыроды толькі ў тым выпадку, калі чалавек актыўна імкнецца зрабіць гэтае пачуццё арыенцірам сваіх паводзін, што таксама робіцца часткай яго інтэлектуальнага, канцэптуальнага ўсведамлення рэчаіснасці. 3 другога боку, цалкам магчыма, што моцны наплыў жадання ці амбіцый ушчэнт заглушыць «і без таго слабы голас» этычнага сумлення ў чалавеку, які ў жыцці больш імкнецца да пачуццёвых уцех, надання выхаду сваім эмоцыям ці рацыянальнасці свайго шляху без усялякага этычнага натхнення. Нават калі прадстаўнік такой катэгорыі адчувае маральнае незадавальненне сваім жыццём, адносная адсутнасць этычна аформленых досведу і ведаў можа перашкодзіць яму ва ўсведамленні галоўнай прычыны такога незадавальнення. Прыроду этычнага сумлення немагчыма дакладна спасцігнуць у адрыве ад стылю жыцця, які ўжо вызначаны маральна і інтэлектуальна. Маральная віна можа быць належным чынам асэнсавана як такая толькі адносна гэтай сістэмы этычных і канцэптуальных каардынат. Гэтая сістэма ў пэўнай частцы з'яўляецца прадуктам традыцый, што ўвасабляюць доўгі працэс развіцця культуры. Іншымі словамі, прырода этычнага сумлення будзе ўспрымацца чалавекам, які адчувае маральную разгубленасць, вельмі недакладна і двухсэнсоўна. У найгоршым выпадку гэтая праблема маральна разгубленаму чалавеку будзе здавацца нават яшчэ больш складанай. Каб выйсці з такога стану, патрэбна не проста рашэнне «прыслухацца да сумлення», паколькі атычнае сумленне спасцігаецца чалавекам праз адпаведную арыентацыю волі і розуму. I хоць прысутнасць этычнага сумлення назіраецца ў шмат якіх культурах, яно спрадвеку існуе асобна ад спадчыны маральнай і інтэлектуальнай дысцыпліны. Да этычнай свядомасці неабходна ставіцца як да вянца дасягненняў усяго культурнага развіцця.
Рэальны досвед чалавека ў асэнсаванні этычнага сумлення як пачуцця забароны ці дазволу робіць непазбежнай яго несуб'ектывісцкую інтэрпрэтацыю. Па самой сваёй прыродзе маральная віна ёсць усведамленне ўчыненага гвалту ў адносінах да нормы, якая мае зусім не адвольны характар. Крыніца пачуцця віны была б поўнай Таямніцай, калі б парушаная норма сапраўды з'яўлялася суб'ектыўнай і ўсведамлялася чалавекам як суб'ектыўная. Катэгарычнасць рэлятывісцкіх ці нігілісцкіх поглядаў на сумленне сутыкаецца з той праблемай, што па меншай меры ў хвіліну адчування віны чалавек няздольны пераканаць сябе ў іх праўдзівасці. Віна адчуваецца, і адчуваецца яна менавіта як парушэнне святой мэты. На гэтых адчуваннях ніякім чынам не адаб'юцца магчымыя маральныя тлумачэнні дадзенага досведу, колькі б іх у далейшым не прагучала. Сцвярджэнне, быццам сумленне ёсць не больш чым кодавая назва пэўнай суб'ектыўнай з'явы, пакідае яго маральную ўладу нерастлумачанай.
Маральныя пагарда да самога сябе і палёгка дэманструюць дуалізм чалавечай асобы і існаванне сапраўднага людскога «я». Мы не проста забаўляемся словамі, калі гаворым пра сябе ў дуалістычнай манеры: «Я сам не свой», «Я здрадзіў свайму сумленню», «Я ўзяў сябе ў рукі». Згодна з пэўнай абстрактнай, фармальнай логікай «я» ў такім ужыванні ўтрымлівае відавочную супярэчлівасць і не ўяўляе ніякіх праблем па логіцы рэальнага самаўсведамлення чалавека. Мы — істоты ў дзвюх асобах адразу. Па словах Мора, «мы ўсведамляем сваю няўстойлівасць не праз унутраную гатоўнасць да самаабмежавання, як і гэтую гатоўнасць да самаабмежавання ўсведамляем не праз сваю няўстойлівасць, як і не ўсведамляем ні тое, ні іншае праз нейкі іншы элемент свайго быцця, а нейкім невытлумачальным чынам усведамляем абедзве гэтыя свае постаці адразу — мы ёсць і тое, і тое адначасова»9. У той жа час толькі самаабмежаванне можна лічыць уласцівым сапраўды чалавечаму «я».
Маральнасць прымушае чалавека зазірнуць далей за плынь зменлівых абставін. Дзякуючы этычнаму сумленню чалавек, хоць і з'яўляючыся абмежаванай істотай, тым не менш усведамляе сваё трансцэдэнтнае прызначэнне. Прыводзячы сваё жыццё ў адпаведнасць з вечнаю мэтай, ён узнаўляе ў гэтым свеце пэўную долю таго ладу, які лічыць сутнасцю жыцця. Мы павінны бліжэй разгледзець працэс прыўнясення ў канечны свет маральнага парадку. Якім чынам індывідуум пачынае ўдзельнічаць у здзяйсненні дабра?
Давайце паспрабуем сыходзіць з таго, што маральны выбар пачынаецца з хістання. Магчымасць альтэрнатыўнай схемы дзеянняў не ўсведамляецца чалавекам да таго часу, пакуль ён не пачынае сумнявацца ў правільнасці сваіх паводзін. Аднак да яго знянацку можа прыйсці адчуванне маральнай пагрозы з боку таго, што ён робіць ці збіраецца зрабіць. Дзейнасць, якая раней не выклікала аніякіх пытанняў, зараз прасякнута пачуццём маральнай няўпэўненасці. Перад чалавекам узнікае перашкода — трывожнае адчуванне таго, што ўчыненне запланаванага акту парушыць святы прынцып. Паміж тым, што ён плануе зрабіць і што зрабіць абавязаны, узнікае супрацьстаянне, якое выклікае паўзу ў плыні імпульсаў, што ўвасабляюць ягоны першапачатковы план. Замест плаўнага і бесперашкоднага здзяйснення плану чалавек застаецца з сумненнем. Прыпыненне знешненакіраваных імпульсаў дазваляе чалавеку ўважліва прааналізаваць і перагледзець свае намеры. Перад ім адкрываецца новая перспектыва, у святле якой ён можа разглядаць альтэрнатыўныя лініі дзеянняў. Асноўнай рысай унутранага маналогу, які вынікае з маральнага сумнення, з'яўляецца яго матываванасць, абумоўленая неабходнасцю імкнуцца да маральнай мэты. I тая перашкода, якая прымушае чалавека задумацца, зводзіцца да ўсведамлення беспаспяховага ўжывання ці ўвогуле адсутнасці гэтага матыву ў пачатковым плане чалавека.
Калі чалавеку, які імкнецца выкарыстаць дадзеную маральным сумненнем магчымасць, пашанцуе, то далейшыя яго дзеянні, у адрозненне ад ранейшых, будуць вызначацца ўжо не цэнзурным уплывам незадаволенасці. Ен адчуе палёгку. Яго перапоўніць новая рашучасць, вынікам якой з'явяцца ўчынкі. Тыя імпульсы, што ўвасабляюць новы план, адчуваюцца ім як адпаведныя яго сапраўднаму прызначэнню чалавека. Яго дзеянні носяць ужо не адвольны характар, яны скіраваны на вечныя арыенціры дабра.
Такім чынам, канкрэтны ўчынак ці план дзеянняў рэгулюецца пачуццём маральнага сумнення. Гэтай інтэрферэнцыі са знешненакіраванымі імпульсамі чалавека Бэбіт і Mop i далі назву «ўнутранага абмежавання», якое стварае кантраст паміж этычна неўпарадкаванай дзейнасцю і вышэйшым прызначэннем чалавека. Я б хацеў яшчэ раз падкрэсліць, што гэта прызначэнне ўспрымаецца чалавекам як «абмежаванне», «перашкода» ці «адмаўленне». Гэтыя тэрміны дэманструюць, што этычнае сумленне — не адзін сярод шматлікіх рухавікоў, які, здараецца, бярэ верх над супрацьлеглымі імпульсамі. Этычны загад нельга тлумачыць як самарэгуляванне на ўзроўні імпульсаў. Спроба такога тлумачэння прывядзе да адкрыта нездавальняючага ўяўлення аб інстынктыўнасці паводзін, якая адмаўляе такі факт рэчаіснасці, як наяўнасць у людзей свядомых намераў. Этычнае сумленне ёсць інтэрферэнцью «ўплыву звонку» са станоўчай чалавечай энергіяй. Яно можа даваць загад на дзеянні, таму што вышэй за любое з іх і, належачы да вобласці бясконцага, успрымаецца чалавекам адносна неабмежаванай разнастайнасці канечных ідэй і жаданняў як прынцып устрыманасці ці цэнзуры; яно патрабуе не мноства недасканалых людскіх учынкаў, а ўдасканалення этычнай мэтанакіраванасці шляхам упарадкавання гэтага мноства.
Няма большай спакусы, чым вера, быццам людскія намеры ўтрымліваюць боскі загад. Маральныя тэорыі, згодна якім спантанныя жаданні чалавека ёсць голас Божы, удвая прывабныя тым, што цешаць індывідуума і вызваляюць яго ад неабходнасці напружваць волю. Сэнс не толькі ў тым, што этычнае сумленне нельга атаясамліваць з імпульсамі. Сумніўна, што яго можна атаясамліваць нават са станоўчымі людскімі намерамі. Людскія ўчынкі і планы канечныя, а этычнае сумленне ёсць адлюстраванне вечнай волі. 3 гэтай прычыны нельга сцвярджаць, апроч як ў асаблівым сэнсе, што этычнае сумленне дае канкрэтныя загады. Чалавек, які лічыць, што ў тым ці іншым выпадку ім рухае станоўчы загад, павінен памятаць, што нават калі матыў учынку адпавядае этычнаму сумленню, дзеянні людзей увогуле далёкія ад дасканаласці. Высокае «я» чалавека разварочвае яго ў напрамку маральнага прызначэння, але не гарантуе яго здзяйснення. Этычнае сумленне дае нам усведамленне таго, што мы не маем права дзейнічаць адвольна, імкнуцца здзейсніць уласныя своекарыслівыя інтарэсы ці інтарэсы груповак, да якіх належым, а замест гэтага павінны дзейнічаць маральна, у адпаведнасці з усеагульнымі прынцыпамі дабра, якія вышэй за спецыфічныя жаданні. Этычнае сумленне чакае ад нас скіраванасці кожнага ўчынку на ажыццяўленне гэтай мэты. Аднак этычны лад паводзін не паўстае перад намі ў выглядзе канкрэтных, дэталёвых прадпісанняў для дадзеных абставін. Вызначэнне таго, што ёсць маральнае, а што — не, у канкрэтнай сітуацыі, можа вымагаць істотных разважанняў. Нават калі чалавека сапраўды натхняе матыў маральнасці ўчынкаў, яго лепшыя імкненні могуць застацца нерэалізаванымі, паколькі планаванне і паспяховае здзяйсненне ўчынку патрабуе прагматычнага разліку і разумення абставін у дадатак да наяўнасці матывацыйнага прынцыпу. Як казаў Арыстоцель, «адной дабрадзейнасці недастаткова; павінна мецца здольнасць ператварыць яе ў дзеянні»11. Якім бы праніклівым ні быў розум чалавек і вялікімі — яго веды, ён ніколі не зможа з упэўненасцю прадбачыць наступствы сваіх учынкаў. Дасягненне нават малога поспеху ў вызначэнні маральнай лініі паводзін вымагае не толькі высакароднага матыву, але таксама мудрасці і абачлівасці ў дачыненні да мэтаў і сродкаў.
Строга кажучы, этычнае сумленне толькі раскрывае той духоўны напрамак, у якім павінны скіроўвацца нашыя ментальныя і фізічныя намаганні. Кодэкс маральных паводзін быў ужо створаны людзьмі пад яго ўплывам. Але гэта не аэначае, што крытэрый маральнасці носіць суб'ектыўны характар. Этычнае сумленне заўсёды вымагае такой лініі дзеянняў, якая найбольш спрыяе дабрадзейнасці, і прымушае чалавека імкнуцца яе прытрымлівацца, пакідаючы яму права вызначаць яе форму ў канкрэтным выпадку.
Сутнасць этычнага сумлення не зводзіцца выключна да цэнзуры, бо яно б тады вымагала аскетызму і нават смерці, адмаўляючы, такім чынам, чалавечае жыццё. Як ужо адзначалася, этычнае сумленне ўспрымаецца чалавекам і як пачуццё духоўнай мэты і далёка не заўсёды адыгрывае ролю абмежавання імпульсаў. Маўчанне этычнага сумлення быццам ухваляе тыя ці іншыя дзеянні. Адчутае індывідуумам спачатку як сумненне ў маральнасці яго ўчынкаў і пагроза яго вышэйшаму прызначэнню чалавека, этычнае сумленне можа ў далейшым, пры вызначэнні альтэрнатыўнага шляху, скасаваць сваю забарону. Так іншым чынам можна апісаць пэўны дырэктыўны характар этычнага сумлення. I запланаванае дзеянне, і яго прадбачаныя наступствы адчуваюцца як прымаючыя ўдзел у маральным прызначэнні чалавека. Як бы там ні было, а імпульсы карыстаюцца маўклівай падтрымкай лепшага боку чалавечай натуры. Менавіта ў гэтым асаблівым сэнсе, і толькі ў выпадку ўсведамлення таго, што дзеянне не абавязкова вядзе да жаданага выніку, робіцца дапушчальным сцвярджэнне аб «загадным» характары этычнага сумлення ў адносінах да пэўных учынкаў. Разуменне маральнага загаду павінна спалучацца з асэнсаваннем таго, што этычнае сумленне ёсць таксама тое, што стрымлівае дачасную перакананасць чалавека ў маральнасці тых ці іншых ягоных дзеянняў12.