Вход/Регистрация
Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій
вернуться

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

– - Удвох прамінаць жыццё хутчэй, а калі ёсць дзеці, дык яго нават не хапае, каб перарабіць усе справы,-- кажа яна.

– - Можа яно і так,-- пагаджаецца ён і высоўваецца з-пад коўдры, каб адхінуць фіранку ды зазірнуць у вочы халоднай беспрытульнасці.

Аднойчы ён адшукаў рыдлёўку і спыніўся ля гурбы ламачча, скіданай на падворку з кавалкаў дошак, шыферу, бітай цэглы і ўсялякага такога іншага…

Недзе тут была студня, якую ў сваю пару выкапаў яго бацька.

Вясна толькі пачыналася і са споду друз быў прыхоплены лёдам.

Затое ў мяне будзе свая вада і сюды будзе хадзіць за вадой жанчына,-- суцешыў сябе чалавек, каб не шкадаваць поту.

Выслабаніўшы ад непатрэбшчыны верхнюю кадку, ён апрастаў святлу шлях і зазірнуў у тхло прадоння.

Дно студні было забруджанае розным смеццем, паўзверх якога выцягнуўся мёртвы шчур.

– - Ну як ты там?—запытаўся чалавек у студні.

– - Гібею!—рэхам, даўжынёй у пятнаццаць кадак, адгукнулася студня.

– - Пачакай трохі, пацяплее і я выкіну бруд.

– - А ты не забудзешся?

– - Калі запынюся тут, дык не забудуся.

– - На халеру табе кудысьці цягнуцца. Хіба дзе знойдзеш саладзейшую ваду?

Ён нічога не адказаў. Усцягнуў дубовую накрыўку на кадку, але і праз накрыўку пачуў:

– - Глядзі, ты абяцаўся.

Абяцанкі цацанкі, а дурню радасць, раптам са злосцю падумаў ён і адкінуў ў бок рыдлёўку.

У дарозе ён прызвычаіўся быць нікому не патрэбным і пакрысе навучыўся жыць, каб і яму ніхто не быў патрэбны. А тут на яго кідаліся з усіх бакоў, як сабакі на голую лытку. І яму зайздросна ўспомнілася воля, зорная адзінота і яшчэ нешта, што не мела зграбнага слова, але было самым істотным у таямнічым пакліканні шляху. Той, хто збірае пыл дарог, ведае, што гэта такое.

Дарогі падсохлі і аднойчы на золку ў адтуліну замка знаёмым посвістам паклікаў вецер. Чалавек ўхапіўся за голае плячо жанчыны.

Тады вецер нахабна паляпаў у шыбу.

– - Сціхні, прыблуда. Людзей пабудзіш,-- злосна цыкнула вакно.

Але хіба слова ўтаймуе вецер?

– - Фіранкі хай застануцца,-- папрасіў ён жанчыну, апрануўся і выйшаў на падворак.

– - Вецер свішча, камні маўчаць. Хто з табой будзе размаўляць?—запытаўся ганак.

– - Ты абяцаўся,-- папракнула студня.

Ён зайшоў у хлеў.

– - Пайду,-- сказаў варштату.

– - Хада – гэта не работа,-- паўтарыўся варштат.

На кухні, куды ён вярнуўся, каб прысесці на дарогу, жанчына сказала:

– - Вецер умее задзіраць спадніцы дзяўчатам, але ці атуліць ён цябе на ноч?

– - Навошта табе глытаць пыл?
– - ужо на вуліцы запытаўся сусед.-- Сядай у вазок і паляцім разам. А на вячэру вернемся да хаты.

– - Сапраўды,-- падахвоціла жанчына.—Я нараблю галушак.

Мужчына даслухаў і выйшаў за брамку. Аднак далей ногі пачалі блытацца. Ён азірнуўся і ўбачыў, як цень ушчаперыўся ў штыкеціну.

– - А табе якая справа?!-- гыркнуў ён і пайшоў шпарчэй.

Цень выцягнуўся ляйчынай і яшчэ нейкі час марудзіў хаду, але потым у сярэдзіне пэнкнуў -- і чалавек зваліўся тварам у першы веснавы пыл.

Ён хварэў нейкі час на беспрытомнасць і жанчына даглядала яго, як скінутае бурай птушаня. Яна брала ў рукі шытво і днямі сядзела каля ложка. І анёлкі былі тут. Спачатку яны палохаліся чужога жытла і туліліся да яе ног, але потым абвыкліся і часам ладзілі такі вэрхал, што жанчыне даводзілася кідаць працу, каб супакоіць неслухаў.

Праз нейкі тыдзень ён акрыяў, адшукаў рыдлёўку і пайшоў у сад. Следам пацягнулася валацужная зграя схуднелых за зіму катоў.

Бралася на ноч. Чорны шацёр неба ў адным месцы прахудзіўся і вецер зацыраваў дзірку поўняй.

Не было аніякага спеху і ён мог адкласці справу, але яму гэтак закарцела. Той, каго выхавала адзінота, шануе сваю парыванні.

Пад каштэляй ён спыніўся і ўтыркнуў рыдлёўку ў дзірван.

Каты паўскоквалі на рэшткі гнілога плота і пакрыўджана завуркаталі. Як толькі ён перарушыў акопваць суседняе дрэва, яны адштурхнуліся ад плота і паляцелі некуды ў бок поўні… А насустрач ім кіраваў вазок.

– - Я знайшоў яе, -- крыкнуў сусед і святочна азірнуўся на жонку. Нябожчыца паняй сядзела за яго спіной і сарамліва торгала рагі чорнай хусткі.-- Хай трохі пабудзе, а потым назад вярну.

Сусед, акрэсліўшы круг над вуліцай, прыстаў на свой падворак, а ён яшчэ доўга туліўся пад дрэвам, стомлена абапіраючыся на рыдлёўку. Затым прысланіў яе да галамня і натружана пасунуўся ў бок хаты.

Над комінам хістаўся бялёсы дым, у вокнах гарэла святло і на фіранках адбіваўся цень жанчыны, якая чакала яго вячэраць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: