Вход/Регистрация
Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій
вернуться

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Паразумецца чалавеку з чалавекам можна на якой заўгодна мове, а вось супрацьстаяць гвалту магчыма адно на мове таго краю, у якім цябе гвалтуюць. І таму цалкам натуральна, што ў супраціве размаіты натоўп галосіць па-беларуску. Але хто б мне сказаў, чаму ён енчыць менавіта “Ганьба”? Ці мала ў нашай мове цяжкіх словаў, якімі добра кідацца замест камянёў?

Можа таму гэтае слова першым патрапляе пад руку, што мы яго заўсёды маем “за пазухай”?.. Ганьба за папраную долю і пабраны край цяжкім каменем ляжыць на сэрцы кожнага, хто адважыўся на супраціў. І нам няма патрэбы нагінацца і шукаць камяні пад нагамі, мы іх проста бярэм з крушні свайго сэрца і шпурляем у шыхты, што перагарадзілі нам шлях ад сораму ў сабе да гонару за сябе…

Дарэчы, неяк мой бацька, сказаў:

– - Сорам яшчэ нікому вочы не выеў, а з вялікага гонару ўжо не адзін рызыкант на шыбеніцы язык высалапіў.

Так то яно так, мой абачлівы і мудры бацька, але колькі можна трываць гэты цяжар на сэрцы, імя якому – “Ганьба”?!

Прыпынак

На прыпынку ля жытла ці працы гарадскі чалавек бывае часцей, чым дзе-кольвек яшчэ, акрамя жытла ці працы. З гэтага бліжэйшы прыпынак абжываецца як свой уласны і неўпрыкмет становіцца своеасаблівай прыватнай тэррыторыяй. І хаця на прыпынку зазвычай шмат людзей, аднак кожны з іх тут застаецца сам-насам, быццам на бязлюднай выспе…

Між іншым, нідзе яшчэ, акрамя як на прыпынку, урбанізаваны чалавек не бачыць штодня незашклёнае неба, дыхае хай і засмуроджаным, але не працэджаным форткамі паветрам, цешыць вока зяленівам травы, а слых – шапаценнем лістоты. Толькі тут, на прыпынку, ён хоць на момант далучаецца да адкрытай прасторы сусвету, ад якога ва ўсе астатнія часы яго адсланяюць тунэлі і катухі тэхнакратычнай цывілізацыі.

Але ў сярэдзіне дзевяностых прыпынак займеў яшчэ адну, на гэты раз цалкам адмоўную ролю… Не ведаю, як у іншых гарадах Беларусі, але ў Мінску шмат каго з актыўных удзельнікаў апазіцыйных мітынгаў і шэсцяў так званыя “людзі у цывільным” хапалі менавіта на прыпынках альбо паблізу іх. Можа гэтак адбывалася менавіта таму, што нідзе чалавек надалей не адасоблены ад людзей, нідзе ён настолькі не адзінотны, як на прыпынку?

Неяк пасля “гарачай вясны” дзевяноста шостага года я міжволі прыслухаўся да размовы двух хлопцаў, бо яны сумоўнічалі па-беларуску.

– - Дык кажаш на якім прыпынку цябе хапанулі?—запытаўся адзін.

– - На Чырвонаармейскім,-- адказаў другі і ў сваю чаргу пацікавіўся:

– - А цябе?

– - Аж на Варвашэні.

Да слова, гэтая размова адбывалася таксама на прыпынку каля станцыі метро “Усход” і я, пакуль падыходзіў тралейбус, паспеў падумаць:”Для многіх людзей майго пакалення той ці іншы прыпынак назаўжды застаўся ў памяці як месца першай сустрэчы з каханай дзяўчынай, а гэтыя хлопцы ўжо ніколі не забудуць ні прыпынак Чырвонаармейскі, ні – Варвашэні, бо тут іх, відаць упершыню, зняволілі за любоў да Бацькаўшчыны”.

Алергія

Некалі ў мяне быў сябар, карачаевец Махці. Сталін выселіў яго народ у Казахстан, дзе Махці нарадзіўся і асталеў сярод стэпавых прастораў. Калі карачаеўцам было дазволена вярнуцца на радзіму, хлопец не змог там застацца з суайчыннікамі, бо сярод гораў і далінаў пакутаваў на алергію.

У мяне алергія на Бацькаўшчыну, -- неяк з сорамам прызнаўся Махці

Я кожны раз згадваю свайго даўняга сябра, калі бачу, як блага робіцца якому чалавеку ад пачутага беларускага слова, ад пабачанага бел-чырвона-белага сцяга ці герба “Пагоня”. Я гляджу, як ён смыкае вуснамі, шчэрыць зубы, курчыцца целам і з жалем думаю: гэты чалавек хворы. У яго алергія на Бацькаўшчыну, як у Махці. Бо хаця гэты чалавек, пэўна, і не пакідаў роднага котлішча, але некалькі яго народ прымусова выселілі ў Расейскую імперыю, дзе ён нарадзіўся і вырас. А калі яму было дазволена вярнуцца на гістарычную радзіму, дык тут ён адчуў сябе блага. Без дай прычыны яго пачало няможыць, курчыць, ліхаманіць, і аднойчы ён зразумеў, што гэтая немач ад сустрэчы з Бацькаўшчынай – і ўзнелюбіў усё роднае.

Хворы на алергію варты жалю не менш, чым які іншы хворы. І было б залішне жорстка ганіць чалавека за нянавісць да беларушчыны, калі яна чыніць яму адныя пакуты. Таму я зусім не маю намеру кагосьці ўпікаць, а тым болей – абражаць. Мяне ў гісторыі гэтай адмысловай немачы хвалюе іншае…

Калі Махці казаў пра сваю хваробу, то ягоныя вочы вільгацелі сорамам… А чаму тады ў нашых людзей, якія маюць алергію на бацькаўшчыну, яны палаюць ненавісцю?

Самота

Наўрад ці ў якой яшчэ мове слова “ самота” мае столькі ж, як і ў нас, сінонімаў альбо проста падобных па сэнсу словаў: сум, нуда, жаль, роспач, маркота, скруха, паныласць, смутак, жальба, нэндза, шкадоба, ростань, туга… І гэта толькі тое, што згадалася адразу, а колькі засталося. Вось яшчэ адно: вусціш – той гранічны стан бязмежнай самоты, калі сэрца чалавека раптам працінае жах смерці і небыцця.

Магчыма я і перабольшваю, але часам мне здаецца, што і ўсе астатнія нашыя словы – самотныя…

Долю мы выбіраем самі – лёс нам наканаваны мовай. Мы не можам быць іншымі ад таго, чым ёсць наша мова. І як бы калі шчасна не склалася для Беларусі гульня гістарычных падзеяў і на які б заможны лад аднойчы не ўпарадкаваўся наш дабрабыт, мы, бадай, назаўжды застанемся самотным народам.

Дарэчы, калі хтосьці старонні пытае, чаму гэта беларусы цураюцца роднае мовы, з чаго яны на злом галавы кідаюцца ад яе у хоць якую іншую, то я зазвычай удакладняю: яны не ад мовы ўцякаюць, а ад таго лёсу, што наканаваны ім мовай.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: