Вход/Регистрация
Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій
вернуться

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

У сувязі з навуковымі і не надта навуковымі тэарэтызаваннямі на тэму аб’яднання двух братніх народаў ( мне гэта нагадвае аб’яднанне ўдава з кролікам), успомнім колькі словаў старэйшага з братоў Кірэеўскіх: “Некаторыя думаюць, што пазнейшае засваенне іншаземнай адукацыі можа з часам перастварыць усяго рускага чалавека... Ці патрэбна абвяргаць падобныя меркаванні. Зніштожыць адметнасці разумовага жыцця народа гэтак жа немагчыма, як немагчыма зніштожыць яго гісторыю. Падмяніць літаратурнымі тэрмінамі перакананні народа не прасцей, чым адцягненай думкай перасунуць косці маладога арганізма”.

Тое самае можна сказаць і пра беларусаў у праекцыі на вайну культураў. Толькі тут яшчэ трэба дадаць, што немагчыма і “перасунуць” беларусаў з Еўропы на сёмы мацярык - у Расею. Можна было на нейкі час адлучыць іх ад “гістарычнай бацькаўшчыны”, аднак рана ці позна павінен быў настаць час вяртання. І тут не лішне будзе падкрэсліць, што вяртанне да еўрапейскіх сацыяльных, інтэлектуальных ды культурных каштоўнасцяў не ёсць для беларусаў модай, геапалітычным свавольствам ці часовай прыхамаццю. І збочваць у бок Еўропы беларусы будуць не таму, што там вальней і абаранкі задарма даюць, а таму, што там “карэнныя перакананні народа”, нават калі сам народ “у сілу гістарычных абставінаў” забыўся на гэта.

Вяртанне Беларусі ў Еўропу - гэта шлях, ад якога “мы не маем права адмовіцца” і ад якога “мы не здолелі б адмовіцца, нават каб гэтага захацелі”.

Расея наш фатум, але не наш кон. Пра фатальную ролю Рсеі ў лёсе Беларусі ўжо даволі казалася вышэй. Аднак Расеяй мы толькі спутаныя, а зацугляныя Еўропай. Усім сваім целам мы ўпісаныя ў прасторавую фігуру Еўропы, больш за тое, у сваю пару (Вялікае княства Літоўскае, Рэч Паспалітая) продкі беларусаў былі не апошнім стваральным чыннікам гэтай фігуры і яе цывілізатарскім фарпостам ў славянскім свеце. І хаця пазней гэты “фарпост” лязом расейскай экспансіі на Захад быў адсечаны ад свайго вялікага цэлага, яго натуральнае месца заўсёды застаецца за ім. І менавіта згаданым фактарам найперш абумоўлена тое, што нават больш чым два стагоддзі каланізацыі, русіфікацыі і мэтаскіраванай асіміляцыі не далі рады з гэтай зачараванай на ўласную ролю прасторай, якая сёння зноў патрабуе сабе статуса суб’екта еўрапейскай гісторыі.

Вось чаму наастачу тэмы я зноў хацеў бы паўтарыць: Расея наш фатум, але не кон.

Крывавы блеф

Нацыя, як “уяўная супольнасць”, набывае сваю рэальнасць толькі ў міфах і адно праз міфы. Калі заўгодна, Нацыя - гэта нішто іншае, як міф пра Нацыю.

Савецкая партызанка (па афіцыйных звестках - звыш 440 тысячаў партызанаў і падпольшчыкаў) - першы агульнанацыянальны міф беларусаў. Значнасць гэтай падзеі цяжка перабольшыць. Але разумеючы ўсю каштоўнасць згаданага міфу для нацыяўтваральных працэсаў, далей мы паспрабуем дэканструяваць Вялікае паданне пра мужны і гераічны беларускі народ, якое шматлікімі дзесяцігоддзямі фармавала магутная ідэалагічная машына камуністычнай імперыі. І дэканструяваць не дзеля забаўкі, маўляў, што там зпадысподу, а каб не таясаміць міжсобку міф і тую рэальнасць, на якой ён паўстаў.

Як гэта ні дзіўна, аднак ў праблеме беларускай “партызанкі” звычайна застаюцца ў баку ці ўзгадваюцца толькі ўскосна самыя прынцыповыя пытанні гэтай падзеі і найперш наступнае: масавы партызанскі рух на Беларусі - штучна створаны прэцэдэнт ці натуральна абумоўлены факт? Паколькі гэтае пытанне ўтрымлівае ў сабе шмат аспектаў, паспрабуем вылучыць у ім аснову. Нашыя вясковыя дзядзькі самахоць пацягнуліся ў лясы, ці наўмысна створаная сітуацыя справакавала іх хавацца ў гушчары і часам хапацца за стрэльбы? І яшчэ больш канкрэтна: партызанская вайна была нязмушаным памкненнем вольналюбівых і мужных беларусаў да вызвалення ад акупацыі ці такі выраз ёй надалі з пэўных ідэалагічных патрэбаў.

На пачатак паспрабуем давесці, што ідэя змагання з нямецка-фашыстоўскімі акупантамі ўвогуле не-беларускага паходжання, бо ў праекцыі на беларусаў яна не мае гістарычна падцверджанага генезісу, прынамсі, ужо не мела яго на той час, паколькі традыцыя вайны з іншаземцамі была перапыненая ў апакаліптычных войнах з Масковіяй другой паловы ХУII стагоддзя (“крывавы патоп”). Яе пазнейшая як бы наяўнасць у фактах і лічбах спланаваная звычайным ідэалагічным (рамантычным) памкненнем вылучыць гераічную плынь у бытаванні беларускага народа і тым самым гераізаваць увесь народ. Паасобным фактам 1794, 1830, 1863 гадоў, паўсталых на парэштках традыцыі шляхетскай вольнасці, надаецца значэнне ўстойлівай тэндэнцыі, што і “сацыялагічна” і “агіяграфічна” ніяк не адпавядае агулу рэальнасці на тую пару ўжо спрэс плебейскай беларускай нацыі.

Гераічнай бывае асоба, народ прынцыпова не-гераічны. Масавы збройны гераізм народа - аксюмарон. Калі б гэтая з’ява існавала папраўдзе, а не была толькі рытарычнай фігурай ідэалагічнага начыння, дык народы ўжо даўно павыбівалі б адзін аднаго ўшчэнт. Масавы гераізм з’ява больш небяспечная, чым адсутнасць гераізма ўвогуле. Кожная праява масавага гераізму павінна разглядацца як сімптом смяртэльнай хваробы, за якой страта народам важнейшага з інстынктаў - інстынкту самазахавання.

Невыпадкова ў мове беларускага народа няма слова, якое акрэслівала б гэтую тэндэнцыю, а кніжнае, з ідэалагічнай лексікі, “герой” у жывым вымаўленні беларусаў гучыць няйнакш, як іранічна.

Няма слова - няма і з’явы. У лакальным змесце падобнае сцвярджэнне мусіць успрымацца як спрошчанае ці авантурнае. Але калі мы азіраем шырокі гістарычны прасцяг і, вызначыўшы ў ім нейкую натуральна абумоўленую заканамернасць, не можам ёй падшукаць адпаведнага слова ў мове народа, дык ў нас з’яўляюцца сур’ёзныя падставы запытацца: а ці быў хлопчык?

Яшчэ да апошняга падзелу Рэчы Паспалітай, вынішчаная войнамі з Масковіяй, Беларусь была ўжо ў нейкай ступені “акупаваная” Польшчай. А далей пацягнулася эра перманентнай акупацыі: шведы, французы, немцы, палякі, зноў немцы, а на пачатку, у прамежку і потым - расейцы, расейцы, расейцы. Паднявольны стан, стан акупацыі зрабіўся натуральным для беларусаў, і з цягам часу яны прызвычаіліся да чужыннага гнёту, як да ціску атмасферы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: