Акудовіч Валянцін
Шрифт:
Мінск – горад не толькі без душы, але і без сэрца. На пытанне, дзе тухкае сэрца Мінска, магчымы толькі адзін адказ:
– - Ува мне.
Мінск – гэта “я”. Так мусіць сказаць кожны тутэйшы месціч, нават калі яго абражае ўсялякая праява эгацэнтрызму. Без гэтага “я” Мінск – пустэльня, выпаленае ляда, выган на ўскрайку зніклага селішча...
Сэнс Мінска запачаткаваны на маім жаданні быць тут, ягонае пакліканне абумоўленае ўсяго магчымасцю атуліць мяне ад скразнякоў бязмежжа. Я цягаю яго на сабе, як чарапаха панцыр, а калі памру, Мінск закапаюць побач, бо без мяне невядома дзеля чаго яму заставацца.
Наперадзе зазначалася, што Мінск амаль немагчыма любіць, -- але можна вельмі моцна ўпадабаць Мінск за яго далікатную адсутнасць у тваіх інтымных стасунках з быццём.
Горад, якога няма, вызваляе ад татальнасці сваёй улады. Ён не вабіць міфамі, не пярэчыць традыцыямі, не спакушае вабнотамі, не прымушае ідэалагемамі, не забараняе забабонамі, не абцяжарвае філасафемамі, не абавязвае мэтамі. Ён пакідае цябе сам-насам, і табе тут нічога не застаецца, як толькі любіць самога сябе. У Мінску немагчыма не любіць сябе, бо ў гэтым горадзе нідзе няма нічога іншага, апроч тваёй адзіноты, якая ахайна адстаўляе табе каўнер на шпацыры і пяшчотна лашчыць пад покрывам ночы.
Той, хто не трывае адзіноты, кідаецца адсюль у Кракаў, Маскву, Парыж, Вільню – туды, дзе з чалавекам заўсёды побач горад, як выбаўленне ад панылай волі, як падстава для бясконцага дыялогу, як другі, які ведае адказ на кожнае тваё запытанне, калі ты здолееш яго выразна сфармуляваць.
У Мінску няма каго пытацца, бо Мінск – горад для аднаго; тут кожны побач – прыкрая недарэчнасць. Пэўна, з гэтай прычыны замест дыялогу тут ужываюць маналог, сэнс якога вярэдзіцца вакол апошняга: навошта я сам сабе патрэбны? І ці патрэбны ўвогуле?
Горад, якога няма, і чалавек, які ніяк не знойдзе сябе, суіснуюць на паверхні Мінска ў задзіночанні віртуальных магчымасцяў, што маюць шанец рэалізавацца адно ў кантынуўме ідэальнага, які мы досыць умоўна пазначым як “Мінск без мяне”...
Рэч у тым, што акрамя Мінска, які знаходзіць сябе ў маім намеры валэндацца па жарсцве ягонай паверхні, ёсць яшчэ Мінск без мяне, Мінск, як ідэя Мінска, якая тысячу гадоў валацугам блукала па селішчах, спрабуючы настала атабарыцца ў самых розных гістарычных акалічнасцях.
Мабыць, апошняе вымагае невялікага тлумачэння. Ідэя Мінска – гэта спрадвечная мара логатопу нашага краю аб выяўленым значэнні самога сябе, калі ў быційных праявах сфармулюецца і ўвасобіцца ідэальнае адлюстраванне таго сакральнага сэнсу, з якога ўзнікла наканаванне гэтай прасторы. Але сама па сабе прастора можа адно ўтрымліваць і гадаваць ідэал, а каб ён бачна паўстаў над быційнай роўнядздзю, патрэбны цэнтар (у іншай тэрміналогіі – сталіца), які б паклаўся на пачатак узросту парадыгмы значэння.
Блуканне ідэі Мінска – гэта намацванне этнанацыянальнай прасторай свайго цэнтра, росшукі сэнсатворнай сярэдзіны самой сябе, таго месца, дзе як адбітак умомант зніклага сакральнага віхру будзе несупынна кружляць вір гістарычнага быцця.
Наўрад ці хто даведаецца, скуль пачаўся шлях ідэі Мінска, але летапісна ён перадусім быў занатаваны лёсам Рагнеды. Збудаваны для яе сына горадзень Ізяслаў быў ці ня першай бачнай нам спробай вылучыць акраец быційнага значэння трансцэндэнтнай задумы.
Князь Ізяслаў пакінуў месту сваё імя і вярнуўся на айчыну маці, каб у Полацку трымаць далей дынастыю Рагвалодавічаў. Аднак ужо ягоны ўнук, шалёны Усяслаў, будзе шукаць няўважна страчанае дзедам, гойсаючы па абшарах свету ад Тмутаракані да Дудутак.
Не розумам, дык чуйным звярыным нутром Усяслаў здагадваўся: ні княскі пасад, ні нават Сафійка не дапамогуць Полацку стаць тым месцам, дзе можа быць ускрыленай ідэя Мінска; і зноў, і зноў кідаўся шукаць патрэбу. “Усяслаў... на кані паімчаў да горада Кіева і даткнуўся дзідаю да кіеўскага залатога пасаду. Ад іх скочыў зверам дзікім. Апоўначы з Белграда ахутаўся сіняй імглой, а на раніцу, узняўшыся, браму стракалам адчыніў Ноўгараду, разбіў Яраслаўлеву славу і скочыў ваўком да Нямігі з Дудутак”.
Нечалавечая відушча Ўсяслава урэшце вызначыла каардынаты Нямігі... але, падобна, не ў той дзень, не ў той час прыскакаў ён на гэтыя берагі. Не было яму калі агледзіцца, прыслухацца, сокалам шнырнуць у астральныя нябёсы, кратом абмацаць трывалішчы катакомбныя, каб пераканацца – тут... Трэба было адразу кроў праліваць. “На Нямізе снапы сцелюць галовамі, малоцяць снапами сталёвымі, жыццё кладуць на таку, душу веюць ад цела. Нямігі крывавыя берагі не дабром былі засеяны, засеяны былі касцямі сыноў рускіх».