Акудовіч Валянцін
Шрифт:
Вялікая кроў заўсёды значыла пра невыпадковасць, абранасць таго месца, дзе яна пралілася. Толькі не прамінем іншага: берагі Нямігі «не дабром былі засеяны, засеяны былі касцямі…». Ці не гэтая крывавая багна, ці не гэты буралом касцей на шмат стагоддзяў сталіся патаемнай прычынаю забароны, рашучага табу на здзяйсненне ідэі Мінска там, дзе ёй было наканавана калісьці здзейсніцца?
Увогуле я скептычна стаўлюся да містыкі і таму не маю намеру разгортваць гэтую, выпадковую тут тэзу. Аднак, разам з тым, не магу зусім пазбегнуць думкі аб нейкай іррацыянальнасці таго, што далей будзе адбывацца з Мінскам: на працягу стагоддзяў у ягонай ролі паспрабуюць сябе не толькі Полацак, Наваградак, Гродна, Вільня… і толькі Мінск не выкажа аніякай ахвоты пачуць голас наканавання, што гучаў побач. Мінск стаіўся ў марудзе штодзённых турботаў, і нават статус губернскага горада Расейскай імперыі ня вызваліў яго ад звыклай перасцярогі да магчымасці незнарок вытыркнуцца з роўні звычаёвасці. Ужо ў ХХ стагоддзі, калі яму відавочна не было куды падзецца ад абавязку вызначыць інтэграл беларускага шляху, ён паспрабаваў ухіліцца гэтай мітрэнгі на карысць Вільні, Смаленска, Віцебска і нават Магілёва (дзе на запас быў збудаваны яшчэ адзін Дом Ураду).
Такое ўпартае не-хаценне магло б сведчыць пра неадпаведнасць места той місіі, што на яго ўскладаецца, каб не ўвесь папярэдні гістарычны досвед, які люструе марнасць намаганняў іншых вылучыцца ў гэтай якасці. Здаецца, пытанне паўстала рубам: альбо Мінск, альбо -- ніхто.
Няўдалыя спробы каго б там ні было раней спраўдзіць ідэю Мінска, пэўна, можна растлумачыць на грунце розных падставаў: містычнай (наканаванне), гістарычнай (логіка падзеяў), дыялектычнай (перманентнае адпрэчванне), адной з культуралагічных (смерць пасіянарнасці) і другой – (смерць культуры), а да таго ж эканамічнай, палітычнай і г.д. Запрапануем у суплёт да іх версію белітрыстычна-геаграфічную. Полацак, Вільня, Смаленск... не маглі настала замацавацца ў якасці “легітымнага” прадстаўніка гэтай прасторы таму, што адбываліся на перыметры этнаграфічнага дыскурса; яны намагаліся стацца цэнтрам, уладкаваўшы сабе месцішча на мяжы, ускрай абшару жыццядзейнасці этнасу. З чаго замест гарманізацыі той прасторы, ад імя якой яны выступалі, атрымлівалася яе дэфармацыя, сцягванне цэнтра з належнага яму месца на перыферыю, амаль у замежжа. Таму, натуральна, цягам бытавання яны выяўлялі не экзістэнцыю парыналежнага да іх абшару, а морак нічыйнай мяжы.
Па вялікаму рахунку раней наш край ніколі не меў цэнтра (сталіцы). Тыя месцы, што ім пазначаліся, сутнасна, ды і з-местам, амаль не сягалі за меру намінатыўнага, аб чым, акрамя ўсяго іншага, сведчыць надзвычай важкая роля беларускага мястэчка у кожную гістарычную пару. Феномен беларускага мястэчка пэўна і тлумачыцца тым, што ў нас мястэчку даводзілася браць да выканання многія функцыі, якія ў іншых краінах звычайна выконвае “цэнтар”.
Найбольш паглядна аблуду намінатыўнасці люструе Вільня – горад-падман, горад-пастка, фатальны горад з яшчэ, здаецца, напоўніцу не вычарпанаю для беларусаў згубаю.
Вільня стагоддзямі дражніла нас надзеяй, што яна можа быць для нас Мінскам, і мы ўва ўсе тыя стагоддзі, забыўшыся на іншыя магчымасці, ляцелі на святло яе ліхтароў – і натыкаліся на нябачную перашкоду... а тыя, хто не адступаўся перашкоды, як Каліноўскі ці Аляхновіч, абпальвалі тут крылы і ападалі мёртвымі на дол.
“О, Вільня, крывіцкая Мекка! Ці варта прарока ты стрэць?” – сумняваўся паэт. Але вядома, што рытарычнае пытанне – гэта форма адказу на зусім не рытарычнае пытанне: дзе Медына, а дзе Мекка?
Вільня не была вартая сваіх прарокаў, і яны, завабленыя туды падманам, неўзабаве пачалі разумець усю аблуду гэтага абыякавага да каго б ні было места, і кідаліся прэчкі... Скарына, Міцкевіч, Купала... (мноства)...
Забыцца, як мага хутчэй забыцца на гэтага “гораду чароўныя прынады”, пакінуць Вільню для сантыментаў, экскурсіяў, эміграцыі, архіву няспраўджаных праектаў, дзе найвялікшы з няспраўджаных – яна сама.
Няма Мінска акрамя Мінска. У 1918 годзе Мінск у якасці цэнтра этнанацыянальнага дыскурсу мог яшчэ падацца за выпадковасць хаця б таму, што разам з ім у гэтым значэнні спрабавалі здзейсніцца іншыя месты (Смаленск, тая ж Вільня), але сёння ўжо можна здагадацца: нідзе, акрамя як тут, на берагах цяпер зніклай Нямігі, не магла быць аб’яўленай і спраўджанай БНР, пасля БССР, а цяпер Рэспубліка Беларусь; нідзе яшчэ як тут, распушчаны па вёсках і мястэчках дух (эйдас, геній) нацыі не змог бы сабрацца ды настала атабарыцца і тымсамым урэшце перапыніць бясконца-бязмэтнае валацужніцтва ідэі Мінска паўз перыметар краю...
Нарэшце этнаграфічная прастора намацала і зацвердзіла сярэдзіну самой сябе!.. З чаго адразу паўстала раўнаважнасць раней нічым не збалансаванага змесціва, якое адсюль даволі хутка пачало набываць форму з плёну крышталізацыі структуры, абумоўленай сістэмнымі ўзаемадачыненнямі цэнтра і перыферыі.
Беларусь, як цэльнае культурнае, сацыяльнае, палітычнае і метафізічнае ўтварэнне, немагчымая без фармулюючага гэтае ўтварэнне Мінска. Але тут адразу ўзнікае пытанне: а ці магчымы Мінск (скажам, як Вільня) без Беларусі? Ці верагодны быў Мінск у наканаваным яму месцы і наканаванні раней, чым з крэваў, русінаў, ліцвінаў ды іншых не адбыліся тыя, каго мы цяпер называем беларусамі, не адбылося тое, што мы цяпер мянуем словам Беларусь?
Калі я пачынаю так думаць, дык пакрысе ніцуецца здагадка, што Мінск не мог стацца Мінскам, пакуль пашкамутаная і шмат дзе прагнілая прастора бытавання этнічных папярэднікаў беларусаў не згарнулася ў нешта цэлае згодна новай таясамасці, якая ўжо і заклікала гэтае месца абазнацца ў значэнні яе цэнтра. З апошняга вынікае, што я, можа, дарэмна містыкаваў абыякавасць Мінска да свайго кону ў папярэднія эпохі, як, магчыма, не зусім карэктна ўшчуваў іншыя месты ў іхніх вымогах хапацца не за сваю ношку.
Усяму свая пара. Дамо веры гэтаму адвечнаму мудраслоўю і ў згодзе з ім заўважым, што нягледзячы на кагадзе ўжытае слова “таясамасць”, пару нашага існавання верагодна было б слушна падзяліць на дзьве эры, і другую, якая пачалася пасля татальнага мораку ХYII – ХYIII стст., чытаць не толькі як новую гісторыю адной тойсамай нагоды, але і як гісторыю новага этнасу, бо, пэўна, беларусы – гэта ўжо нешта іншае ад крэваў, русінаў, ліцвінаў... узятых, як кожны паасобку, так і агулам. А Беларусь нешта зусім адрознае ад усяго, што табарылася раней на гэтых абшарах.