Вход/Регистрация
Горад у нябёсах
вернуться

Казлоў Анатоль

Шрифт:

(Але не будзе ніякага дзіцяці. Яўжо бачу мясціну ў горадзе над горадам, дзе завісне і пачне беспрытульна разгульваць маленькая душа. Ёй не наканавана ніколі падрасці і пасталець. Яна пушыстым кацянём змусіцца вандраваць па падаконнях ніжняга горада, зазіраць праз шыбы ў кватэры з калыскамі, у якіх бязвінна пасопваюць народжаныя немаўляці. Яна будзе гуляць і забаўляцца, а дзеці ў плоці ўсміхацца ёй і цягнуцца ручкамі... )

— Не завісай камп’ютэрам, Перуновіч! — Танька штурхае плячом у плячо хлопца, бярэ пад руку і, перагінаючыся, кіруе да ўвахода ў бліжэйшае кафэ «Бярозка». Дзверы лёгка адчыняюцца, і за спінай застаецца віхурысты дзень. Ён і яна ў цеплыні і ўтульнасці. Зала напаўпустая, вольных столікаў з дзесятак на выбар. Прысаджваюцца ў кутнім. Таньчына паліто і Антакава куртка побач, на вешалцы. Пацярушыстыя сняжынкі ператвараюцца ў малюпасенькія кроплі і брыльянціста зіхацяць ад кідкага святла насценнага бра.

Некалькі хвілін яны сядзяць моўчкі. Таццяна разглядвае свае пазногці, Антак прыклеіўся позіркам да намаляванай бярозкі на супрацьлеглай сцяне. Прымітыўна-халтурны малюнак навяваў успамін пра лета і выклікаў незразумелую шчымлівую сумоту па нечым даўно і незваротна страчаным, якога, магчыма, увогуле і не было, не надаралася ў жыцці. Іншым разам так бывае: зірнеш выпадкова на нешта ці на некага, і сэрца апануе глыбокая і бяздонная туга. Яна захлынае з галавой, атульвае ўсё цела, да апошняй клетачкі. І што самае горшае — не разумееш, чаму, а падсвядомасць не хоча раскрываць таямніцу. У гэтым стане добра адно — праз пару хвілін незразумелае адчуванне сплывае, і ты пачуваеш сябе быццам прасветленым і абноўленым.

(А, можа, я перабольшваю: не кожнаму выпадае адчуць такі момант. «Так, не кожнаму, — чуе Перуновіч, — гэта прыкмета чалавечай незалежнасці. Такія людзі заўсёды самі па сабе. Яны не ўмеюць, ды ім і не дадзена прагінацца перад дурнотай, няхай і пры ўяўнай ці наяўнай уладзе. Такія, як ты, ад нараджэння ўсвядомілі: нельга пражыць усё жыццё баючыся. А калі больш правільна сфармуляваць, то гучыць гэта так: не жыві баючыся кожны дзень, інакш згубіш сябе і ўжо не будзеш мець права выбару, якім надзелены ад пачатку. Бо ўсе роўныя адзін перад адным. Шкадуй тых, хто жыве ілюзорнасцю...»)

— Так і прасядзім да закрыцця? — Танька ляпнула далонькай па століку. — Сёння ты тармазнуты нейкі, а я хачу свята, цэлы абярэмак радасці, каб захлынуцца ў ёй. Зрабі для мяне гэты дзень непаўторным, запамінальным да глыбокай старасці.

— Ці не замнога хочаш, красуня? — Антак скептычна скрывіў губы.

— Я будучая маці, а цяжарным ні ў чым не адмаўляюць. Ці не вучылі цябе гэтаму, га?

— Дык што, узяць і станчыць на стале, ці набіць фэйс афіцыянту, які завошкаўся ў падсобцы з кухаркаю?

— Прымітыўна, Перуновіч. Такое выветрываецца з галавы праз пару-тройку дзён. А я хачу запомніць нашу пасядзелку да старасці. Чуеш?

— Не напружвайся, Танюш. Старасць табе не пагражае, павер на слова.

— Дубіна, — яна пасміхнулася, не зразумеўшы сутнасць сказанага. — Ведаю, што і ў семдзесят застануся такой жа прывабнай. У нашым родзе ўсе жанчыны ад старасці загавораныя. Мая маці і цяпер выглядае гадоў на дваццаць пяць маладзейшай за свой узрост. Магу пахваліцца, што і айчым усяго на сем гадоў старэйшы за мяне. А такое пра нешта ды гаворыць.

— Ого, першы раз загаварыла пра сваю сям’ю за ўвесь час нашага знаёмства.

— Спыніся. Табе няма ніякай справы да маёй сям’і.

— І я пра тое ж думаю. Толькі падкрэслю: не мною пачата гаворка.

— Надакучыла. Афіцыянт! — гукнула Танька.

У тую ж хвіліну перад столікам з’явіўся даўгалыгі, як смык, маладзён і звычна-завучана нахіліў галаву: маўляў, чаго хоча шаноўнае панства?

Танька, не пытаючыся ў Антака, рабіла заказ.

Праз некалькі столікаў ад іхняга прыглушана гаманілі дзве расчырванелыя кабеты. Цяжка было зразумець: яны нешта абмяркоўваюць ці, наадварот, — спрачаюцца.

Хлопца зацікавіла празрыста-слюдзяністая постаць, якая скрушна тулілася побач з жанчынамі. Вобраз быў настолькі расплывісты, неакрэслены, што не распазнаць: дужы мужчына тое ці стары чалавек.

У адным Антак упэўніўся — побач з кабетамі не жанчына. (Бог мой, нікуды нельга падзецца ад жыхароў верхняга горада. Жывіце вы ў сваім асяродку, не лезце, не ўбівайцеся да нас. Навошта вяртацца ў незваротнае? Трэба змірыцца з тым, што ўжо маеш. Вось і ён, небарака, горнецца да паўнацелай кадушачкі, так і хінецца, а яна, не бачачы, адмахваецца рукой і чыхае раз, другі, трэці ў ягоны бок. Постаць расплываецца цыгарэтным дымам, прыліпае, распаўзаецца па шкле акна, а праз некалькі імгненняў зноў збіраецца згусткам і набліжаецца да гаманлівай пары.)

— Цябе пацягнула ўжо на старушэнцый? — Танька касавурыцца на столік з кабетамі. — І калі паспеў у герантафіла ператварыцца? Вас, мужчын, не зразумець: старым пердунам падавай для ўцех шаснаццацігадовых пігаліц, а юнцы ды маладзёны да цэлюлітных перачніц хінуцца. Нешта ў свеце збочылася і перавярнулася. Куды падзеліся ўстаноўленыя маральна-этычныя межы дазволенага і забароненага? Скажы мне, разумнік?

— Кожнаму сваё, — буркнуў Антак дзеля прыліку.

— Не гавары ты! А я, бач, не разумею. І што, растлумач, калі ласка, азначае паняцце «сваё»?

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: