Бензярук Анатоль
Шрифт:
Шмат яшчэ разоў і немцы, і палякі “ваявалі Камянец”. Але вежа заўсёды бараніла, ратавала гараджан ад гібелі. Усё вытрымаў “Стоўп каменны” і дажыў да нашых дзён. Многае ў жыцці змянілася з часоў князя Уладзіміра, але, як і раней, цячэ пад узвышшам Лясная, а на пагорку стаіць велічная вежа.
За гэта і ўзнеслі каменчукі помнік дойліду Алексе.
Усё жыццё мудры Уладзімір клапаціўся пра берасцейскую зямлю. У 1287 годзе, адчуваючы, што смерць ужо недалёка, валынянін вывеў на пергаменце: “Гэта я, князь Уладзімір, сын Васількаў, унук Рамана, пішу грамату, у якой даю па смерці горад Кобрынь сваёй княгіне…”
Так упершыню быў пісьмова згаданы Кобрын. Некаторыя вучоныя лічаць, што горад атрымаў імя ад ваяўнічага племені обраў (авараў), якое прыйшло з усходу.
Доўга обры ваявалі са славянамі. Але аднойчы згінулі, быццам ніколі іх і не было. Засталіся ў памяць пра обраў толькі назвы вёсак: Абрына паблізу Целяханаў, Абровы на Іванаўшчыне, Аброўская Вулька ў Івацэвіцкім раёне.
Кобрын узнік у сутоцы Мухаўца і Кобрынкі, на месцы рыбацкага паселішча. Пазней тут узняліся ў неба два замкі – Верхні і Ніжні, абароненыя ровамі, валамі і вежамі.
У ХIV стагоддзi кіраваў Кобрынам князь Раман Фёдаравіч. Спакойна жылося ў той час тутэйшаму люду. Ды вось весткі з захаду ляцяць: збіраецца польскі кароль заваяваяць нашу зямлю. Выйшаў князь Раман да людзей:
– Бяда на нас рухаецца, кобрынцы! Трэба вокал горада вежкі будаваць, бо, калі вораг нападзе, не здолеем адбіцца.
Загадаў князь майстрам скласці ўздоўж мяжы невялікія вежы. Дзень і ноч працавалі кобрынцы, дзень і ноч.
Вось ужо рушылі палякі ў паход – нашыя землі заваяваць. Хутка да Берасця дайшлі. Адкрылі берасцейцы ім свае брамы. Узрадаваўся польскі кароль, паведаміў Раману Кобрынскаму:
– Я ўжо Берасцейскую вежу ўзяў. Здавайся!
– Вежу ты ўзяў, – адказаў князь Раман, – дык яшчэ і вежкі мае пазабірай!
Бачыць польскі кароль, што без бою не здасць горада князь Раман, а ваяваць ужо стаміўся – вярнуўся ў Берасце.
Так маленькія вежкі нашую зямлю абаранілі. А каля іх утварылася вёска, якую назвалі Вежкамі.
Сто гадоў таму наведаў нашыя мясціны таленавіты вучоны, збіральнік гістарычнай спадчыны Аляксандр Ельскі. Падарожнічаў колькі дзён, а спыніўся ў Гарадзішчы, што пад Баранавічамі. І не выпадкова, бо адзначыў:
– Мабыць, адсюль і пачыналася Вялікае Княства Літоўскае. Вось яно, сэрца Міндоўгавай Літвы.
Вучоны ведаў, што доўгі час нашу Беларусь называлі Літвою, а цяпер ён знайшоў і месцы, дзе нараджалася Літва-Беларусь.
У ХІІІ стагоддзі славуты князь Міндоўг стаў заснавальнікам новай дзяржавы, якая пры яго нашчадках зрабілася найбуйнейшай краінай Еўропы.
А ў самога Гарадзішча быў нялёгкі гістарычны шлях.
Вялікі князь некалі падараваў Гарадзішча Сямёну Бельскаму. Аднак той нядоўга захоўваў удзячнасць і вернасць. Склаў Бельскі змову, каб гаспадара пазбавіць жыцця і захапіць ягоны прастол. Калі здрада раскрылася, збег Сямён “пад руку” маскоўскага князя, аславіўшы сваё імя на вякі.
Пазней гаспадыняй Гарадзішча была Алена, дачка Івана Маскоўскага. Яна стала жонкай вялікага князя літоўскага Аляксандра. Калі бацька адпраўляў Алену ў Літву-Беларусь, дык прыставіў да яе нейкага папа, каб той ва ўсе вочы глядзеў, усё навокал высочваў, а потым перадаваў таемныя звесткі да маскоўскага двара. Аднак Алена, як пераехала мяжу, вярнула таго наглядчыка дамоў:
– Ніякай здрады мужу свайму не прывязу і краіне ягонай няшчасця не прынясу!
Пачаткі горада Высокага сягаюць у часы, калі набірала сілы і разрасталася Вялікае Княства Літоўскае.
Аднойчы князь Гедзімін аглядаў свае новыя ўладанні. І на нейкую хвіліну прыпыніўся на рацэ Пульве.
Стаяў князь на месцы, узнятым над раўнінай, і пачуў раптам, як тутэйшыя людзі спяваюць.
Быў Гедзімін, як гара. І на зямлі стаяў, быццам прырос. У руках меў такую сілу, а ў вачах такую моц, што і дзікі звер ягонага погляду не вытрымае, адвядзе вочы. А тут пачуў князь песню і спыніўся зачараваны.
Ох, як запелі яны! Голас да голасу. Сэрцам да сэрца...
Як раней агонь здабывалі? Памятаеш? Камнем па камені. Ад крэсіва зорачка-іскра нараджалася... А калі голас да голасу, сэрцам аб сэрца?! Песня народзіцца!
Прыпыніўся ў замілаванні суворы князь. Ад тых спеваў, што душу кранулі глыбока. Ад высокай песні!
– Тут будзе Высокі Горад, – сказаў Гедзімін. – Такі высокі і вольны, як гэты спеў!
Гэтак, быццам знячэўку, упершыню стары летапіс назваў “самы апошні на захадзе” Беларусі гарадок.