Бензярук Анатоль
Шрифт:
Нездарма імя ў каралевы Бона (што значыць “Добрая”), невыпадкова яна Сфорца (“Моцная”)!
Вялікія ў яе ўладанні. Раскінуліся яны ад Жмудзі да Палесся. Шмат трэба сіл, каб гаспадарыць на такіх абшарах. Трэба да людзей з добрым словам звяртацца, каб яны працавалі лепш.
Пры Боне расквітнелі многія беларускія гарады і вёскі. Добрая гаспадыня атрымоўвала вялікія прыбыткі ад сваіх уладанняў. Іх называлі “неапалітанскім скарбам”, знойдзеным на беларускай зямлі.
Пры каралеве ўпершыню пачалі праводзіць меліярацыю – асушваць палескія балоты. Новыя землі прыносілі добрыя ўраджаі. На ўскрайку Кобрына да нашых дзён захаваўся канал Бона – самы старажытны мелірацыйны канал у Беларусі.
У многіх раёнах Брэсцкай вобласці ёсць вёскі з аднолькавай назвай Агароднікі. Чаму так адбылося? Калі яны ўзніклі?
Час іх заснавання аднолькавы – сярэдзіна ХVІ стагоддзя. Па загаду каралевы і яе сына некаторыя сяляне атрымоўвалі надзелы-агароды. Іх вёскі сталі зваць Агароднікамі.
У Боны і Жыгімонта нарадзіўся сын. Ён атрымаў адразу два імя. Бацька даў сыну сваё імя, а маці-італьянка назвала ў гонар першага рымскага імператара. Хацела яна, каб сын быў вялікім і славутым. Так хлопчык стаў Жыгімонтам Аўгустам.
У Вільні жыла Барбара Радзівіл. Каралевіч закахаўся ў прыгажуню. Але маці не любіла Радзівілаў і не жадала, каб маладыя былі разам. Нявесту Жыгімонту шукалі пры каралеўскіх дварах. А каралевічу быў мілей маленькі віленскі дворык, дзе жыла Барбара.
Пра гэта даведаліся яе браты Радзівілы – Мікалай Руды і Мікалай Чорны. (Яны абодва насілі шырокія бароды, але ў аднаго яна была рудага колеру, а ў другога – чорнага). Завіталі Радзівілы да Жыгімонта, грозна паклалі далоні на рыцарскія мячы.
Чорны Радзівіл сказаў:
– Калі кахаеш Барбару – жаніся!
Руды Радзівіл дадаў:
– Калі не кахаеш – пакінь!
Не мог каралевіч адмовіцца ад кахання, але ведаў, як маці Бона ненавідзіць Радзівілаў. Таму папрасіў захаваць шлюб у тайне. Інакш не зможа абараніць Барбару.
Пасля смерці бацькі стаў Жыгімонт Аўгуст каралём і вялікім князем. Усклалі яму на галаву карону. А Барбара стала каралевай, але хутка захварэла і памерла.
Жыгімонт бязмерна гараваў. У яго дзяржаве было дзве сталіцы – Кракаў і Вільня. Дарога, што злучала гэтыя гарады, праходзіла па Падляшшы і Палессі, называлася Каралеўскай. Перад смерцю Барбара прасіла быць пахаванай у Вільні. Муж выканаў яе апошнюю волю.
Улетку многія берасцейцы пабачылі свайго няшчаснага гаспадара. Нетаропка рухалася па Каралеўскай дарозе пахавальная карэта. А перад ёю ішоў у чорных адзежах Жыгімонт.
1. Чаму прынцэса сумавала па Італіі? Што ёй спадабалася ў Беларусі?
2. Раскажы пра гербы італьянскага горада Мілан і беларускага горада Пружаны.
3. Якія змены адбыліся ў часы Боны?
4. Чаму сына Боны і Жыгімонта Старога звалі Жыгімонтам Аўгустам?
5. Як ты лічыш, чаму раней дарога паміж Кракавам і Вільняй называлася Каралеўскай?
9. ЯК ЖЫЛІ НАШЫ ПРОДКІ?
Пры Жыгімонце Аўгусце ў Вялікім Княстве Літоўскім адбываліся вельмі важныя падзеі.
Маскоўскі цар Іван Грозны захацеў заваяваць прыбалтыйскія землі – Інфлянты. І пачаў супраць Вялікага Княства доўгую Інфлянцкую вайну.
Жыгімонт спачатку хацеў вырашыць справу мірам, паслаў у Маскву Яна Гайку. Шмат месяцаў падарожнічаў пасол, а, калі прыбыў, даведаўся: цар не жадае з ім размаўляць. Праз сваіх баяраў Іван перадаў:
– Не хачу ваяваць за Інфлянты, не хачу праліваць хрысціянскую кроў!
Але свайго слова цар не стрымаў, захапіў Полацк, Віцебск, іншыя беларускія гарады. Небяспека навісла над усёй Беларуссю.
Тады вырашыў Жыгімонт сабраць вакол сябе войска. Адусюль ідуць на збор ваяры: з Пінска, Мінска, Гародні… У кожнага палка сваё адзенне – не зблытаеш. Вось хутка рухаецца полк. Ваяры ў ім у сапфіравыя кунтушы апранутыя, белымі паясамі падпярэзаныя, кожны мае добрую шаблю. Прыемна вокам акінуць!