Астравец Сяргей
Шрифт:
Пракуратура — Мардашоў-вешальнік, кананізаваны царквой. Мясакамбінат — Мінін і Пажарскі, зменшаная копія вядомага манумента. Адзін з іх, як вядома, быў рэзнікам. Перад музеем гармата і Станіслаў Аўгуставіч Панямунскі з гусіным пяром. Дамскі залётнік. Аўтар путрышкаўскага трактата і паэмы “Кацярынамахія”. Гаўптвахта — сфінкс з галавой ці то Аракчэева або Бенкендорфа, ці гэтага, як яго, генерала Далакопчыка. Якога суседзі патрабуюць выдаць, як путчыста і злачынцу.
— Не хочаш кавы? Давай яшчэ зраблю?
— Можна, па кубку.
— Толькі спачатку кату падкладу корму. Базыль, хадзі. Які ты... як сфінкс.
— А памятаеш свята нацменаў? Шэсце?
— Суполку егіпцян? Канечне. Персанажы старажытнай гісторыі, мастацтва, міфалогіі. Людзі-каты. Дзіўныя вялікія маскі-галовы. Муляж муміі.
— А мы стаялі на ганку кнігарні. Выйшлі прадаўшчыцы, усім радасна махалі. Мы ўпершыню трапілі ў задні пакой, зроблены як пячора Алі-бабы, поўны кніжак. Па гісторыі, міфалогіі, антычныя аўтары. Адзін археолаг назваў Егіпет краінай мёртвых і небяспечнай жывёлай.
— Жывёлы каменныя. Яны маўчаць нерухома.
— Мабыць, ён адчуў, што гэтае царства мёртвых заваблівае. Паўсюль пяскі, сярод якіх чорныя студні, піраміды, часта напаўразбураныя, храмы, усыпальніцы, высечаныя ў скалах некропалі. Косткі, муміі. Проста так можа вытыркацца з пяску аграмадная галава сфінкса або быка Апіса ці нават Анубіса — бога смерці. Шакал або сабака, які ляжыць.
— Або чалавек з галавой сабакі ці шакала?
— Па-мойму, ён быў накшталт галоўнага муміфікатара. І быў яшчэ адвакатам нябожчыкаў. У падземным судзе распавядаў пра кожнага — хто і што.
— Даволі жудасна гучыць. Але бач, страх не вечны. Самі егіпцяне рабавалі магілы і прадавалі скарбы. Пачакай, я зараз пагляджу... З яго падземных лабірынтаў выцягнулі самога Апіса. Жанчыны калісьці па чарзе сядалі на яго ў спадзяванні перамагчы сваю бясплоднасць. Яго таксама прадалі.
Радыё-Крок: “Галава сфінкса Рамзэса ІІ важыць тры тоны. Яе знайшоў у Егіпце жыхар краіны. Шукаюць астатнюю частку. Вышыня сфінкса была адзінаццаць метраў. А зараз — пра надвор’е”.
— Ты ведаеш, а мне гэтыя зграмаджанні сфінксаў, статуй, нагадваюць цяперашнія музеі таталітарнай скульптуры пад адкрытым небам. Яны страцілі моц. Іх ніхто не баіцца. Дарма што богі.
— “Дзеці чыгунных багоў” — памятаеш? Дык хоць чыгунных. А тут — гіпс, цэмент, зусім тандэт. А, успомніў! Кароль жа прымаў егіпецкага пасланніка. Падворак адзін час быў, егіпецкія купцы жылі. Ядвабы, фарбы, папірус. Сфінкс невялічкі, само сабой. Недзе на Савецкай, дзе прыблізна падворак егіпецкай нацменшасці на свяце быў.
— Мабыць, ты ўжо выдумляеш?
— Наконт паслоў? Не, якое выдумлянне?
— Я ведаю, што сапраўды паслоў прымалі. Шведскіх, турэцкіх, нават ад брытанскай каралевы.
— Так і ў Егіпце кіравалі пашы. Потым, ты падумай, у парку Жылібера абеліск з надпісамі — зусім па-егіпецку выглядае. Гэта іхняя завядзёнка — пакрываць усе каменныя паверхні піктаграмамі, каб максімум інфармацыі захавалася. На мурах, калонах, абелісках. Каменныя кнігі. Яны не вельмі спадзяваліся на папірусы.
— Буслы нашыя зімуюць дзесь у Егіпце. Пралятаюць над пірамідамі, Нілам, над сфінксамі. І потым успамінаюць пра іх. Як узгадваюць тамака пра Нёман. Будуць потым пралятаць над ізраільскім плотам. А пазней над нашымі калючымі дратамі... Мур у Ерусаліме пад назвай “абарона Ерусаліма”. 135 кіламетраў агулам. 135! Гэта ж колькі цэглы.
— Плот паміж ЗША і Мексікай яшчэ даўжэйшы. А з кітайскім не параўнаць увогуле. Гэта назаллівая думка, але я не магу яе пазбыцца. Што праз усе гэтыя платы, муры ўцякалі і ўцякаюць толькі ў адзін бок, у адзіным кірунку. Ніколі — у адваротным.
— У гэтым іхняя сутнасць. Глыбінны сэнс.
У Гартэне цагляны мур замяняе рака. Яна падзяляе горад надвая. Прычым на ўсходнюю і заходнюю часткі. Пасля дзяльбы здаралася, што яны належалі розным краінам. А пра войны й казаць няма чаго. Рака падзяляла вайсковыя аддзелы, варагуючыя бакі, цэлыя арміі. Рабілася лініяй фронту. Напалеон распачынаў сваю ўсходнюю кампанію з фарсіравання ракі. Паўзіраўшыся з заходняга берага ў падзорную трубу. Кайзераўскія дывізіі. Армады “Барбаросы”. А таксама кавалерыя панская і рабоча-сялянская. Не кажучы пра даўнейшыя часы. Калі на другім беразе атабарваліся крыжацкія загоны з рознамоўным рыцарствам. Ягайла і Вітаўт, брат на брата. Аляксеі Міхайлавічы, захапіўшы замак на гары, пакідалі вымушана другі бераг вольным, не здольныя перасячы водную перашкоду.
Памежны мост. Цягнікі пераязджалі мяжу ў паветры — па-над ракою. Яе называлі ракою часу, пазначаючы на мапах лацінскімі літарамі на старажытнагрэцкі лад. Ты едзеш, уяўляючы пад сабою прорву. Вышыню з вадой у доле. Але нічога агульнага з лётам. Хутчэй як спыняецца кола агляду, а ты — угары. Крыху хісткае адчуванне. І раптам цягнік напраўду спыняецца. Пашпартны кантроль. І службоўцы з сабакамі. Што яны шукаюць ці — каго? Нелегалаў? Наркотыкі? Спірытус? Улёткі? “Свабоду”?
У замежным часопісе “Напшут” — сэнсацыя! Што ў нас сабраліся тысячы афраазіятаў, што ўлады іх згодныя прапусціць праз мяжу на Захад. Каб не мець сабе лішняга клопату. І што адбудзецца гэта ўначы на Каляды каталіцкія, калі палякі будуць святкаваць. Наце вам на лапаце. Нашыя ўлады — правакацыя! Ноты пратэсту. А на сайце часопіса — спрэчка. Адныя —пабудаваць мур ад Эстляндыі да Турэччыны, дык каб вышынёй шэсць метраў. І поле міннае — шырынёй пяцьдзесят метраў з калючым дротам — як у Ізраілі. Іншыя — лепей службу памежную прывесці да прытомнасці. А то — толькі на джыпах фарсіць могуць.