Астравец Сяргей
Шрифт:
Скрынкі з паэтамі, кантэйнеры з касманаўтамі, эшалоны з фізкультурніцамі і правадырамі. Ва ўсе бакі дымныя паравозы расцягалі ідэалагічна-скульптурны скарб з гартэнскай фабрыкі. Якасць была рознай. Залежна, напрыклад, ад цэменту, якога заўжды не хапала. Часам помнікі рассыпаліся ад атмасферных уплываў. Пакаёвыя захоўваліся лепей. Калі толькі не зачэпіць прыбіральшчыца швабрай. Падчас апошняй рашучай адлігі некаторыя галовы зламалі, кінулі на сметнік. Але багата засталося: каменных, гіпсавых, бетонных, нават бронзавых выкапняў з нядаўняй класавай гісторыі.
Два такія стаялі перад дзвярыма Ленкама. Людвіг і Густаў. Дзве аграмадныя галавы. Колькі ў іх было калісьці ўсяго-усялякага, цэлыя капіталы! Маніфесты, 18-я брумеры. Майнэ кляйнэ. Я-я, яволь! Капут!
Колькі галоў, бюстаў з плячыма, помнікаў з рукамі да жывата, з нагамі руйнавалі, закопвалі, кідалі, зрынуўшы з пастаментаў, пад плотам. Як змяняўся курс, партрэт на дошцы Палітбюро, як галоўнае крэсла займала іншая попа, з гемароем поўным або толькі на пачатковай стадыі. А дзве галавы стаялі заўжды. Пры ўсіх рэжымах, пры любых абставінах. Яны былі бяспечныя. Гэта яны, іхнія колішнія ўладальнікі некалі напісалі відушчна, што будучыя людзі, паслядоўнікі, стануць далакопамі. ДАЛАКОПАМІ. Як гэта спадабалася, як натхніла! Надало моцы, энергіі, імпэту! Радасцю раздзімала грудзі. З’явіўся сэнс жыцця, смак. Найвышэйшая мэта. Закапаць.
Што гэтыя дзве галавы? Чым яны былі некалі нафаршыраваныя? Абстрактнымі жаданнямі, марнымі намерамі ўсіх ашчаслівіць. Альтруісты, летуценнікі. Лагодныя тэарэтыкі. Ніхто з іх, здаецца, не марыў асабіста пра захоп улады, дыктатуру далакопаў. Хай кухаркі кіруюць дзяржавай. Яны асабіста — не. Ім падабалася папросту пісаць трактаты, рабіць тоўстыя кнігі. Тамы, фаліянты. Возьмеш у руку — маеш рэч. Інтэлігенцкае жаданне. Яны, мабыць, не ўсведамлялі небяспечнасць заклікаў да жыццястваральнай працы далакопаў. Ім папросту падабаліся метафары, нечаканыя параўнанні. Літарацкія асалоды.
Яны не імкнуліся да ўлады. Іхнія нашчадкі-землякі, усведамляючы місію, паспрабавалі ажыццявіць. Увасобіць тэарэтычныя працы. Маніфесты, трактаты. Але ў іх было замала рыдлёвак. Потым іхні фатэрлянд перагарадзілі мурам, з аднаго боку якога жылі далакопы, з другога тыя, каго яны прагнулі закапаць.
Дзве каменныя, жудасна барадатыя галавы. З выгляду нібы Санта-Клаўсы. Яны брукавалі добрымі намерамі дарогу ў пекла. Заўтрашняе пекла заўсёды здаецца лепшым ад сённяшняга. Яны любілі добрыя рэстарацыі, якаснае віно, смачны біфштэкс. Адрознасць толькі ў тым, што Людвіг падабаў крывавы, а Густаў добра ўсмажаны. Ці наадварот. Адзін аддаваў перавагу мозэльскаму, другі — рэйнскаму. Галовы гурманаў. А, так, сапраўды, і яшчэ адзін з іх жудасна пакутваў на гемарой.
Іх дазвалялася рабіць максімум да пояса. Як выключэнне. На поўны рост — ніколі. Яны прызнаны асноватворцамі. Але не былі правадырамі. Ім ставілі помнікі, як па сутнасці пісьменнікам, аўтарам аб’ёмных раманаў, збораў твораў. Тыражавалі, як калісьці Біблію.
— А ці ведаеш: на фабрыцы грошы не даюць..
— Затаварыліся сфінксамі?
— Накшталт таго. Але не толькі. На Ўсходзе не плоцяць. Толькі абмен, бартэр. Рабочым статуэткамі выдаюць заробкі. Альбо бюст на двох-трох чалавек.
— Вясёла. Хоць на мяжы яшчэ не адбіраюць, як цыгарэты і спірытус. Або як творы мастацтва. Абразы царкоўныя.
— Значыцца, не лічаць за мастацтва. Ужо. Вязі куды хочаш. Уяўляю блышыны рынак у горадзе, дзе быў мур. Калісьці тамака прадавалі фуражкі, кукарды, кіцелі савецкія, гэдээраўскія — усё, што засталося ад братэрства па зброі. Уяўляю бюсцікі там.
— У тым горадзе калісьці існаваў адзін з самых буйных музеяў старажытнасцяў егіпецкіх. Можа й цяпер ёсць?
— Калісьці немцы на вяршыні піраміды Хеопса адзначалі ўгодкі прускага імператара. Шампанскае ці, можа, шнапс. Сцяг з чорнай птушкай. Фатограф. І — “Дойчланд, Дойчланд — юбэр алес...”
— Так, незвычайна. Як сцяг бел-чырвона-белы на Эверэсце.
— А ўсё ж ён там ёсць. Ці быў, ва ўсякім разе. Яны самі сабе збудавалі Эверэсты сярод пустэльні. Замкі на пяску. І сфінксаў для аховы. “Убачыў я ў пустэльні маладзёна Сфінкса...”
— Што гэта?
— Борхес. Працягваю: “Які толькі што створаны быў. Няма нічога старога пад сонцам”.
— Тады я таксама. Пачакай, зараз вазьму знайду. Дзе гэта стаіць Норвід?
— Вунь там. Але ты лепей не бяры. Як на цябе, будзе запыльны, пачнеш чыхаць. Давай я сам. Што знайсці?
— Не памятаю назву. Таксама пра сфінкса.
— Зараз. Гэта? “Сфінкс заступіў мне дарогу аднойчы/Каля скалы, як ліхвяр ці забойца…” Уайлд, здаецца, таксама нешта такое напісаў.
Сфінксы паўсюль. Масты, лесьвіцы, уваходы ў будынкі — тэатр, дом піянераў... Галовы. Піўзавод — казліныя. Перад царквой арліныя — парныя. Аграуніверсітэт, дом досыць вядомай пісьменніцы, банкі, рэстарацыі, оптыка — Замэнгоф у акулярах. Інстытут навуковы з галавой вядомага свяцілы, які працаваў пры каралеўскім двары. Пажарныя ў шлемах. Цырульня — модныя лысыя. Пошта. Аптэка — Францыск-Георгій, доктар лекарскіх навук і каралеўскі батанік. Заапарк. Чыгуначны вакзал — Заслонаў з гранатай. Паркавая брама: работніца і сялянка. Мянтоўка, кантора. Металічны Фелікс з казлінай бародкай. Саюз звёнзкоўцаў з бюстам пана Тадэвуша. Саюз літаратараў — два тутэйшыя сфінксы — Кастусь ды Янка. Новы аграмадны псіханеўралагічны дыспансер і голаў Скліфасоўскага. Венера і Апалон —скурвен. Турма — Цэрберы. Вайсковыя могілкі — Сувораў на паўкані. На камунальных — тэарэтыкі далакопства. Радыё — голаў Паповіча. Рэдакцыя — Ленін плюс Нахамкес, ён жа Сцяклоў. Аблсельгасхарч — Сталыпін і тав. Бровікаў.