Аляхновіч Францішак
Шрифт:
Мар'янна. Каго? Яе палохаць? (паказваючы на дзьверы). Дык я яе ўжо тут добра напалохала, ажно пачала ахаць і дрыгаць нагамі.
Мацальскі. Каго панна Мар'янна напалохала?
Мар'янна. Ну–ж гэтую старую, каторая прыйшла сюды да пана Ільдэфонса.
Мацальскі. Але–ж я не аб ёй. Яна нічога… спакойная…
Чутно йзноў стук у дзьверы.
Мар'янна. Чаго яна стучыць? Чаму пан Ільдэфонс йзноў зачыніў яе на ключ?
Мацальскі (думаючы аб Гаўдэнце). Хоча, каб дзірачку памазаць… (да дзьвярэй). Я зараз…
Мар'янна (строга). Як гэта: дзірачку памазаць?
Мацальскі. Алівай памазаць… Цсс! панна Мар'янна! я гэтаму вар'яту сказаў, што ключ зайржавеўшы, засеў у замку і я не магу адчыніць дзьверы, дык ён крычыць, каб мазаць… Што рабіць?
Мар'янна. Які ён? які вар'ят?
Мацальскі, А ведае панна Мар'янна, ёсьць адзін гэтакі вар'ят, бегае з кіём па вуліцы і шукае сваю жонку, — такую ўжо значыцца фіксацыю мае, — ну дык вось парадныя дзьверы былі незачынены, ён уварваўся сюды і крычыць, што тут яго жонка… Дык вось я зачыніў яго на ключ у гэтай каморцы…
Мар'янна (недаверчыва). Эй, пан Ільдэфонс! ці толькі праўда? Бо мяне так, як гэтых учора на вечарыне не абдурыш, — я хітрая. Можа ён зусім і не вар'ят.
Мацальскі. Зусім вар'ят, панна Мар'янна! Як панна Мар'янна можа думаць… Дык–жа вось… проша паглядзець… Нідзе нікагусенькі няма, ніякай жонкі. Але–ж я панну Мар'янну так люблю, што ніколі ніякае… (Гаўдэнт стучыць у дзьверы). Ужо мажу, мажу ўжо!
Мар'янна. Ну, калі гэта ўсе праўда, што гавора пан Ільдэфонс, дык няма чаго палохацца. Я вар'ятаў не баюся, бо служыла калісь за кухарку ў вар'яцкай бальніцы і шмат іх бачыла… Адчыняйце дзьверы!
Мацальскі (адчыняе дзьверы і хаваецца за Мар'янну).
Зьява 11
Мацальскі, Мар'янна, Гаўдэнт, Уршуля (уваходзяць).
Гаўдэнт (да Мацальскага). Паночку, я хачу вам пару слоў…
Мацальскі (са страхам). Не, не, не! Вы ўжо лепш не са мной, а вось з паннай Мяр'яннай пагутарце…
Мар'янна (да Гаўдэнта). Панок! Толькі спакойна, ша! Ня трэба крычаць, ня трэба нэрвавацца. Я ўсё ведаю. Вы шукаеце свае жонкі. Яе тут няма. Ідзеце на вуліцу. Ваша жонка там, па вуліцы ходзіць.
Гаўдэнт. Што?! Мая жонка па вуліцы ходзіць?
Мар'янна. Толькі ціха, спакойна. Не, не так ходзіць, як вы думаеце, але так сабе ходзіць, пайшла значыць на спацар… А яе тут няма.
Гаўдэнт. Я ведаю, што яе тут няма. Мне панна Уршуля ўжо ўсё сказала… І выбайчайце, панок, што я вас пакрыўдзіў…
Мацальскі (д. с). Добра пакрыўдзіў.
Гаўдэнт. Але вы самі разумееце, што са мной робіцца! Жонка ўчора як выйшла з хаты, дык дагэтуль не вярнулася… Але яшчэ скажу вам вось што: нашто вы ўсё гэта зрабілі? нашто вы ўсіх нас гэтак ашукалі? нашто вы сказалі, што вы граф?.. «Граф! граф!» — ну што граф? Мы людзі простыя, без царамоніі, мы–бы вас і так добра прынялі, дык нашто задзіраць нос у гару: «Граф! граф!»
Мар'янна (ціха да Мацальскага). Ён зусім не вар'ят.
Мацальскі (таксама да Мар'янны). Не! Вар'ят! Зусім вар'ят.
Гаўдэнт. А яшчэ задурылі галаву панне Уршулі. Якіясь запісачкі, тынды–рынды… Не гожа!.. Калі–б захацелі жаніцца, дык трэба інакш, а не гэтак… Так сорамна, не ганорна.
Мар'янна (да Гаўдэнга). Штооо?! жаніцца? О! гэта дык выбачайце! Гэта ўжо дарма… Я ўжо пярсьцёнікі купіла, у гэту нядзелю першыя запаведзі будуць… О! зараз! жаніцца!! А фіга з макам!.. І годзі ўжо ўсяго гэтага. Зьбірайцеся і йдзеце сабе дамоў, або шукаць жонкі, як да спадобы, а з намі гугарка ўжо кончана. (Бярэ яго за падпаху і хоча весьці да дзьвярэй. У гэты час Гаўдэнт пабачыў на стале торбачку сваей жонкі).