Вход/Регистрация
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
вернуться

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Было зроблена пярэчанне, што тэрыторыю, паказаную намі як Літву, з IX ст. займалі славяне і што тут з X ст. існаваў старажытнарускі горад Ізяслаўль. Аднак славяне на гэтым месцы, як і на ўсёй тэрыторыі Беларусі, не былі аўтахтонамі, бо да іх, як зазначае Ф. Гурэвіч, «тут жылі балцкія плямёны культуры штрыхаванай керамікі». На гэта ўказваюць і археалагічныя помнікі, такія, як Гарадзішча (Баранавіцкі р-н), Бяздоннае, Кабакі, Ніз (Слонімскі р-н), Валожын (Валожынскі р-н), Дзяржынск, Навасады, Старая Рудзіца (Маладзечанскі р-н) і інш.

Трэба зазначыць, што першапачаткова ў канцы X ст. падпадала хрысціянізацыі толькі славянскае насельніцтва, а іншапляменнае заставалася ў язычніцтве. Вось чаму астравы балцкага насельніцтва яшчэ доўгі час існавалі на Беларусі, як, напрыклад, у раёне Абольцаў (Талачынскі р-н), Гайны (Лагойскі р-н) і інш. Насельніцтва іх было ахрышчана ў каталіцкую веру па ўмове Крзўскай уніі 1385 г. Між іншым, гэтым і тлумачыцца, чаму ў Абольцах і Гайне былі пабудаваныя першыя касцёлы на тэрыторыі Беларусі. Не выключана, што насельніцтва гэта, у тым ліку і Старажытнай Літвы, акружанае славянамі, у значнай ступені асімілявалася і было не столькі балцкім, колькі язычніцкім. Як убачым, Міндоўг і Войшалк спачатку былі язычнікамі. Нездарма ж пазнейшы Хлебнікаўскі летапіс у адрозненне ад «Аповесці мінулых часоў» Літву змяшчае сярод славянскіх плямёнаў.

У святле прыведзеных намі фактаў цяжка пагадзіцца з думкай, што найбольш раннія ўпамінанні Літвы адносяцца да ўсходняй, цэнтральнай і занямонскай частак сучаснай Літвы. Гэта адхіляецца першым жа ўпамінаннем Літвы пад 1009 г. у Кведлінбургскіх аналах. Ужо тое, што ў гэтай лацінамоўнай крыніцы назва «Літва» выступае ў славянскай форме і што тут гаворыцца аб яе сумежжы з Руссю (in confinio Rusciae et Lituae), сведчыць аб тым, што гаворка тут можа ісці аб Літве ў Верхнім Панямонні, бо толькі ў такім выпадку яна магла межаваць з Руссю, ад якой тэрыторыя сучаснай Літвы была адгароджана яцвягамі. Між іншым, у Летуве ўжо зараз пачалася шырокая падрыхтоўка да святкавання ў 2009 г. 1000-годдзя з часу ўпамінання Літвы ў пісьмовых крыніцах, прычым лічыцца, што яно адносіцца да тэрыторыі сучаснай Літвы. А гэта раўназначна таму, калі б 4 ліпеня 1957 г. беларусы адзначылі 800-годдзе першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах Белай Русі, паколькі ў адной з іх пад 1157 г. гаворыцца: «По смерти Юриеве (Даўгарукага) ростовцы, суздальцы и владимирцы со всеми городы здумавше пояше Андрея (Багалюбскага), старейшаго Юриева сына, и посадиша его на отчим столе во всей Белой Руси иуля 4 дня». 3 гэтага асабліва відавочна, што як Андрэй Багалюбскі не можа лічыцца беларускім князем у сучасным значэнні гэтага слова, бо ў той час пад Белай Руссю разумелася іншая тэрыторыя (цэнтр сучаснай Расіі), так і Міндоўга і іншых так званых літоўскіх князёў нельга лічыць за такіх у сучасным значэнні гэтага слова, бо ў той час пад Літвой разумелася іншая тэрыторыя (Верхняе Панямонне).

Сапраўднае месцазнаходжанне Старажытнай Літвы пацвярджаюць і наступныя паведамленні аб Літве, звязаныя са згаданымі вышэй паходамі на яе Яраслава Мудрага ў 1040 і 1044 гг. У Я. Длугаша знаходзім дадатковыя звесткі аб гэтым, а менавіта тое, што кіеўскі князь «разбіў на палях слонімскіх (прыгадаем, што тут ёсць таксама тапонім «Літва» — М. Е.) і завалодаў ёй да Нёмана», г. зн. захапіў яе левабярэжную частку. Прыведзеныя факты абвяргаюць і думку, што тапонімы «Літва» ва ўказаным намі рэгіёне з'явіліся ў выніку прасоўвання сюды пазней (калі менавіта, не ўказваецца) літоўскіх паселішчаў. Аднак падзеі 1009, 1040 і 1044 гг. паказваюць, што ўжо ў XI ст. гэта мясцовасць называлася Літвой.

Некаторыя даследчыкі, каб даказаць знаходжанне Старажытнай Літвы на поўдні сучаснай, з назвы рэчкі «Летаўка» (правы прыток Віліі ў раёне г. Кернаў) выводзяць назвы «Летува — Летава — Літва». Аднак гэта вельмі праблематычна, бо ў самых ранніх пісьмовых звестках, як і ў тапаніміцы. адлюстравалася назва «Літва», а не «Летува» і не «Летава». Ва ўсякім выпадку нельга бачыць толькі ўказаны спрэчны гідронім і не заўважаць цэлае гняздо адзначаных вышэй красамоўных тапонімаў «Літва» ў Верхнім Панямонні. Нельга прызнаць удалай і спробу лакалізаваць на тэрыторыі сучаснай Літвы ўладанні літоўскіх князёў XIII ст., згаданых у пісьмовых крыніцах. Справа ў тым, што тапонімы, падобныя на імёны названых князёў, ёсць не толькі на тэрыторыі Літвы, але і ў іншых мясцовасцях, у прыватнасці на Беларусі, як, напрыклад, Таўтвілы (Пружанскі р-н), Юткі (Мядзельскі р-н). Даўяты (Браслаўскі р-н), Руклі (Аршанскі р-н) і інш. Спасылка Р. Батуры на грамату Міндоўга ад 1253 г.нічога не дае для высвятлення месцазнаходжання Старажытнай Літвы ў Аўкштайціі, паколькі ў гэтым дакуменце пералічаны землі, якія нібыта належалі Літве, але што разумелася пад ёй, тут не відаць. Тое і ў адносінах дагавора Гедзіміна ад 2 кастрычніка 1323 г. Ужо тое, што гэты князь, называючы сябе каралём Літвы, палічыў патрэбным у ліку іншых земляў, ад імя якіх ён заключыў дагавор, назваць Аўкштайцію і Жамойцію, гаворыць аб іх такім агульнавядомым найменні ў той час і што тытул караля Літвы, такім чынам, паходзіў не адсюль. Гэта ж пацвярджае і П. Дузбург, у якога Аўкштайція паказана ў сувязі з падзеямі 1291–1300 гг. як «уладанне караля Літвы» (terra regis Litowia), з чаго відаць, што Літва і Аўкштайція — розныя ў той час геаграфічныя паняцці. Як доўга яшчэ трымалася назва «Аўкштайція» ўжо ў час існавання BKЛ, сведчыць упамінанне яе Вітаўтам у пісьме ад 11 сакавіка 1420 г. Тое, што ў 1268 г. Нальшчаны названы «правінцыяй Літвы», не гаворыць аб пашырэнні назвы апошняй на гэту зямлю, а толькі аб прыналежнасці яе да Літвы, што і адпавядала сапраўднасці, паколькі Войшалк заваяваў яе разам з Дзяволтай у 1264 г. Калі Вартберг паказаў Кернау ў Літве, то гэта зразумела, бо ён пісаў сваю хроніку пасля 1378 г., калі назва «Літва» ўжо замацоўвалася ў іншым месцы. Выказана яшчэ думка, што з тэрыторыі, якая нібыта з’яўлялася цэнтрам утварэння феадальнай літоўскай дзяржавы (г. зн. усходу і цэнтра сучаснай Літвы), у пачатку XIV ст. знікла назва «Літва» і заменена там назвай «Аўкштайція». У такім разе незразумела, чаму гэта назва адтуль знікла і калі і чаму яна там зноў з'явілася і замацавалася.

Аднак усё адбывалася інакш: спачатку ўсходняя частка сучаснай Літвы называлася Аўкштайціяй, пра што могуць сведчыць і такія тапонімы, як «Аўкштайцы», «Аўкштыня», «Гаўкштаны», «Аўкштадворы», «Аўкштэлі», і ім падобныя ў былых Быстрыцкай, Міляцкай, Міцкунскай, Няменчынскай, Рашанскай, Шырвінскай і Янішскай валасцях Віленскага пав., у Жосельскай, Алькенішскай і Сумілішскай валасцях Троцкага пав., у Аляксандраўскай воласці Лідскага пав. і ў Лынгмянскай воласці Свянцянскага пав. I толькі пазней у сувязі з перанясеннем сталіцы ў Вільню ў пачатку XIV ст. назва «Літва» з Верхняга Панямоння паступова пачала пераходзіць на ўсход сучаснай Літвы і замацоўвацца там. Але адначасова яна прадаўжала захоўвацца і на ранейшым месцы яшчэ цэлыя стагоддзі. У Магілёўскай хроніцы пад 1695 г. гаворыцца, што літоўскае пагранічча праходзіла недалёка ад Менска і Слуцка. Наколькі гэта назва ў Верхнім Панямонні мела ўсеагульнае прызнанне і нават афіцыйнае, можа служыць той факт, што дзекабрыст А. Бястужаў, жывучы ў 1821 г. на тэрыторыі сучаснага Валожынскага р-на, даў у Пецярбург такі свой адрас: «Литва, д. Выгоничи, в 40 верстах от Минска». Дзе знаходзілася ўласна Літва ў старажытнасці, добра ведаў і рускі гісторык М. Надзеждзін: «Уласна ў Літве ёй (літоўскай мовай. — М. Е.) гавораць ужо вельмі нямногія, і менавіта: адно паселішча ў павеце Вілейскім, некалькі сёл у паветах Навагрудскім і Слонімскім». Слушна адзначалася, што ў часы А. Міцкевіча Літвою называлі не толькі сучасную Літву, але і пэўную частку славянскай тэрыторыі. Аднак апошняя насіла такую назву не таму, што яна калісьці ўваходзіла ў склад Вялікага княства Літоўскага, а таму, што менавіта тут і была ў далёкія часы ўласна Літва.

Са знаходжаннем летапіснай Літвы ў Беларускім Панямонні звязана і тое, што насельніцтва яго, асіміляваўшыся ў беларусаў, называла сябе па-ранейшаму ліцвінамі. Пісьмовыя крыніцы адзначаюць гэта ўжо з канца XIII — пачатку XIV ст. Так, П. Дузбург, напрыклад, у сваёй хроніцы два разы (пад 1296 і 1305 гг.) піша пра змаганне нямецкіх рыцараў з літоўскімі і абодва разы заўважае, што апошнія былі рускімі, г. зн. толькі па назве былі ліцвінамі, а па сутнасці з’яўляліся славянамі. У «Хроніцы Літоўскай і Жмойцкай» пад 1405 г. гаворыцца пра Андрэя Літвіна, які раіў Вітаўту не ісці на згоду з непрыяцелем, крыкнуўшы пры гэтым: «Не мири, Витавте, не мири». 3 прычыны гэтага Вітаўт празваў яго Нямірам, ад якога і род такі пайшоў. Як бачым, ні гэты ліцвін, ні вялікі літоўскі князь не гаварылі па-літоўску. У інтэрмедыі драмы Георгія Каніскага «Воскресение мертвых» (1746) пад імем Літвіна выведзены беларускі селянін. А. Міцкевіч (1798–1855), які нарадзіўся пад Навагрудкам, сваю айчыну называў Літвой. Нават беларускі пісьменнік ХІХ ст. В. Дунін-Марцінкевіч (1807–1884), якога таксама нельга западозрыць у адсутнасці беларускай нацыянальнай свядомасці, лічыў, што ён вырас сярод ліцвінаў. Гэтак жа ўраджэнец Гродзеншчыны К. Каліноўскі, рэвалюцыйная дзейнасць якога прыпадае на 60-я гады XIX ст. і які заўсёды звяртаўся да свайго народа на беларускай мове, як правіла, называў родны край Літвой. Называе сябе ліцвінам і адзін з герояў трылогіі Я. Коласа «На ростанях» (у ёй паказваюцца падзеі пачатку XX ст.) Баранкевіч, хаця ён і беларус. Мы не будзем больш прыводзіць аналагічныя прыклады, бо Я. Юхо пераканаўча паказаў, што назва «Літва» на працягу многіх стагоддзяў адносілася да Беларусі і была, па сутнасці, яе гістарычным найменнем. Толькі на пачатку XX ст., калі завяршыўся працэс утварэння беларускай нацыі, назва «Беларусь» замацавалася і за Беларускім Панямоннем, выцесніўшы адтуль назву «Літва», якая з таго часу стала адносіцца толькі да сучаснай Літвы.

Цяпер коратка спынімся на некаторых іншых гістарычных абласцях і княскіх родах, якія ў крыніцах упамінаюцца побач з Літвой. У дагаворы 1219 г. названы князі Булевічы і Рушкавічы. Адносна іх месцазнаходжання былі выказаны меркаванні. Так, I. Бяляеў паказваў без размежавання першых і другіх на тэрыторыі ад Віліі да Нёмана і Свіслачы і на ўсход да Бярэзіны дняпроўскай. На жаль, ён не ўказаў ні крыніцы, ні меркаванняў, якія яму далі падставу для гэтай высновы. У апошні час Э. С. Гудавічус на падставе тапанімікі, якая супадае з імёнамі булевіцкіх і рушкавіцкіх князёў, лічыць, што Булевічы валодалі Шаўляйскай зямлёй, а Рушкавічы — зямлёй Упітэ. Аднак такія тапонімы ёсць і на Беларусі (Булеўскае балота і інш.). Намі было выказана меркаванне, што Булевічы знаходзіліся на тэрыторыі Стаўбцоўскага р-на, таму там меліся тапонімы Балевічы. Гэта, як бачым, супадае са сцверджаннямі І. Бяляева. Булевічы толькі аднойчы ўпамінаюцца ў летапісах, і таму магчыма, што летапісец не зусім дакладна перадаў іх прозвішча. На гэту думку наводзіць тое, што ў Нягневічах (Навагрудскі р-н) ёсць рэчка з крыху незвычайнай назвай «Буловіч». Гэта не так далёка ад Стаўбцоўскага р-на і таму можа быць пэўным арыенцірам для лакалізацыі Булевічаў. Таму стане зразумелым, чаму Міндоўг так жорстка абышоўся з булевіцкімі князямі, усіх іх знішчыўшы. Падначаленне Булевічаў, якія знаходзіліся на яго шляху ад Новагародка ў Літву, адчыніла яму шлях да заваявання апошняй. Адзначым яшчэ, што ў Памераніі ёсць населеныя пункты Bulitz, Bullen. А гэта можа ўказваць на заходнеславянскае паходжанне Булевічаў, тым больш што імёны іх князёў, як, напрыклад, Вішымут, адносяцца да славянскіх. Магчыма, што Булевічы з усім сваім родам і князямі ўцяклі з заходнеславянскіх земляў, ратуючыся ад анямечвання і хрысціянізацыі, на тэрыторыі, дзе было яшчэ нямала язычніцкага насельніцтва.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: