Ермаловіч Мікола
Шрифт:
Чым жа была выклікана Крэўская унія? (Унія — значыць саюз.) У адказ на гэтае пытанне гісторыкамі былі выказаны розныя меркаванні. Адны лічаць, што яна найперш з’яўлялася вынікам неабходнасці барацьбы з крыжакамі, якія былі агульным ворагам як Польшчы, так i BKЛ. Неабходнасць такая сапраўды існавала, і вынікі яе, як убачым далей, былі істотныя. I ўсё ж гэта было хоць важнай, але не галоўнай прычынай Крэўскай уніі. Выказвалася думка, што галоўнай прычынай Крэўскай уніі з’явіўся глыбокі крызіс велікакняжацкай улады ВКЛ, з якога мог вывесці толькі саюз з Польшчай. Нават сцвярджалася, што яе заключэнне цалкам залежала ад Ягайлы, які нібыта быў у гэтым найбольш зацікаўлены. Але цалкам з гэтым пагадзіцца нельга, бо, як паказвае ўвесь ход падрыхтоўкі уніі, ініцыятыва яе заключэння зыходзіла з боку Польшчы. Вось у гэтым кірунку і трэба шукаць галоўную прычыну, якая прывяла да заключэння Крэўскай уніі.
Мы ўжо бачылі, што саюз Польшчы i BKЛ у 1325 г. быў заключаны таксама па ініцыятыве першай, што не з’яўлялася выпадковасцю. Характэрнейшай асаблівасцю становішча Польшчы ў папярэдні час была паступовая страта ёю сваіх тэрыторый, перш за ўсё на захадзе. I ўжо незадоўга перад Крэўскай уніяй пры Казіміру Вялікім (1333–1370) былі ўступлены немцам Сілезія і Памеранія. Страта апошняй адрэзала Польшчу ад мора. Вось чаму польскія кіруючыя колы вымушаны былі шукаць магчымасці кампенсаваць страты сваіх тэрыторый за кошт іншай дзяржавы. I іх увага ў гэтых адносінах была звернута на суседнюю ўсходнюю дзяржаву — BKЛ, як найбольш падыходзячую мэту сваіх экспансіянісцкіх памкненняў.
Яны добра ўзважылі ўсе неспрыяльныя ўнутраныя і знешнія абставіны, якія склаліся ў той час для ВКЛ. Найперш для палякаў яскрава бачна была непазбежнасць барацьбы Вітаўта з вялікім князем Ягайлам, паколькі апошні не жадаў аддаваць яму Троцкае княства — удзел яго бацькі Кейстута. Гэта змаганне магло пагражаць становішчу Ягайлы як вялікага князя, і таму ён для ўмацавання сваёй улады мог больш уступліва даць згоду на саюз з Польшчай. Вядома ж, відавочнай для палякаў была і тая пагроза, якую несла крыжацкая агрэсія як ВКЛ, так і Польшчы, і таму яны спадзяваліся, што і гэта падштурхне Ягайлу на аб’яднанне іх дзяржаў. Польшча добра бачыла вайсковую сілу ВКЛ, яна яе перад самай Крэўскай уніяй у 1384 г. адчула на сабе, калі Ягайла зрабіў досыць балючы для яе паход. Не менш відавочнай для палякаў была небяспека, што ішла для ВКЛ з боку Маскоўскай дзяржавы, якая ўсё больш мацнела і станавілася яго галоўным сапернікам у збіранні ўсходнеславянскіх земляў. А гэта таксама не магло не абнадзейваць Польшчу на з’яднанне з ёю BKЛ.
Узважыўшы ўсе гэтыя акалічнасці, польскія вярхі і пачалі энергічна дзейнічаць у патрэбным ім кірунку, што і прывяло да заключэння Крэўскай уніі. Як ужо намі адзначалася, палякі, ваюючы з крыжакамі, адначасова вучыліся ў іх, і найперш таму, што апошнія ажыццяўлялі сваю агрэсію пад сцягам пашырэння веры Хрыстовай, г. зн. дзейнічалі і крыжам, і мячом. Дык вось, польскія вярхі рашылі дзейнічаць у адносінах да ВКЛ з тымі экспансіянісцкімі мэтамі, але, узяўшы крыж, адкінулі меч, замяніўшы яго уніяй. I, як пасля выявілася, мелі ў гэтым важкія поспехі.
У адносінах да тэксту крэўскага пагаднення, які дайшоў да нас, выказана меркаванне, што ён у свой час быў сфальсіфікаваны ў карыслівых мэтах польскімі стаўленікамі. Вядома ж, гэта не выключана, аднак разглядаць гэтае пытанне мы не будзем, бо лічым больш важным разгледзець тое, што было ажыццёўлена непасрэдна ў час пасля заключэння Крэўскай уніі.
Дык што ж адбылося?
Першым яе вынікам было заключэнне дынастычнай уніі паміж Польшчай i BKЛ шляхам узвядзення на польскі каралеўскі пасад Ягайлы. А гэта магло ажыццявіцца толькі пры ўмове жаніцьбы Ягайлы з чатырнаццацігадовай Ядвігай, якая пасля смерці свайго бацкі Людовіка Венгерскага стала польскай каралевай. Але гэтаму шлюбу перашкодзіла тое, што Ядвіга была заручана з аўстрыйскім зрцгерцагам Вільгельмам і не жадала адмаўляцца ад свайго абяцання. I ўжо тое, што польскія вярхі з самай актыўнай дапамогай каталіцкіх пастыраў змаглі, не зважаючы на выключна драматычныя сітуацыі (Ядвіга нават спрабавала атруціцца), угаварыць яе адмовіцца ад Вільгельма і іншых прэтэндэнтаў на яе руку і выйсці замуж за Ягайлу, з’яўляецца яскравым сведчаннем, што такое найперш было на карысць Польшчы. Усё гэта з яскравай відавочнасцю абвяргае М. Стрыйкоўскі, які прыпісваў ініцыятыву збліжзння ВКЛ з Польшчай Ягайлу, гаворачы, што, даведаўшыся аб выдатных якасцях Ядвігі, Ягайла сам паслаў яе сватаць. Праўдзівае адбіццё падзей мы і знаходзім у «Хроніцы Літоўскай і Жмойцкай»: «Гды кроль полски Людовик умер, не заставивши по себе сына жадного, только дочк едину на имя Ядвигу, тым часом в Полци вяликия ростирки вшалися, великия панове полския з Кракова присылали до Ягайла, просячи, абы приехал до Кракова на кролевство Полскае и абы окрестився в их веру, а кролевну понявши, застал паном всей Полшы». Польскую ініцыятыву ў заключэнні Крэўскай уніі падкрэслівае і «Хроніка Быхаўца».
Трэба зазначыць, што такі крок польскіх вярхоў не быў нечым арыгінальным у гісторыі. Гэтак жа як у свой час новагародцы далі Міндоўгу свой княжацкі пасад, каб ён заваяваў пакінутую ім Літву, так і зараз польскія магнаты далі Ягайлу свой каралеўскі пасад, каб ён далучыў да Польшчы ВКЛ.
Калі абранне Ягайлы на польскі пасад давала магчымасць польскім вярхам накіроўваць яго палітыку ў патрэбным для іх кірунку, то пераход у каталіцтва некаторых братоў Ягайлы і асабліва хрышчэнне ў гэту веру язычнікаў, якіх было нямала, адчыняў дарогу здзяйсненню гэтай палітыкі непасрэдна ў BKЛ.
Хто ж з князёў прыняў каталіцкую веру? Паводле Я. Длугаша, апроч Ягайлы, без чаго ён не мог стаць польскім каралём, прынялі новую веру Вітаўт, Скіргайла і Свідрыгайла, узяўшы і новыя імёны: Аляксандр, Казімір і Баляслаў. Аднак, як заўважыў далей гэты храніст, «…іншыя літоўскія князі, якія ўжо раней былі ахрышчаны па грэчаскім абрадзе, не згадзіліся з абнаўленнем». Аднак і Вітаўт, і Скіргайла, і Свідрыгайла былі таксама праваслаўнымі. Вітаўт, як нам вядома, перайшоў у гэту веру, калі атрымаў ад Ягайлы ў 1384 г. Берасце і Гародню, а два астатнія да пераходу ў каталіцтва мелі імёны Васілій і Леў.
Асабліва звяртае на сябе ўвагу такі факт. Скіргайла, які ўзначальваў усе цырымоніі перахрышчэння свайго брата Ягайлы, яго шлюб з Ядвігай і яго ўступленне на каралеўскі пасад, у адрозненне ад сваіх некаторых братоў не прыняў каталіцтва, а застаўся ў праваслаўі. I што асабліва важна (на гэта не звяртаюць увагу даследчыкі), Ягайла прызначыў яго сваім намеснікам у BKЛ. Такім чынам, Ягайла, уводзячы каталіцтва ў BKЛ, павінен быў лічыцца з тым, што праваслаўныя складалі асноўную частку насельніцтва ў дзяржаве, што яны прывыклі бачыць над сабою ўладу праваслаўнага князя. Усё гэта яшчэ раз абвяргае сцверджанне аб язычніцкай уладзе ў ВКЛ да Крэўскай уніі.