Вход/Регистрация
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
вернуться

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Што да Рушкавічаў, то гэта прозвішча празрыста славянскае. На карце Памераніі мы знаходзім Ruskewitz, што таксама можа ўказваць на месца, адкуль яны прыйшлі. Імёны іх князёў — Кінцібут, Ванібут, Бутавіт, Віжэнік, Вішлій, Кінцэній, Плікасова, Хвал, Сірвіт — носяць славянскі характар. Па-ранейшаму ў нас адсутнічаюць даныя, якія б далі магчымасць больш-менш дакладна вызначыць месца іх княжання. Толькі па тапанімічных даных, як гэта робіць Э. Гудавічус, вызначыць гэта нельга. Паколькі ў XIII ст. Рушкавічы рабілі напады на Валынь, то мы схільны лічыць, што іх уладанні былі па суседству з Пінскай зямлёй. Відаць, язычніцтва Булевічаў і Рушкавічаў найперш і звязвала іх з балцка-літоўскімі князямі.

У свой час Э. Вальтэр зрабіў спробу вызначыць месцазнаходжанне Нальшчанскай зямлі, якую ён паказваў па паўночным захадзе сучаснай Літвы. Адным з крытэрыяў для такой высновы была наяўнасць там тапонімаў тыпу «Налішкі». Аднак, адшукаўшы такі ў Жамойціі, даследчык зазначыў, што ён нічога агульнага з Нальшчанамі не мае. А гэта азначала, што і іншыя падобныя тапонімы нельга было ўпэўнена адносіць да Нальшчанаў. Прычынай няўдачы Э. Вальтэра было і тое, што ён, атаясамліваючы Старажытную Літву з сучаснай, не звярнуў увагу на сведчанні, якія супярэчылі гэтаму. Так, адзначыўшы, што ў нямецкіх крыніцах «Нальсен» і «Наліске» знаходзяцца ў сувязі з пагранічнай вобласцю, як бы спрэчнай, не жмудскай і не літоўскай, не заўважыў, што тут вельмі выразна паказана становішча Нальшчанаў як тэрыторыі, што раздзяляла Літву і Жамойцію. Прыведзенае Вальтэрам паведамленне Рыфмаванай хронікі, што шлях лівонцаў у Літву на Міндоўга пралягаў праз Нальшчаны і што яны знаходзіліся на дарозе ад Дзвінска да Літвы, таксама пацвярджала месцазнаходжанне і Старажытнай Літвы і Нальшчанаў. Але гэтыя сведчанні засталіся без уважлівага аналізу Э. Вальтэра. А. Кіркор атаясамліваў Нальшчаны з Гальшанамі. Паводле У. Пашуты, Нальшчанская зямля займала ўвесь крайні паўночны захад сучаснай Беларусі і крайні паўднёвы ўсход сучаснай Літвы (ад Нёмана ніжэй Гродна і да Заходняй Дзвіны ў раёне Даўгаўпілса і ад Крэва да Вільні). Гэта ў некаторых адносінах слушна, аднак яму не дадзена тлумачэнне. Нальшчаны непасрэдна межавалі са Старажытнай Літвой, як мы бачылі вышэй, і гэта дае падставу іх лакалізаваць на паўночным захадзе Беларусі. У некаторых месцах Рыфмаванай хронікі Нальшчаны маюць назву «Альсен». Яна, магчыма, нямецкага (гоцкага?) паходжання, бо магла ўтварыцца ад слоў Ааl (вугop) i Seen (азёры), што значыць «азёры, населеныя вуграмі».

Калі так, то гэта вобласць, відаць, займала тэрыторыю паўночна-заходняй часткі Беларускага Паазер’я, багатага вуграмі. Бясспрэчна, што карэннымі насельнікамі Нальшчанаў былі балты. Але, як вядома, гэта раён найбольш ранняга пранікнення славян-крывічоў, на што ўказвае назва «Крэва» і падобныя ёй. I таму Нальшчаны трэба адносіць да найбольш аславяненых к гэтаму часу абласцей. Бадай, неправамерна залічаць Нальшчанскую зямлю да балцка-літоўскіх, асабліва калі ўлічыць, што яе князі адсутнічалі ў валынска-літоўскім дагаворы 1219 г. Нездарма і нальшчанскі князь Даўмонт з усім сваім родам уцёк у Пскоў і там быў абраны князем. Пасля XIII ст. назва «Нальшчаны» знікла, прынамсі ў пісьмовых дакументах. На іх тэрыторыі пазней утварылася Крэўскае княства.

Летапісная назва «Дзяволтва», мабыць, сцягнутая форма назвы «Дзевалотва», што можа гаварыць аб насельніках гэтай вобласці як адгалінаванні балцкага племя лотвы, што ў старажытны час насяляла цэнтральную і паўночна-заходнюю частку Беларусі, тым больш што ў Хлебнікаўскім летапісе Дзяволтва і названа Лотвай. «Хроніка Быхаўца», створаная ў XVI ст., указвае на існаванне Дзевалтоўскага княства, якое знаходзілася ў раёне Вількаміра. Няпэўнасць крыніц спарадзіла неразбярыху ў навуковай літаратуры. Так, на карце, прыкладзенай да кнігі У. Пашуты «Героическая борьба русского народа за независимость» (1956), Дзяволтва паказана ў міжрэччы Нявежы і Швентойі. А на карце «Земли и населенные пункты Древней Литвы» ў кнізе У. Пашуты «Образование Литовского государства» на месцы Дзяволтвы паказана вобласць Упітэ, а асноўная частка тэрыторыі Дзяволтвы аднесена на ўсход ад ракі Швентойі, туды, дзе звычайна паказваецца Аўкштайція.

Праблема месцазнаходжання Аўкштайціі таксама заблытаная. Нават нельга ўпэўнена сказаць, ці на тэрыторыі яе была Вільня, бо некаторыя даследчыкі лічаць, што гэта гістарычная вобласць знаходзілася на захадад Вільні. Тапаніміка сведчыць, што на тэрыторыі сучаснай Літвы аўкштайты займалі прастору ў міжрэччы Меркіс і Стравы і міжрэччы Жаймяны і Швентойі. Але наўрад ці жылі аўкштайты за правым берагам Швентойі аж да р. Нявежыс, як гэта паказвае У. Пашута. У адной з нямецкіх хронік гаворыцца, што ў 1332 г. лівонцы зрабілі набег на Жмудзь і дайшлі да Швентойі. У наступным годзе яны зноў хадзілі на Жмудзь і дайшлі да Вількенберга. 3 гэтага відаць, што заходні рубеж Аўкштайціі не ішоў далей Швентойі.

Гаворачы аб месцазнаходжанні Жамойціі,тэрыторыя якой цягнулася да Балтыйскага мора, мы хочам звярнуць увагу на наяўнасць значнай колькасці тапонімаў тыпу «Жамойцішкі», «Жамайтэлі» і ім падобных у былых Бутрымонскай і Язненскай валасцях Троцкага, у Падбярэзскай, Рукойненскай, Янішскай валасцях Віленскага, у Аляксандраўскай, Беняконскай, Ганчарскай і Эйшышскай валасцях Лідскага, у Дубатоўскай воласці Свянцянскага, у Забрэскай і Суботнікаўскай валасцях Ашмянскага паветаў і інш.Гэтыя тапонімы досыць сканцэнтраваны і лакалізаваны і ўшчыльную ахопліваюць усходнія і паўднёва-ўсходнія межы сучаснай Літвы. Е. Ахманьскі заўважыў неадпаведнасць назвы «Жамойція» (нізкая зямля) таму геаграфічнаму становішчу, якое займае гэта вобласць, размешчаная на высокім месцы. I ён выказвае меркаванне, што гэта назва паўстала тады, калі жамойты сядзелі на нізінным месцы над р. Нявежай. Але адсюль іх нібыта выцеснілі аўкштайты, якія прыйшлі з ашмянскіх высотаў (адсюль і Аўкштайція — высокая зямля). У выніку гэтага жамойты і засялілі сваю сучасную мясцовасць, выцесніўшы адтуль куронаў. Наяўнасць у адных і тых жа мясцінах жамойцкіх і аўкштайцкіх тапонімаў можа ў некаторай меры пацвярджаць гэту думку. Адначасова адсюль можна зрабіць выснову аб магчымасці таго, што ў нашых летапісах Аўкштайція выступае пад старой назвай. I гэта найбольш верагодна, бо яшчэ ў канцы XIX і пачатку XX ст. жыхары ўсходняй Літвы нярэдка называліся жамойтамі, а літоўская мова — жамойцкай.

3 разгледжанага бачна, што балцка-літоўскія землі некампактна цягнуліся з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход ад Балтыйскага мора да вярхоўя Шчары. У даследаваннях сцвярджаецца аб наяўнасці ў літоўскіх землях ужо ў пачатку XIII ст. адносна адзінай дзяржавы, сведчаннем чаго нібыта з’яўляецца дагавор 1219 г. Аднак з гэтым цяжка згадзіцца. У ім упамінаецца звыш 20 старэйшых князёў, што яскрава сведчыць аб выключнай раз’яднанасці гэтых земляў. Выраз «старэйшыя князі» адносіцца ў гэтым дагаворы не толькі да князёў Літвы, як гэта звычайна сцвярджаецца даследчыкамі, але і да князёў усіх пералічаных тут земляў. Тое, што князі Літвы названы першымі, яшчэ раз паказвае яе месцазнаходжанне ў Верхнім Панямонні. Яна была найбліжэй да Валыні і таму названа першай. Апроч таго, не звярталася ўвага на адсутнасць у гэтым дагаворы нальшчанскіх князёў. А гэта таксама не дае права гаварыць аб наяўнасці нават адносна адзінай дзяржавы ў балцка-літоўскіх землях. Але самае галоўнае — гэга так званае адзінства было вынікам не ўнутранага развіцця, а знешняга фактару: балцка-літоўскія князі былі пакліканы валынскімі князямі для барацьбы з палякамі і тым самым паказалі сябе ў якасці наёмнікаў.

На заканчэнне гаворкі аб літоўска-балцкіх землях зноў вернемся да Старажытнай Літвы. Найбольш важна тут будзе падкрэсліць, што яна ўрэзвалася клінам паміж Полацкай, Турава-Пінскай і Новагародскай землямі і побач з імі з’яўлялася адной з гістарычных абласцей Беларусі. Зразумела, што пры аб’яднанні гэтых земляў яна не магла не ўвайсці ў склад тэрыторыі Беларусі як адна з яе састаўных частак. Не бачачы такога геапалітычнага становішча Старажытнай Літвы, нельга зразумець, чаму яна ў сярэдзіне XIII ст. апынулася ў фокусе палітычнага саперніцтва суседніх з ёю земляў, якія імкнуліся заваяваць яе, што было першым звяном у пашырэнні іх улады на іншыя землі. У гэтым саперніцтве і атрымаў перамогу Новагародак, які і стаў цэнтрам утварэння новай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага. Толькі зараз у сувязі з аб’яднаннем беларускіх земляў, як убачым далей, пачалося аб’яднанне ў гэтай дзяржаве і балцка-літоўскіх земляў. Вось чаму няма ніякіх падстаў гаварыць аб існаванні да гэтага часу Літоўскай дзяржавы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: