Ермаловіч Мікола
Шрифт:
ХТО Ж ЁН, ПАКЛОНСКІ?
Падзеі гэтай вайны з асаблівай яскравасцю выявілі факт замацавання за ўсходняй часткай нашай зямлі назвы «Беларусь». Яна шырока ўжываецца ў дзяржаўных дакументах таго часу. Гэта назва паступова пачала пашырацца на захад нашай зямлі, выціскаючы адтуль назву «Літва», якая канчаткова ў пачатку XX ст. перайшла на тэрыторыю сучаснай Літвы. На жаль, гэта вельмі важная акалічнасць не ўлічвалася, ды і зараз не ўлічваецца шэрагам даследчыкаў, і таму ўсё, што насіла назву «Літва» ў мінулым, цалкам адносіцца да сучаснай Літвы. Усё гэта паказвае, што назва «Беларусь» з’яўляецца спадкаемніцай усяго ранейшага, што знаходзілася пад назвай «Літва».
Паказальна і тое, што ў гэты час атрымаў пашырэнне і тэрмін «беларускае пісьмо», што і зразумела. Будучы на працягу стагоддзяў дзяржаўнай мовай Вялікага княства Літоўскага, яна канчаткова выкрышталізавалася ў высокаразвітую і ў гэтай якасці атрымала ўсеагульнае прызнанне і таму шырока ўжывалася ў афіцыйнай перапісцы, пра што сведчаць шматлікія дзяржаўныя дакументы, у якіх адзначана, што яны выкананы «беларускім пісьмом». Ім карысталіся жыхары беларускіх гарадоў нават пры звароце да маскоўскага цара. Заслугоўвае асаблівай увагі тое, што беларускае пісьмо ўжывалі Б. Хмяльніцкі і наказны казацкі гетман I. Залатарэнка. I ці можна гаварыць пасля гэтага, што дзяржаўнай у ВКЛ была ўкраінска-беларуская (?) мова, як сцвярджаецца ў некаторых даследаваннях, калі нават тагачасныя ўкраінскія лідэры карысталіся не ўкраінскім, а беларускім пісьмом.
Канчатковае замацаванне за ўсходам нашай дзяржавы назвы «Беларусь» пацвярджаецца і з’яўленнем нашых першых дзеячаў, якія ўсведамлялі сябе як беларусы і былі абаронцамі інтарэсаў сваёй зямлі. Першым з іх і быў Канстанцін (ён часамі ў сваіх лістах называў сябе Косткам) Паклонскі. У савецкай гістарыяграфіі ён паказваўся як авантурыст і здраднік. І сапраўды, шэраг яго дзеянняў на першы погляд як бы пацвярджаюць гэту характарыстыку. Аднак тут не ўлічваліся канкрэтныя гістарычныя абставіны таго часу, якія дыктавалі неабходнасць такіх ці іншых крокаў дзейнасці К. Паклонскага.
З’яўляючыся шляхціцам і будучы жыхаром Магілёва, ён у пачатку вайны ўзначаліў тую частку насельніцтва горада, якая гатова была добраахвотна здаць свой горад рускаму войску, якое з ходу не ўзяло яго. Але прыхільнікі К. Паклонскага былі ў меншасці, і таму на яго глядзелі як на здрадніка і мяцежніка. I ён з некалькімі сваімі прыхільнікамі пакідае Магілёў, звязваецца з казакамі, якія адсылаюць яго да Б. Хмяльніцкага, па парадзе якога ён накіроўваецца ў Маскву да цара Аляксея Міхайлавіча. Прыязна прыняты ім, К. Паклонскі, атрымаўшы ад цара тытул палкоўніка і каштоўныя падарункі, абавязваецца прыцягваць магілёўцаў да падуладнасці Рускай дзяржаве. Яму таксама быў дадзены дазвол на стварэнне палка з мясцовай шляхты і служывых людзей.
Вярнуўшыся таемна ў Магілёў, Паклонскі беспаспяхова імкнуўся схіліць гараджан да добраахвотнай здачы царскаму войску, і тады ён, з’явіўшыся ў Чавусах, пачынае фарміраваць свой полк са шляхты, гараджан і сялян. Сабраўшы досыць значнае шасцітысячнае войска, Паклонскі з ім падышоў да Магілёва, размясціўшыся недалёка ад яго лагерам. Злучанымі сіламі рускіх войскаў ваяводы Войекава, казацкага палка I. Залатарэнкі і палка К. Паклонскага 24 жніўня 1654 г. Магілёў быў захоплены. Маскоўскі ўрад міласціва захаваў за магілёўцамі ўсе іх ранейшыя правы і прывілеі. У тым ліку і Магдэбургскае права. Між іншым, ім было замацавана і права насіць адзенне «па даўнім звычаі». А гэта значыць, што магілёўцы цанілі свае народныя асаблівасці.
Уся шляхта, якая прызнала сябе падданымі цару, таксама захавала ўсе свае ранейшыя правы. Не быў абыдзены царскай міласцю і сам Паклонскі. Яму ў часовае карыстанне быў аддадзены Магілёў з Чавускім паветам, што і стала асновай яго палкавой адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Аднак Паклонскі не здаволіўся толькі гэтым і стаў пашыраць тэрыторыю свайго кіравання, імкнучыся падначаліць сабе ўсё беларускае Падняпроўе, г. зн. тэрыторыю, якая ў той час і называлася Беларуссю. Адсюль зразумела, чаму Паклонскі стаў называць сябе палкоўнікам беларускім.
Да пачатку восені 1654 г. наступальныя дзеянні рускіх войскаў спыніліся, што дало магчымасць войскам BKЛ на чале з Я. Радзівілам пайсці ў контрнаступленне. Казакі I. Залатарэнкі пад пагрозай далейшага націску Я. Радзівіла адышлі да Новага Быхава.
I вось тут менавіта і выяўляецца ўся сутнасць дзейнасці Паклонскага. Ён не столькі імкнуўся, каб аддаць Магілёў і ўсё беларускае Падняпроўе рускай уладзе, колькі выкарыстаць яе як рэальную сілу ў падначаленні сабе гэтай тэрыторыі. I ён, як мы бачым, дасягнуў гэтага. Хоць ён у сваіх зваротах да цара называў сябе яго падданым і халопам, аднак усё гэта, як паказалі далейшыя падзеі, было толькі прыкрыццём яго сапраўдных намераў. Праўда, іх спярша заўважыў не цар, а казацкі гетман I. Залатарэнка. Калі яго атрады раней падначальвалі паўднёва-ўсходнія гарады Беларусі, то на тэрыторыі Магілёўскага павета казакі ўбачылі для сябе перашкоду, бо тут існавала ўжо самастойная адміністрацыйна-тэрытарыяльная арганізацыя на чале з Паклонскім. Яна мела сваё значнае войска і таму магла абараняць свае інтарэсы.
У гэты ж час з выключнай выразнасцю выявіліся і сапраўдныя мэты ўкраінскага казацтва як у ранейшых яго ўварваннях на Беларусь, так і зараз, у гэтай вайне. Менавіта казакі ўступілі ў яе не для таго, каб дапамагчы Маскве захапіць беларускія землі, а каб далучыць іх да сябе. Войска I. Залатарэнкі так затрымлівалася каля абложаных ім беларускіх гарадоў, бо патрабавала ад іх, каб яны здаваліся не «на імя цара», а ім. Убачыўшы варожыя адносіны да сваіх казакоў з боку Паклонскага, Залатарэнка звяртаецца са скаргай на яго да маскоўскага цара. У сваім лісце ён паведамляў, як Паклонскі «с хоругвями, з бубнами, наехав на сёла, казаков запорожских одних убиша, мужиков казнил, а иные несть где подевались». Хоць Залатарэнка і мог перабольшваць жах учынкаў войска Паклонскага, але яскрава бачна непрымірымасць апошняга да спроб казакоў умацавацца і ў Магілёўскім павеце. Трэба думаць, што супярэчнасці паміж Паклонскім і казакамі не засмучалі, а радавалі маскоўскую ўладу, бо ў гэтым яна бачыла аслабленне аднаго і другога боку, што адкрывала менавіта ёй упэўненасць ва ўстанаўленні тут свайго поўнага панавання.