Шрифт:
— Ды ты знаеш, як у такой сітуацыі патрэбны інжынер па вентылятарах! А дзяжурны інжынер на размеркавальных шчытах? Спыніцца станцыя замрэ жыццё ў Кіеве.
— Не замрэ. Ёсць іншыя станцыі.
— Ёсць канешне. Але без нашай ім не пацягнуць у сю нагрузку.
A Васіль Гмыр маўчаў. Стаяў збоку, глядзеў неадрыўна на станцыю, i выгляд яго, такі бадзёры колькі мінут назад, стаў як пасля дзікага перапою. Скіс чалавек, ажно пазелянеў.
Міліцыянера пераканалі. Амаль уподбег кінуліся ўздоўж канала да станцыі. Васіль неахвотна паплёў ся за сябрамі, сапраўды ногі яго запляталіся i падкошваліся, як у моцна п’янага.
На зялёнай траве валяліся чарнавугальныя стрыжні з абламанымі краямі.
— Што гэта?
Глеб спыніўся, падняў адзін такі стрыжань.
— Кінь! Кінь! — не сваім голасам закрычаў начальнік групы дазіметрыстаў, ix самы вясёлы сябра Вася Гмыр.
Глеб i Генадзь павярнуліся да яго. Васіль стаяў бледны, але надзвычай узбуджана махаў рукамі.
— Хіба не бачыце, што гэта такое? Атамшчыкі, такую вашу!.. Невукі! Графіт гэта! Графіт! Рэактарны. Вунь куды яго выплюнула! Вы ўяўляеце, што адбылося! Назад! Назад! Уцякайма, хлопцы! Калі жыццё не абрыдла…
— Ды вунь колькі там людзей!
— Міліцыя гэта! Міліцыя! Вам мала гэтага — што столькі міліцыі? Уцякайма!
— Уцякай, пацук карабельны! — узлавана мацюкнуўся Генадзь.
— Ідыёты! Вар’яты! — Васіль павярнуўся i кінуўся назад да ракі, сагнуўся, як пераадольваючы стометроўку.
Глебу нават смешна стала, што сябра гэтак уцякае. Ён не верыў у пагрозу. Не мог паверыць. Ён усё яшчэ верыў у надзейнасць рэактара.
— Нанікёр няшчасны! — кляйміў Гмыра Несцярэнка.
— Не будзем асуджаць яго, — сказаў Глеб. — У страху вялікія вочы.
— Распускаем гуманныя соплі? Як на камсамольскіх сходах.
У Віктара заглух матор, і ён, не вельмі яшчэ працверазелы на рачным ветры, корпаўся ў ім. Але маторка адплыла ад берага сама па сабе — ад гойдання хваль; мацнеў гарачы паўднёвы вецер.
Васіль закрычаў з берага.
— Стой! Стой! Чакай!
У гэта міг завёўся матор. Але човен развярнула. Уцекачу здалося, што Віктар накіраваўся з затокі ў раку. I Васіль кінуўся ў ваду, паплыў наўздагон.
Здзіўлены Віктар развярнуў маторку i спрактыкавана, умела, як ратуюць тапельцаў, схапіў Гмыра за валасы, за каўнер пінжака, уцягнуў у човен.
Выплёўваючы акрываўленую ваду (кроў ішла з носа), Гмыр, лежачы на дне, хрыпеў, сцяўшы пасінелыя губы:
— Назад! Хутчэй назад!
— Куды?
— Усё роўна — куды. Далей адгэтуль! Як можна далей!
— А што здарылася?
— Я скажу табе — што…
Спалох перадаўся i Віктару, i ён прыбавіў газу. Маторка вылецела на прастор Прыпяці. Віктар крычаў праз роў матора:
— А хлопцы дзе?
— Яны… героі. А я не хачу быць героем. Я не хачу! — Васіль падняўся, учапіўшыся ў сядзенне, i таксама цяпер ужо крычаў у твар рулявому: — Я не хачу! Разумееш? Не хачу я ў героі! А яны… дурні яны!
Віктар нічога не разумеў i глядзеў на інжынера, як на хворага. А той размазваў мокрымі рукамі па твары кроў i слёзы. З адзення яго цякла вада.
А яны тым часам… Глеб i Генадзь набліжаліся да станцыі. На пляцоўцы стаяла многа машын. Станцыя ачэплена міліцыяй. Але ніхто ix больш не спыніў. Толькі знаёмы міліцыянер у прахадной здзівіўся ix адзенню:
— А вас адкуль сарвалі!
III
А вяселле шумела i без жаніха. I без нявесты. Ірына таксама знікла.
Рэй вялі Пыльчанкі, стары i малады, як бы стараліся кампенсаваць адсутнасць сына i брата. Уладзімір Паўлавіч паказваў сваё мастацтва за сталом: перахапіў у сваіх намеснікаў ролю тамады i выконваў яе адменна — з жартаўлівымі беларускімі вясельнымі i грузінскімі — на любы выпадак — тостамі. Барыс верхаводзіў сярод моладзі, на танцах.
Трывога ў сувязі з нечаканым ад’ездам маладога трымалася толькі ў маці i жонкі. Мілс іншым, Вольгі Андрэеўны таксама не было за сталом. Яны пайшлі з Ірынай ажно да Прыпяці. Гулялі там, знешне спакойныя, амаль вясёлыя. Пра Глеба не гаварылі, але адчувалі, разумелі, што кожная з ix думае пра яго. I гэта ix збліжала.
Марыя Пятроўна пайшла па нейкай патрэбе ў сваю хату. Тут жа вярнулася. Сказала свату:
— Звоніць Мятліцкі. Пачула з двара: тэлефон ажно захліпаецца… Вельмі просіць вас, Уладзімір Паўлавіч.
— Што яму трэба? I тут знайшоў. Во званар. Без нянькі авёс пасеяць не можа, — асудзіў Пустаход, маючы на ўвазе свайго калегу.
А Пыльчанка адразу ўдакладніў:
— Які Мятліцкі? — у раёне было некалькі Мятліцкіх.
— Той, што школамі камандуе.
Невядома па якой логіцы Уладзімір Паўлавіч звязаў званок загадчыка райана з пажарам на станций, з ад’ездам Глеба i яго сяброў, i ў разгарачаную галаву ўдарыла халодная хваля трывогі, уміг выветрыла хмель. Пустаход i госці, якія чулі размову, здзівіліся, як паспешліва старшыня райвыканкома пайшоў дахаты на выклік падначаленага.