Вход/Регистрация
Злая зорка
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Віктар хадзіў на маторцы ў гумавых ботах i ў старых залапленых джынсах. Назад, трохі спалоханы, добра працверазелы, выціскаў з матора ўсе сілы. Сустрэчная хваля апрыскала яго, i вясёлы зух ператварыўся ў мокрую курыцу. Хаваючыся ад гасцей, прашмыгнуў у хату, каб пераапрануцца. Пачаў з таго, што ўзнагародзіў i падбадзёрыў сябе шклянкай гарэлкі, дастаў пляшку ca свайго тайніка — прыхаваў для апахмелля, бо ведаў, што ўсе банкетныя астаткі Ліза зачыніць на добры замок. Прыйдзецца ісці да цешчы, каб паправіць «дурную галаву», што рабіў ужо неаднойчы, толькі цешча магла выручыць, калі Пустахода не было; той «частаваў» «дарагога зяця» добрай праборкай, i Віктар баяўся яго.

Ніводнай душы не было ў хаце, усе за сталамі, на танцах. Але ўсюдыісная жонка i тут высачыла. Толькі наліў у другую шклянку, так, слёзы сірочыя, як у адчыненае акно ўсунуліся яе рыжыя кучары.

— Віця! Ну, i кот жа ты шкадлівы? Мала табе за сталом будзе?

— Бачыш, мокры ўвесь…

— Баўтануўся ў раку, ці што?

— Некаторыя баўтануліся. А я ляцеў на сваёй маторцы, ажно Прыпяць з берагоў выходзіла.

— Так спяшаўся да чаркі? Адвёз?

— Адвёз. Але, — ён таямніча прылажыў палец да вуснаў.— Ша… Там штосьці робіцца — не для нашага розуму. Падвёз я ix да канала. А там — міліцыя. Пайшлі яны. Я адплыць не паспеў, матор заглух. I тут бяжыць назад адзін з ix гэты белы… вясёлы, як яго? Васіль. Махае рукамі. «Стой! Стой!» Можа, падумаў, што я адплываю, матор завёўся. Кінуўся ў ваду. Уяўляеш? I сажонкамі да мяне. «Ты шчо?» — «Я табе раскажу шчо». Але нічога толкам не расказаў, у яго кроў з носа пайшла. Ну, гэта i ў мяне бывае, у душныя дні на камбайне дык часта. Адно сказаў: «Яны — героі. А я ў героі не хачу. Я ў героі не лезу». Высадзіўся на пустым беразе. Бутэльку папрасіў…

— А ты i туды захапіў? Во горачка мае! Праглыне цябе Прыпяць. Дзяцей асіраціш.

— Ты знаеш, спужаў ён мяне. Як чокнуты. Вочы сталі што процітуманныя фары. Во! Не, не жоўтыя, зялёныя нейкія.

— Дай твой стакан.

— Выльеш?

— Вылью.

— Чым дабру прападаць… — выплеснуў гарэлку ў рот.

— Нахіліся да мяне.

— Падстаў табе шчаку? А во! — паказаў жонцы дулю.

— Дурань. Калі ты сур’ёзным чалавекам станет? Мне з табой пагаварыць трэба. Чакай. Я ў хату зайду.

Увайшла. Адразу знайшла тайнік, канфіскавала недапітак.

— Гэта такая сур’ёзная гаворка?

— Слухай, дабраверны мой! Пра гэта… як зайчык драпануў — нікому ні слова. Дайшло да цябе? А то прыпішуць табе выдачу ваеннай тайны…

— А ты думает — тайна?

— А чаму ж там міліцыя?

— Праўда твая. Маўчу, як рыба.

— Не. Ідзі… гэтую ж мінуту, паку ль не развязло цябе… адзаві бацьку i свата i ўсё раскажы ім. Але Іры i свацці — не пікні. Не. Сядзі тут. Я сама пазаву ix.

Смяяўся баян. Жаночы голас весяліў наваколле гарэзлівай застольнай песняй:

А хто п’е, таму налівайце, Хто не п’е, таму не давайце…

Смелы перад жонкай, хоць, здаралася, зарабляў ад яе i кухталёў i качалкі па спіне, Віктар баяўся цесця. Здалося яму, што Іван Іванавіч з самага пачатку з недаверам паставіўся да яго шчырага расказу, таму, збянтэлсаны, Віктар кляўся i бажыўся, што кажа святую праўду. Але — во загадка! — менавіта ад жадання расказаць так, каб яму паверылі, ён caчыняў, згушчаў фарбы. Бачыў дым над станцыяй, а з расказу вынікала, што ўсё там гарэла i трашчала, стаяла безліч пажарных машын i ўсё наваколле ачэплена міліцыяй. Таму, маўляў, i спалохаўся гэты «заяц белы» Васіль. А Глеб i Генадзь кінуліся ў самае пекла.

Віктара падбадзёрваў Пыльчанка: слухаў сур’ёзна, заклапочана, ажно лоб зморшчыўся. Але потым сыпануў мяшок пытанняў, на большасць з якіх відавочца адказаць не здолеў, каб сачыняць — не хапіла фантазіі, заліхвацкасць п’янага манюкі згасла: вельмі сур’ёзна дапытваўся старшыня райвыканкома, да драбніц дакопваўся, быццам даследаваў бяду ў сваім раёне.

Віктар правільна адчуў. Ва Уладзіміра Паўлавіча сапраўды з’явілася цяжкае прадчуванне катастрофы, страх за сына, за людзей там, у Прыпяці, i за гэтых, што весела танцуюць. Але самае цяжкае было адчуванне уласнай бездапаможнасці: а што ён можа зрабіць? Ёсць у яго права падаць хоць які сігнал трывогі? Ён здзівіў Віктара, калі загадаў гэтак жа, як i Ліза:

— Пакуль што нікому не расказвай. Сваім таксама. Ірыне… Ты знаеш жанчын…

— Ого! Яшчэ як знаю!

— Дзе ён вытрымае! У яго пад чаркай не язык, мянташка, — пакрыўдзіў цесць.

— Вы, бацька, дарэмна гэта. Вы мяне не цэніце. Я, можа, не такія сакрэты знаю!

— У тым i няшчасце, што многа знаеш! А галоснасць у цябе, што ў галасістага пеўня. Да людзей не хадзі! Пагуляў, папрацаваў i — сушы вёслы!

— Ёсць сушыць вёслы!

— Вось так.

Гаспадары выйшлі на двор.

— Што ты думаеш, Іван Іванавіч?

— А што мы з табой прыдумаем? Чыя бяда — той няхай i думае.

— Баюся, каб гэта не стала агульнай бядой, — i расказаў свату пра званок загадчыка райана. — Звяжы ў адзін вузел…

— Не хачу я вязаць, Уладзімір Паўлавіч. Хапае ў мяне сваіх вузлоў. Сяджу за сталом, a думкі на полі: як да Першага мая бульбу пасадзіць. I кукурузу трэба сеяць. Зямля перасыхае. А людзей не хапае. Адсмактала гэтая чортава станцыя ў мяне людзей. Механізатары ўплываюць. Гэтага завадзягу зяця свайго чуць утрымаў. А то ўжо быў i Лізу пераканаў, чарцяка. Прыйшлося мне паказаць бацькоўскую ўладу. Не думай. Хадзем апошні круг правядзём. У цябе гэта здорава выходзіць…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: