Вход/Регистрация
Злая зорка
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Глеб наліў віна ў бакал, уголас абвясціў тост:

— За тваё шчасце, Глеб. За тваё шчасце, Ірына.

— Ты што робіш тут?

Ён ажно ўздрыгануў — як захапілі за нечым непрыстойным.

У дзвярах стаяла Ірына ў незашпіленым халаце.

— Снедаю.

— Божа! Які эгаіст мой муж. Жонка памірае з голаду, а ён употай аплятае каўбасы. Не, праўда, чартоўскі хочацца есці, ажно смокча пад лыжачкай.

Яна падышла да стала, спахапіўшыся, захінула халат з прыемнай для Глеба цнатлівасцю. Села каля стала.

— Сёння i я дазволю сабе выпіць віна. Адзіны раз, апошні. Налівай, мой уладар. Перад тым як прачнуцца, я сніла банальны сон. Гудзеў гудок, як у фільмах пра рабочы клас. Разумею, што ён будзіць мяне, што мне трэба на нейкую вельмі ж адказную работу, а прачнуцца ніяк не магу. A ўключыўся халадзільнік — i я прачнулася i пачула, як булькае віно. Ты ловіш розніцу — як булькае вада i як булькае віно?..

— Моцна ж ты спала. На Прыпяці раве буксір. Можа, паўгадзіны ўжо. На дварэ дзіўны туман. Такога туману я ніколі не бачыў. Ажно горла дзярэ. З ганка дуба не відаць.

— Над ракой часта бываюць туманы. Палескія туманы асаблівыя. Ты дрэнна ведаеш Палессе.

— Ты дрэнна ведаеш свайго мужа. Я вырас на Палессі.

Ірына засмяялася.

— Вырас, але не дарос. Ты «захварэў» Украінай, Кіевам.

— А што ты думаеш? Мяне цягне ў Кіеў. Заўтра ж паедзем туды ў наша вясельнае падарожжа.

— А мяне цягне ў Мінск.

— Добра, паедзем у Мінск, адтуль паляцім у Кіеў. На «Ракеце» вернемся дадому.

— Ты знаеш, са школьных гадоў у мяне такое адчуванне, што менавіта наша вёска — у цэнтры зямлі… Як табе гэта падабаецца? Твая жонка з цэнтра зямлі. А дзе твой хлеб, гаспадар?

— Хлеба няма.

— Як хлеба няма? У Пустахода няма хлеба? Ды ты што! Думаеш, што кажаш?

Пайшла сама на кухню шукаць. Не знайшла. Вярнулася іранічная, але трохі як бы збянтэжаная ці як бы пакрыўджаная на тых, хто рыхтаваў гасцёўню, ix шлюбную ноч.

— Хаця б сухар дзе застаўся ад чыноўных п’янюг. Вычысціла Ліза ўсё старое. А хлеб, відаць, паручыла Віктару. Маўчы, не кажы, а то яна плеш яму выстрыжа. На людзях. У Лізы гэта гульня. На людзях, пры нас, сёстрах, яна пілуе мужа ўздоўж i ўпоперак. А на самай справе найдабрэйшая жонка. О, няхай хто іншы скажа што благое пра яе Віцьку. Ого! Любіць мяне, бо я да яго заўсёды з павагай. Сварыцца з Тамарай. Томка дражніцца з ім. Ліза на яе коршунам налятае. «Саплячка! Развяла панібрацтва. Ён па ўзросту — бацька твой. Вунь Ванька цябе даганяе, дурніцу!» А знаеш, Барыс шугануў гэтага… Плечку за плот за Тамару. Сястра мая — цаца, яна з усімі дразніцца. Як трэба было паступіць сур’ёзнай дзяўчыне? Убачыла, што да цябе заляцаецца сур’ёзны чалавек, — аддай увагу яму, не круці хвастом, як лісіца. Праўда? Ты хацеў бы, каб яны пажаніліся? Барыс i Тамара.

— А гэта можна? Па царкоўных законах?

Ірына адкінулася на спінку i звонка засмяялася.

— Жаніцца з сёстрамі? Насмяшыў. Глебчык! Ты ў лаўры не служыў?

Ірына выпіла віна i стала нязвыкла гаманкой, вясёлай. А можа, не ад віна. Хутчэй — ад шчасця. Што яна — законная жонка i яны ў першы дзень сумеснага жыцця вось так незвычайна снедаюць. У бацькавай гасцёўні. Без хлеба.

Елi многа, смачна, пакаштавалі ўсяго, што хаваў у сабе халадзільнік. I апельсіны пайшлі. Глеб гэтак па-майстэрску абдзіраў, што атрымліваліся розныя фігуры. Адна з такіх фігур насмяшыла медычку.

— Можна падумаць, што ты ў Іспаніі нарадзіўся. Гішпанскі гранд, — i зноў смяялася, забывалася на халат, расхінаўся ён, агаляліся грудзі, Глеб любаваўся яе пякнотамі. Ірына цнатліва прыкрывалася.

А потым, апраўдваючыся туманам, яны зноў ляглі i праз пэўны час заснулі, п’яныя ад радасці.

Другі раз ix разбудзіў тэлефонны званок. Званіла Ліза.

— Вы што гэта, вырашылі рэкорд паставіць? Госці з’язджаюцца.

Туман рассеяўся, але сонца ўсё яшчэ не прабівалася да зямлі. Сонца яны ўбачылі, калі выехалі з лесу ў поле. У небе над густой азімінай звінелі жаўранкі.

У Лізіным гародзе, дзе паміж маладымі яблынямі i вішнямі стаялі сталы, гуляла ўжо нямала гасцей. Першымі прыехалі з горада Вольга Андрэеўна, Уладзімір Паўлавіч, яго намеснікі — сваты, Глебавы таварышы са станцыі, якія начавалі ў гасцініцы. Барыса ўбачылі пазней, ён памагаў гаспадыням насіць з кухні стравы. Хацеў быць бліжэй да Тамары. Маці ажно прыраўнавала трохі, сказала мужу:

— Глядзі, які хатні наш сын. A некалі талерку ленаваўся памыць.

— Армія навучыла, — з ухваленнем заўважыў Пыльчанка-старэйшы, аднак успомніў пра свой учарашні гнеў, які зрабіў для яго ноч амаль бяссоннай: — Розуму не навучыла. Спаднічнік! Гатовы шлейф за ёй насіць — за Тамарай, — чамусьці раздражнёнасць яго перакінулася i на дзяўчыну. — Гонару бракуе баявому афіцэру.

— Не заводзься, калі ласка.

— Я ўжо адвёўся. Кароткі мой завод. Вушы яму паганцу, трэба надзёрці.

— Не дацягнешся.

— У тым i бяда, што не дацягнуцца. Страціў уладу над дзяцьмі. Не набыў — над людзьмі.

— Мала табе ўлады?

— Улады, можа, i не мала, ды карысці ад яе мала. Людзям. Улада тая добрая, якая на карысць людзям. Праўда, сват? — звярнуўся да Пустахода, які наблізіўся да ix. — Жонка крытыкуе мяне за жаданне надзерці каму-нікаму вушы.

— Не трэба, Вольга Андрэеўна, крытыкаваць нас. Цяпер вакол нас крытыкі растуць, што грыбы пасля дажджу. Дэмакратыя!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: