Вход/Регистрация
Уліс з Прускі
вернуться

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Кужалі дружна абселі сямейны стол. Таўканіна здалася нейкай саладжавай — відаць, бульба крыху прымерзла, але на гэта не звярталі ўвагі.

Усё ж такі вясной чалавек весялей глядзіць на жыццё, хоць клопатаў, вядома, хапала. Асабліва турбавалася гаспадыня.

— Міхалка, схадзіў бы ты да Падгурскага, хай бы жыта пуды са два пазычыў — на праснакі,— папрасіла Марыля.

— А можа, таго, у каго з суседзяў? — разважыў Кірыла.

— Не, я сёння ў Ратайчыцы мушу ісці.

Усе ведалі, што судовая справа зацягнулася, і ўсіх не пакідаў клопат пра сведкаў.

— Няўжо не знайду праўды? — услых, з нейкай пакутлівай бадзёрасцю, падумаў Міхаль.

Марыля ўздыхнула. Апошнім часам жыло ў ёй смутнае прадчуванне чагосьці нядобрага.

Паснедаўшы, Міхаль накіраваўся-такі да Пацея.

…Пісар, убачыўшы наведвальніка, лыпнуў вачыма і кінуў позірк на Міхалёвы кішэні:

— А-а, ты? Не спяшайся. Каморнік будзе, калі падсохне. Не палезе ж ён у гразь…

Міхаль хацеў нешта сказаць, але Пацей перабіў яго:

— Ты сведкаў толькі знайдзі, а я ўжо навучу іх, што гаварыць! — у голасе Пацея гучала, як заўсёды, калі ён на падпітку, незадаволенасць разам з самаўпэўненасцю. — Ідзі, куслівая! — раздражнёна адмахнуўся ён ад першай ажынай мухі, што рвалася сесці на яго чырвоны нос.

Міхаль пачасаў за вухам.

— А лепш за ўсё памірыцца вам трэба, прасіце адзін у аднаго міру! Цяпер жа з Японіяй вайна, чуў? Нашто нам яшчэ адна?

— Дык гэта не проста.

— Не проста, вядома. Падумай!

З валаснога ўпраўлення Міхаль выйшаў з цяжкім сэрцам. На дварэ — непагадзь. Сонца і не думала выглядаць з-за хмар. З поўдня дуў вецер, ад якога набракала вільгаццю паветра і станавілася густым і цяжкім. З Ратайчыц да маёнтка Падгурскага ішоў па дарозе, а далей вырашыў ісці праз Плісу, напрасткі. Там яшчэ з восені ляжала добра ўмацаваная кладка, якую не знесла нават веснавое паўнаводдзе. Накрапваў дождж. Ногі грузлі ў падталым снезе. Боты разбухлі ад вады і сталі цяжкімі. Чутно было, як па хмызняках шырокімі хвалістымі крокамі хадзіў вецер.

Кладка — адно бервяно. «Каб не паслізнуцца!» — падумаў Міхаль, ступіўшы на бервяно, і амаль адразу ж страціў раўнавагу і паляцеў уніз, дзе аддавала холадам вада. Хутка памацаў дно і ўстаў на ногі. Вады было якраз па пахі. Халодная, а пякла, як агонь. Бераг, на шчасце, побач. Ён учапіўся за нейкае ламачча, ачуняў і перавёў дыханне. На парог з'явіўся ўвесь мокры. Нават боты не выцер, што звычайна не забываў рабіць.

— Ой, людкове, што з табой?! — заламала рукі Марыля.

— Дай як абагрэцца! — Міхаль выглядаў разгубленым. Хлюпалі размоклыя боты і дыхаў цяжка. — Чабохтаўся ў той рацэ, пакуль выбраўся.

— Хуценька пераапранайся ў сухое! — замітусілася Марыля.

Памяняўшы бялізну, Міхаль узабраўся на цёплы запечак. Марыля згатавала і адразу ж напаіла яго адварам ліпавага цвету. Відаць было, як Міхаля даймалі дрыжыкі, лоб блішчэў ад поту. Тым не менш раніцай ён падняўся.

«Дзякуй Богу, ачуняў!» — узрадаваўся Кірыла.

Міхаль і сапраўды на першых парах адчуваў сябе быццам бы і не блага. Паспеў нават пасадзіць бульбу, але пасля гэтага раптоўна занямог і злёг. Тоня з Фядоркай якраз вучылі хадзіць маленькую Барбарку. Міхаль ляжаў на ложку, глядзеў на дачок. Твар у яго быў спакойны, але ў галаве віхурыліся думкі: «Божа мой, нашто я іх на свет пусціў, сірацінак?!»

— Тоня, падай вады! Стаміўся я нешта сёння… — папрасіў дачку.

Вечарам нават не дакрануўся да малака, што ўскіпяціла яму жонка. Кірыла падышоў да хворага і прыклаў руку да лба.

— Пал у яго вялікі…

Побач стаяла пабляднелая Марыля.

— Можа, каб да шаптухі яго? — у трывозе паглядзела яна на Кірылу.

Гаворка ішла пра суседку Васіліху, якая жыла праз колькі хат ад Кужалёў і не без поспеху займалася народным лекаваннем. Кірыла, нічога не кажучы, збегаў да Мордкі, узяў напавер кручок гарэлкі. Разлічыцца можна было і пазней. Хуценька прынёс і, дастаўшы з паліцы ёмкі кілішак з тоўстага зеленаватага шкла, амаль да палавіны наліў сыну. Міхаль выпіў і з удзячнасцю паглядзеў на бацьку.

— Што, — узрадаваўся той, — палягчэла трошкі?

— Здаецца, палягчэла.

— Так! Гарэлка, што ні кажы, а збівае пал…

У хату зайшоў сусед Назар Хомка. Сеў на лаўку, не скідаючы світкі, паглядзеў на Міхаля і, каб хоць як суцешыць хворага, сказаў:

— Азіміна добра паднялася.

Але хворага гэта не ўзрадавала.

— Жаць будзеце, мусіць, без мяне…

Кірыла глыбока ўздыхнуў.

— Можа, якога настою папіць? Бывае, што дапамагае, — сказаў Назар і, доўга не затрымліваючыся, моўчкі выйшаў, асцярожна зачыніўшы за сабою дзверы.

Хвораму не палепшала ні праз дзень, ні праз два. Наказалі цётцы Васілісе Каленкавай, якая прыйшла ўвечары. Зычліва і дабрадушна агледзела небагатую хатнюю абстаноўку і спыніла погляд на хворым, трымаючы пад рукою цёмную бутэльку з нейкай вадкасцю.

— Гэта настой з ядлоўцу і бярозавых пупышак, для націрання, — растлумачыла лекарка, прыглядаючыся да хворага, — яе шэрыя, маладжавыя вочы прыветна ўсміхаліся, але твар сведчыў пра рашучасць характару.

— Ломіць цела, — паскрадзіўся хворы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: