Гніламёдаў Уладзімір
Шрифт:
Кармілі жывёліну не блага — і сена давалі, і сечкі, і аўса. У нядзелю Лявонка з ведама Кірылы намяшаў Орліку ў сечку сырой бульбы, і, можа, зашмат. Думаў падтрымаць жывёліну (гэта быў ужо немалады конь), але — не. У панядзелак Кірыла не пазнаў каняку. Орлік узмакрэў і дрыжаў сваімі худымі, але распёртымі і ўздутымі бакамі.
— Каб хоць пасеяць ён нам даў,— з трывогай глядзеў на каня Кірыла.
Аднак конь ужо не паднімаўся. Кінуліся шукаць хоць якога паратунку — клікнулі суседзяў. Мужчыны прасунулі пад Орліка вяроўкі і дапамаглі беднаму каню ўстаць на ногі. Той, здавалася, падбадзёрыўся, нават ступіў колькі крокаў, але капыты яго ўжо не трымалі, і ён усімі чатырма нагамі абрынуўся на дол.
— Насланнё нейкае, — загаласіла Марыля і ўсплёснула рукамі. Жанчына зайшлася ад слёз.
Жаласліва глядзеў і Кірыла. «Не памірай, конік, хутка лета прыйдзе», — казалі яго вочы. Прайшло колькі часу. Орлік ляжаў нерухома і ўжо, відаць, паспеў акалець. Кірыла разам з Лявонкам узялі ў Хомкі кабылу і, прывязаўшы Орліка за шыю, адцягнулі яго за клуню і закапалі.
— Без каня надта не нагаспадарыш… — услых падумаў Лявонка.
— Без каня не жыццё, — згадзіўся і Кірыла.
Больш за ўсіх перажывала Марыля: што ж цяпер будзе? Давядзецца, мабыць, Ланьку прадаваць ды купляць каня, каб поле араць… Мужчынам нічога не заставалася, як згадзіцца з гаспадыняй.
— Прададзім Ланьку ды пазычым яшчэ колькі рублёў, бо за адну карову каня не купіш.
— Эх, багаты мы, як той казаў, беднасцю, — сумна пажартаваў Кірыла.
— А можа, дзядзька Хведар дапаможа? — выказаў меркаванне Лявонка.
У цяжкую хвіліну яны заўсёды звярталіся да дзядзькі Хведара, Марылінага брата.
Спачувалі і вяскоўцы.
На Юр'я, калі выгналі на пашу, на ранішнюю расу, скаціну, Лявонка ўбачыў Ганну Васілішыну — яна стаяла каля сваёй каровы. Цікава было глядзець, як каровы абнюхвалі адна адну, як бы не пазнаючы, шумна ўбіралі ў ноздры паветра, круцілі пысамі, азіраючыся па баках, шукаючы цялят. Пахла маладая крапіва, што паспела ўжо зазелянець і прыгрэцца пад заімшэлымі прускаўскімі платамі. Але ўсе пахі перабіваў гаркаваты водар прэлага лісця, нагадваючы пра той кругаваротны ўзаемаабмен паміж жывым і нежывым, які неадменна, спрадвеку існаваў у прыродзе.
Калі статак апынуўся за панскім садам, Ганна сама падышла да яго. Колькі хвілін маўчала. Валасы ў Ганны, як звычайна, заплецены ў касу, што віднелася з-пад белай хусцінкі, у канец касы ўвіты чырвоны каснічок. Толькі над ілбом уецца непакорлівая пасмачка. Ганна лёгкім узмахам рукі адкінула яе з ілба наверх, далучыўшы да астатніх валасоў. Яму падабаўся гэты яе нязмушана-прывычны рух.
— Я гляджу, ты і пасвіць не ўмееш, — пажартавала яна як бы замест прывітання.
— У цябе, калі што, падвучуся, — адказаў ён жартам на жарт.
— Ой, Лявонка, што ж цяпер будзеце рабіць? — шчыра паспачувала яна, і ён убачыў, як раптам паніклі тонкія дужкі яе бровак, спахмурнеў прывабны, як вясенняя раніца, тварык.
— Нешта ж будзем… — няпэўна адказаў хлопец і злёгку кашлянуў.— Можа, у дзядзькі Хведара пазычым каня.
Побач цвіў лазовы корч.
— Рана сёлета лаза зацвіла, — сказаў ён, каб перавесці размову на іншае.
Ганна таксама залюбавалася на пяшчотныя лазовыя коцікі. Яе тонкія ружовыя ноздры ўздрыгнулі і заварушыліся, адчуўшы густы водар лазовай кары. Чутно было, як у балоце за вёскай пачыналі квакаць жабы. Іх у балоце, у жырыле, шмат: карычневыя, зялёныя, чырванаватыя.
— Жабы ажылі, бо ўчора ўжо грымела, — растлумачыла Ганна. — Як загрыміць, дык яны ажываюць.
— Учора нават і дождж крыху накрапаў, цёплы такі,— згадзіўся Лявонка. Яму падабаліся яе простасць, і наіў, і спачуванне, якое раптам дыхнула на яго нейкай чалавечай цеплынёй і сімпатыяй.
Парывам ветру здула з лазовых коцікаў жоўты пыл. Падумалася: «Калі Ганна гэтак ставіцца да мяне, значыць я не горшы за іншых, нешта для яе значу». Неўсвядомлена, як бы па нейкім паху, адчуў, што пасля зімы абуджаецца яе дзявочае цела. Гэтай вясной ён і сябе пачуваў дужэйшым, ужо не падлеткам, — з'явілася сіла ў руках і нагах. Цяпер, калі ён стаяў побач з Ганнай, хацелася даць ёй нейкі важкі, неабвержны доказ свайго пачуцця, але не ведаў, як гэта зрабіць…
Назаўтра Лявонка пайшоў да дзядзькі Хведара. Да яго хутара — ажно за Свішчовам — сем вёрст. Адолеў іх хутка. Пазычыў дзядзька Хведар каня. Ён і раней, здаралася, пасабляў, не адмовіў і на гэты раз. Сыты канёк, адкормлены, як мае быць. Ён і дапамог Кужалям выйсці з іх скрутнага становішча.
Закончыўшы сяўбу, прускаўцы рыхтаваліся да сенакосу. Наперадзе была гарачая летняя пара.
…Зялёным сокам налівалася, квітнела прыроднае ўлонне. Адкупленая ў пана прускаўская донка цягнулася ажно да самай ракі.
Кожнай вясной шырокай паводкаю запаўняе Лосьна сваю пойму, шчодра поіць лугі, хмызнякі, і, калі вада адступае, на абсяжных берагах ракі цвіце лотаць, заліваючы іх жоўтай квеценню. Пасля гэтага на месцы былога разводдзя, на лугавым узбярэжжы ракі, узнімаюцца густыя цёмна-зялёныя травы. Аксамітным дываном сцелюцца яны па ўсёй абалоне. І вось прыйшла пара — закрасавалі ўкрытыя густым мурагом надрэчныя сенажаці.
Перад Тройцаю прускаўцы справілі старое свята — Зеляней. Гаспадыні ўпрыгожвалі зелянінай («маем») хаты. Зеляней — вясны канец. Адсвяткаваўшы Зелянец, а затым і Тройцу, наважваліся касіць сена.