Вход/Регистрация
Уліс з Прускі
вернуться

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Вясковы каваль, акрамя таго, яшчэ і зубны доктар. Калі забаліць зуб, асабліва карэнны, ды так, што чалавек месца сабе не знаходзіць і нішто не дапамагае — ні лекі, ні замовы, тады да каваля даводзіцца звяртацца. Пракоп, доўга не думаючы, браў клешчы і выдзіраў хворы зуб. Здаралася, праўда, памыляўся: замест хворага рваў здаровы, але з кім не бывае…

Пацямнелая ад часу і жалезнай копаці кузня знаходзілася за вёскай, на выгане, праз які ішла дарога ў суседнія вёскі. Ля кузні стаяў Васіль Каленік, трымаючы за вуздэчку распрэжанага каня. Прывёў падкаваць. На гаспадару той самы прывычны для ўсіх абшарпаны кажушок.

«От і Орліка трэба было б падкаваць на пярэднія ногі», — падумаў Міхаль.

З кузні выйшаў Пракоп у доўгім кавальскім фартуху. На галаве ў яго збітая з чорнай воўны магерка, якую ён не здымаў ні на вуліцы, ні ў кузні. Ад часу і пылу магерка набыла цьмяна-шэры колер. Павіталіся. Пракоп — у рабоце. Ён учэпіста ўзяў Васілёвага каня за нагу, заціснуў яе пад сваім каленам так, каб яна не вырвалася, і пачаў прымацоўваць да капыта свежую, нядаўна выкаваную падкову. Потым асцярожна стукнуў малатком па вухналю. Раз, другі, трэці… Жылы на руках у каваля тоўстыя, напампаваныя крывёй.

Васіль сказаў жартам:

— Мусіць, шчаслівы ты чалавек, Пракоп, што заўсёды падкову ў руках маеш.

Каваль засмяяўся:

— Дзе ж яно — тое шчасце? Мусіць, збегла некуды…

— А ці мог бы ты, Пракопе, так падкаваць, каб ён ніколі не спатыкнуўся? — у голасе Васіля зноў пачуўся жарт.

Засмяяўся і Міхаль.

— Чаго захацеў! — у Пракопавых вачах з чырвонымі павекамі таксама зайгралі іскрынкі ўсмешкі:

— Прайшла чутка, што ты ў Амэрыку сабраўся?

— Ужо шыфс-карту маю! — пахваліўся Васіль.

— У Амэрыцы, кажуць, шалёныя заробкі! Вось там і дагоніш сваё шчасце…

— У Амэрыцы свабода. Паехалі разам!

— Каб не кузня, я б паехаў! Можа б, і зарабіў бы тых даляраў…

Пракоп гаварыў шчыра — сям'я яго жыла даволі бедна, і прычынай было, магчыма, яшчэ і тое, што ён гнаўся за двума зайцамі: кавальскую справу намагаўся спалучыць з палявымі клопатамі. А гэта, вядома, не проста.

Падкаваўшы каню адну нагу, ён узяўся за другую.

— А ты, Міхаль, не думаеш ехаць? — спытаў каваль, не адрываючыся ад работы.

— Не. Спраў шмат. І хату трэба новую ставіць, старая зусім струхлявела. І Падгурскаму вінаваты…

У Падгурскага пару гадоў назад Кужалі купілі зямлі. Пасля таго як расплаціліся з казной за Срач, Міхаль, параіўшыся з бацькам, узяў яшчэ паўтары дзесяціны на Доўгіх.

— Я ведаю, што ты сведак шукаеш? — Васіль глянуў на Міхаля. — Я б пайшоў, але ж, бачыш, у Амэрыку еду…

Міхаль нічога не адказаў.

Пракоп хутка справіўся і з другой конскай нагой, занёс у кузню інструмент.

— Ну, вось і ўсё!

Васіль расплаціўся і павёў каня дадому.

Прыбег кавалёў сын Цішка — яшчэ падлетак (так называлі гэты ўзрост прускаўцы), але ўжо даўні бацькаў памочнік. Пракоп загадаў яму падмесці абрэзкі конскіх капытоў і сухія яблыкі гною ля ганка. Потым узяўся чысціць горн, выкінуў адтуль кучу дзындры і вынес яе на вуліцу. Пракоп з Міхалём зайшлі ў кузню, скруцілі цыгаркі.

«Увішны ты хлопец! — падумаў Міхаль, убачыўшы, як Цішка прыбірае ў кузні.— Калі-небудзь і сам будзеш кавалём».

Недзе ў кутку над кучай іржавага жалеззя гудзеў камар, прадчуваючы прыход вясны.

— Чуеш, — кіўнуў на куток каваль, — зіма, а ён ужо голас падаў…

— Ажыў!

— Вясна ідзе.

Управіўшыся са смеццем, Цішка пабег па сваіх справах.

— Гляджу на твайго сына — расце хлопец. Не думаеш вучыцца куды аддаць?

— Дзе ж тыя грошы ўзяць? — пачасаў за вухам каваль. — А твой хлопец як?

— Вучыцца!

— Правільна! Навука — рэч патрэбная. Вось навастрыць зуб да бараны таксама трэба ўмець!

Міхаль расказаў, як ён хадзіў да Пацея і як насіў яму кручка, а той параіў яму наконт каморніка і сведкаў.

Пракоп паспачуваў:

— Сваіх шмат, а як прыходзіцца тапіцца, дык няма за каго ўхапіцца.

Міхаль уздыхнуў і пашкроб за вухам:

— Каморнік гэты столькі будзе каштаваць, што і грошай не хопіць. Тады і, можа, вучылішча тое кінуць давядзецца.

— Неяк яно будзе!

Міхаль выглядаў разгубленым.

— Пачакай, Міхаль, нешта прыдумаем! — запэўніў каваль і пачаў раскручваць горн.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: