Шрифт:
Нібыта ў пацверджанне злева паказалася два вершнікі, а потым брычка… Пасля таго, як некалькі дзён акрамя дажджу ні з кім не сустракаліся, гэта быў нечаканы наплыў людства.
— А што за фэст? — адразу зацікавіўся пан Агалінскі. Мужык зноў узяў люльку ў рот, пыхнуў дымам у пшанічныя вусы.
— Пра фэсты ў Дракошчыне сорамна не ведаць, літасцівы пане! У месцы тым жыве сапраўдны цмок! Вось ужо васемнаццаць гадоў, як жыве. У пячоры каля ратушы. Уй, злюшчы! Дзяўчатаў прыгожых жарэ, ахвяры патрабуе… Рыкае так, што брук трасецца! Файны дракон! Можна проста з’ездзіць, паслухаць, паглядзець… А найлепей на фэст, вось як мы — там і спаборніцтвы лучнікаў, і карусель рыцарская, і прадстаўленне будзе, як святы Міхаіл забівае цмока… Зноў жа, прадаць нешта, купіць… Мы вось усёй сям’ёй цалюткі год кошыкі пляцем, каб там збыць. Што на кірмашы ў Дракошчыне куплёнае — цмокаву моц набывае!
Лёднік і Пранціш, акадэмічнай навукай ускормленыя, аднолькава скептычна хмыкнулі.
— Аднойчы ў кракаўскі палац адзінарога прывозілі, — іранічна прагаварыла Паланэя. — Дамы нашыя ўсе пабеглі глядзець, рог свяшчэннай жывёлы пакратаць, каб пасля хваліцца, што пацвердзілі тым свае цноты. А адзін дасціпны пан залез у вальер і абвесціў, што рог няшчаснай жывёлінцы да носу прымацавалі з дапамогай клея.
— Ты сам цмока бачыў? — сурова спытаўся Лёднік у мінака. Але той, узлаваўшыся, што паны сумняюцца, толькі пыхнуў люлькай і тузануў лейцы.
Сіня-шэрыя хмары рассунуліся, нібыта іх расштурхаў нехта цікаўны, каб паглядзець, што робіцца на зямлі. Цяжкое восеньскае сонца падсвяціла сцэну людскіх камедый, трагедый і фарсаў, якую паліваюць крывёй і мыюць слязьмі.
— Як сабе хочаце, вашыя мосці, але я надалей нікуды не рушу, пакуль не пагляджу сапраўднага цмока! — заявіў пан Гервасій, аж ноздры раздзімаліся ад азарту. — Няхай хоць увесь свет ляснецца — а пабачу!
І было зразумела, што пана не пераканаеш. Нават Лёднік толькі сціснуў зубы і прасычэў нешта няўхвальнае. А Пранціш зірнуў на насмешны тварык Паланэі, яна ж — пан Палоній Бжастоўскі, і са страшэннай моцай зажадалася, замроілася: а вось перамагчы б таго паганага цмока, кінуць ягоную адсечаную галаву пад ногі гордай паненцы Багінскай — і каб у ейных халодна-іранічных вачох запалаў агеньчык захаплення, з якога няцяжка раздзьмуць вогнішча праўдзівага кахання…
Ну і пабыць на гарадскім фэсце, паспаць на ложку пасля начлегаў у чыстым полі — прынада добрая!
Лёднік зверыўся па картах і запэўніў, што ніякага Дракошчына на іх не пазначана, а ёсць у пару вёрстах адсюль маленькае мястэчка со сціплым назовам Зембліца. Няйначай, цяпер пераназванае ў гонар цуда-юда. Зразумела, усю дарогу пан Гервасій бубнеў расповеды пра цмокаў, вадзяных, паветраных ды падземных, а таксама пра амерыканскага змея Цукана, які ўвесь аброс пер’ямі, а на галаве яго грыва, як у каня.
Дракошчын, былы Зембліца, быў падобны да цацачнага гарадка, якія малююць на талерках. Вострыя шпілі храмаў, каваныя балкончыкі дамоў, таўсценныя муры з пад’ёмным мастом… А чысценька як! Пранціш такіх мястэчак у жыцці не бачыў. Мяцельшчыкі ды ліхтаршчыкі тут пэўна ж не галадалі і ўтваралі магутныя цэхі. Горад быў упрыгожаны, як вялізная зала для баляў. Рознакаляровыя сцяжкі, гірлянды штучных кветак… І паўсюль — выявы цмока. На сцяжках, на аркушах, на кашулях і капелюшах (адзін такі, зялёны, з імітаванай лускою, Амерыканец адразу ж сабе выкупіў)… Брошкі і завушніцы ў выглядзе цмокаў (на гэтае дабро тужліва паглядала Паланэя, якая мусіла паводзіцца па-мужчынску, а значыць, не скупляць жаночых бразготак), папяровыя цмокі, якіх можна запускаць у паветра на вяровачках, свечкі, адлітыя ў выглядзе цмокаў, цмокі парцалянавыя, цмокі цукровыя, цмокі з цеста… Калі Вырвіч прыгледзеўся, заўважыў, што на ўсіх выявах крылаты звер быў прабіты мечам.
— Таму што грэх іначай! — паважна заявіў гандляр паветранымі пачварамі, на спіне кожнай таксама быў прымаляваны меч з дзяржальнам у выглядзе геральдычнай лілеі. — Біскуп тлумачыць: мы не цмока шануем, а непазбежную перамогу над ім! — і перайшоў на ўрачысты гучны расповед, адрасаваны ўсім патэнцыйным пакупнікам. — Памятаце ўсе, наш няшчасны горад пакутуе пад уладай лютай пачвары, пасланай нам за нашыя грахі, і мы мусім цярпліва чакаць збавення, калі абранец па літасці Божай заб’е стварэнне цемры! А каб гэта хутчэй адбылося, і на памяць пра слаўны Дракошчын купіце, шаноўныя, паветранага змія! Усяго дзесяць грошай!
Брукаванка блішчэла, як вымытая мылам. На кожным куце лютністы ды катрыншчыкі распявалі гераічныя песні пра бітвы з удзелам цмока, у якіх фігураваў непераможны рыцар з месяцам на ілбе, а таксама страшныя балады пра цмокавы злачынствы. Гэтыя ж жахалкі можна было пачытаць на вялікіх каляровых плакатах, развешаных па сценах: пачвара патрабуе ў ахвяру самую прыгожую дзяўчыну мястэчка, падграбае пад сябе кучы золата і ўпрыгожванняў, перакусвае зубамі мост, глынае карэту разам з людзямі, якія бездапаможна высоўваюцца ў вокны і благаюць аб дапамозе… У адным месцы, каля пякарні, пад шыльдай у выглядзе вялізнага крэндзеля, пачуліся знаёмыя словы: беларускі лірнік, як мае быць, сляпы, у кажусе, з доўгімі сівымі валасамі ды барадой, выводзіў тонкім моцным голасам:
— Даўным-даўно тое было: Кругом зямлі мора лягло. А ў моры тым тай жыў люты Цмок, Штодня збіраў з людзей аброк.Пан Агалінскі сыпануў лірніку-земляку ў шапку, што ляжала на бруку, грошай… І спявак неяк занадта спрытна для сляпога падцягнуў да сябе шапку нагой, не перарываючы спевы.
Вырвіч заўважыў, што побач з выявамі цмока ўвесь час сустракаецца выява прыгожага юнака з залатымі валасамі, які ганарыста ўздымае меч з дзяржальнам у выглядзе лілеі, а на лобе ваяра намаляваны чамусьці перакулены маладзік, рогамі ўгору, як човен. Пранціш вырашыў, што гэта мясцовая трактоўка святога Міхаіла альбо іншага драконаборцы, святога Юрыя.