Вход/Регистрация
Авантуры студыёзуса Вырвіча
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

— Мне дзіўна чуць, што адукаваны чалавек патурае забабонам, ваша мосць! — заявіў Лёднік.

— Скуру лупіць з матросаў за патуранне забабонам будзем, калі гэты шторм перажывем! — адрэзаў капітан. — Давай, што-небудзь там разыграй перад маракамі, якія ўпэўнены, што ты — вялікі чараўнік.

— Магу толькі памаліцца, вашамосць, — халодна адказаў доктар.

— Дык ідзі і маліся! — капітан схапіў Лёдніка за рукаў і выштурхнуў з каюты. Вырвіч, трымаючыся за спецыяльна нацягнутыя паўсюль вяроўкі, рушыў следам. Пан Агалінскі застаўся абараняць сваю «нявесту».

Ніколі Вырвіч не забудзецца тае начы. Халодная салёная вада збівала з ног, мора спявала на розныя галасы харал, пад які можна выпраўляцца на той свет, не разабраць, дзе пачынаецца мора і заканчваецца неба, аднолькава чорныя. Тая звыклая вада, што пырскала ў твар, здавалася, не мае нічога агульнага з жывой, дыхаючай субстанцыяй за бортам. Адзіны ліхтар гайдаўся, як апошні ліст на дрэве. Лёднік стаяў на носе карабля, прывязаны вяроўкамі, каб не змыла, і чытаў уголас, адплёўваючыся ад салёнай вады і задыхаючыся ад парываў ветру, праваслаўны канон святому Кіпрыяну, свайму заўсёднаму заступніку, хоць акрамя рэву мора нічога не было чуваць. Хтось з матросаў лічыў, што гэта чараўнік шаманіць, хтось, магчыма, прымаў доктара за святога, тым больш той-сёй заўважыў на ягоных руках стыгматы, іншыя разумелі, што ён такі ж чалавек, як яны, які у небяспецы заклікае да вышэйшых сілаў… Галоўнае — з’явілася хоць нешта, у што можна паверыць паміж бліскучымі чорнымі горамі, якія вырасталі з ніадкуль і з абыякавасцю чалавека, што ступае на мурашоў, шпурлялі карабель.

Невядома, чым усё гэта скончылася б, калі б шторм не суняўся. Магчыма, апынуліся б пасажыры «Святой Брыгіты» за бортам… Але Гасподзь прыслухаўся да малітваў, і шхуну перастала кідаць, як трэсачку. Назаўтра мора было звычайным — не прыветным, але ўсё-ткі больш падобным да ўзаранага поля, чым да горных хрыбтоў. Спаміж хмараў нават там-сям праглядалі сінія лапікі.

Лёднік сядзеў за сталом каюты, зноў уткнуўшыся ілбом у счэпленыя рукі, ці маліўся, ці проста думаў пра штосьці цяжкое. У пакой заваліўся пан Гервасій з абвязанай галавой. Ад пана заўважна несла ромам, і пагойдваўся ён не толькі воляю мора.

— Паненка наша пералякалася. Зноў цябе, доктар, кліча — ці галава ў яе баліць, ці жывот, ці нервы трапечуцца. І чаго да цябе бабы ліпнуць, як мухі на мёд? Гэй, а што з табой, Бутрым? Пагана? У мяне аквавіта ёсць, прынесці?

Прафесар стамлёна прагаварыў, не зварухнуўшыся:

— Мне надакучыла гуляць у чужыя гульні. Чуеце, вашамосць, крыкі? Гэта лупяць матросаў, для якіх я выяўляў прарока Майсея перад Чэрмным морам.

— Ну і правільна лупяць, — здзіўлена адказаў Амерыканец. — Заслужылі! Калі быдла гэтае не драць, яны наступны раз і гаспадароў патопяць, і сябе са страху. Жаўнер павінен гневу свайго камандзіра баяцца болей, чым ворагаў!

— Чалавек, які баіцца — вартае жалю стварэнне, вашамосць. Баяцца трэба толькі Госпада, а не другога чалавека.

— І ты мяне не баішся? — насмешна папытаўся пан Гервасій. — Я ж — смерць твая.

Лёднік падняў галаву і цвёрда вымавіў:

— Жыццё маё і смерць у волі Госпада, вашамосць, а не ў вашай.

Пан Гервасій, аднак, не пачаў задзірацца. Прыслухаўся да крыкаў болю, што даляталі з палубы.

— Эк гарлаюць… Глядзі, доктар, будзеш з маёй нявестай вольна абыходзіцца — таксама так загарлаеш.

Лёднік холадна зірнуў на пана.

— Папярэджванне залішняе. Я жанаты чалавек, хрысціянін, даваў клятву Гіпакрата і да таго ж дзяўчаткамі такога тыпу не цікаўлюся. А найперш наведаю больш сур’ёзных пацыентаў, дапамагу калегу. Пакалечаных сёння на судне хапае.

Пранціш фыркнуў:

— Толькі як ты па караблі хадзіць будзеш? — і патлумачыў пану Гервасію: — Ад яго цяпер адны разбягаюцца і пальцы скрыжоўваюць, як ад нячыстай сілы, а другія спрабуюць рукі цалаваць. Думаюць — святы. Каб яшчэ між сабою прыхільнікі тае і другой версіі не пабіліся.

— Бедлам! — прашыпеў доктар, рэзка ўзняўся і пачаў пакаваць сваю доктарскую валізу.

Крыкі змоўклі. Пан Агалінскі пазяхнуў, асцярожна пакратаў прышытае вуха.

— Ну а мы, пан Вырвіч, давай у карты перакінемся, пакуль карабель не шпурляе.

Плысці заставалася яшчэ тыдзень — калі Няптун не раззлуецца. Помслівы марскі бог, напэўна, не забыўся, што пан Пранціш Вырвіч так і не кінуў манеткі ў фантан у Гданьску.

РАЗДЗЕЛ ДВАНАДЦАТЫ

ЛІЦВІНСКІЯ ГОСЦІ І АНГЕЛЬСКІЯ ЗЛОДЗЕІ

— Усяго пені! Гісторыя слаўнага разбойніка Джэка Шэпарда, які шэсць разоў збягаў з Ньюгейцкай турмы! З партрэтам і вытанчанымі малюнкамі! Усяго адзін пені!

Мурзаты хлопец у капелюху з абвіслымі брыламі, насунутым па самыя вушы, бег за экіпажам, размахваючы стосам паперы. Трохі адстаў — і вось ужо і знік у густым вільготным тумане. Пранціш у чарговы раз высунуўся з вакна карэты: туман, макрыня, цёмныя сцены, пах дыму і згорклага сала… І гэта Лондан?

А ён ужо нафантазіраваў сабе нешта велічнае!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: