Вход/Регистрация
Авантуры студыёзуса Вырвіча
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

Гаспадар гатэлю шырока ўсміхнуўся, зразумеўшы, што госці маюць што прапанаваць, і ўласнаручна адчыніў дзверы сваёй падазронай установы.

Апартаменты, вылучаныя абакрадзеным гасцям, былі ўсяго на два пакоі — Лёднік угаварыў пана Агалінскага не раскашавацца. Бо сапраўднай цаны гаспадар гатэлю за пярсцёнак Багінскіх, вядома, не даў — Амерыканец ледзь выгандляваў, лічачы на пальцах і равучы праклёны, пяцьдзесят фунтаў.

Адзін пакой галантна саступілі панне Багінскай.

А мэта была так блізка!

Паланэя і пан Гервасій ледзь стрымліваліся, каб не пагнаць прафесара кіямі да таемнай пячоры з надпісам «Тут здабудзеш перамогу агню над жалезам». Абодва рабіліся ўсё больш нервовымі, і Вырвіч з таемнай радасцю адгадваў пад іхнімі вясёлымі перапалкамі ўзаемную падазронасць. Дзіва што — за час іхняга падарожжа пра што не расказалася, дадумалася. Варожыя партыі, канкурэнты… А вогненны меч доктара Дзі дастанецца толькі камусь аднаму!

Яны ішлі за высокай імклівай постаццю доктара па вуліцы пад назвай Тэрнміл-стрыт, між шэрагамі цемнатварых дамоў, і хоць не было чаго губляць, насцярожана праводзілі вачыма вулічных гандляроў ды мінакоў. І яшчэ здалёк пачулі гучныя крыкі. На пляцы сабраліся людзі — і паны, і беднякі, адзін джэнтльмэн ускочыў на скрыню і вяшчаў, дапамагаючы сабе жэстамі. Натоўп крычаў нешта ўхвальнае.

— Пан Лёднік, што тут адбываецца? — тузанула прафесара за крысо плашча цікаўная Паланэя. Лёднік запаволіў хаду, падыйшоў да месціча, які меланхалічна пасмоктваў люльку на ўскрайку пляцу, распытаўся, вярнуўся да кампаніі.

— Гэта, панства, Кларкенуэл, а гэта ягоны звыклы атрыбут — палітычны мітынг, — усмешка доктара была надта крывой. — Містэр на скрынцы крытыкуе маладога караля Георга, які прызначае міністрамі самых дурных і пакорлівых, падкупляе парламент і праганяе прэч вігаў на карысць торы. Слухачы, як вы можаце здагадацца, як і прамоўца, належаць да партыі вігаў. Кароль Георг, хоць і малады, не нашмат кемней за нашага састарэлага Аўгуста. Але дарваўся да ўлады, і не церпіць людзей, якія разумнейшыя за яго альбо самастойна мысляць. Чакайце, ён яшчэ аграбе за гэта — і краіна паплоціцца. Асабліва за Амерыку…

— А што з Амерыкай? — адразу зацікавіўся пан Гервасій.

— Ды кароль хоча падаткі ў Новай Англіі падвысіць. За кошт каланістаў аплаціць усе свае капрызы — войны, рэформы… А ў Амерыку, па маіх назіраннях, з’язджаюць людзі няхай не самыя радавітыя, але смелыя, прадпрымальныя, і тыя, каму няма чаго губляць. І абжылося там іх нямала. Таму наўрад іх удасца так лёгка абабраць.

— Я б таксама падтрымаў гэтых… вігаў! — помсліва ўсклікнуў пан Гервасій, які адразу пранікся нядобрымі пачуццямі да Георга ІІІ, што крыўдзіў ягоную ўлюбёную Амерыку.

Людзі загарлалі, прычым сярод мітынгоўшчыкаў былі і кабеты, якія завіхаліся грамчэй за мужчын.

— Як на віленскім сойме! — настальгічна прамовіў пан Агалінскі. Раптам джэнтльмэн збоку закрычаў нешта, як відаць, насуперак, і ў прамоўцу на скрыні паляцеў агрызак яблыка.

— Усё, зараз пачнецца і бойка, як на сойме, — буркатнуў Лёднік і ледзь не бегма рушыў прэч. Пранціш не супраць быў бы пацікаваць за лонданскім соймам далей, але адстаць ад кампаніі зусім не хацелася.

Сёння туман зменшыўся, але пахаладала. Лёднік расказваў, што зіма тут не такая суровая, як на Беларусі, і калі рака замярзае — гэта лічыцца здарэннем надзвычайным, бывае некалькі разоў на стагоддзе. Але ў спалучэнні з непрыемнай вільгаццю прахалода прабірала добра… Каля дому, перад дзвярыма якога стаяў слуп, абматаны чамусьці чырвонай выцвілай тканінай, кабета, захутаная паўзверх капелюша ў ваўняную хустку, прадавала блакітныя пацеркі. Мяркуючы па ўсім, гэта былі талісманы ад нейкай хваробы. Лёднік пацвердзіў: лазурыт тут носяць ад бранхіту і пнеўманіі.

— Слухай, Бутрым, а ты б мог зарабіць грошы, каб прапанаваў свае доктарскія паслугі! — сказаў Пранціш.

— Лепей астралогія! І гаданні! — з другога боку падляцела да прафесара Паланэйка. — На гэта попыт заўсёды! Зрабіць рэкламу — «Знакаміты лекар і алхімік з далёкай Альбарутэніі, прафесар акадэміі і асабісты лекар вялікіх князёў, вызначае хваробы, прадказвае будучыню і дае практычныя парады, як засцерагчыся ад чумы». Народу паваліць!

Лёднік толькі хмыкнуў.

— Вы звярнулі ўвагу, панове, на слупы, абматаныя чырвоным? Гэта значыць, што ў доме прымае цырульнік, якому магістрат даў ліцэнзію на крывепушчанне… А значыць, ён, лічыце, лекар. А бачыце, на дзвярах вось такі барэльеф?

Вырвіч зірнуў туды, куды паказваў Лёднік: да дзвярэй была прымацаваная бронзавая галава дзядзькі ў старамодным капелюшы і каўнеры-жорнаве.

— Гэта галава філосафа, астролага і алхіміка Фрэнсіса Бэкана. І азначае, што ў доме жыве ягоны паслядоўнік, які ахвотна за грошы вам і паварожыць, і гараскоп складзе, і цудадзейны электуарый зварыць. Замест Бэкана можа быць выява чараўніка Мерліна… А вунь і вандроўны мой субрат цягнецца: бачыце, у аксамітным плашчы?

Сапраўды, па вуліцы паважна ішоў высокі дзядзька з тонкай бародкай, як казлінай, у доўгай цёмнай апратцы і востраверхім капелюшы. Да дзядзькі падбегла немаладая кабета, падобна, прыслуга, сунула манету і пачала аб нечым шаптацца.

— І як вы думаеце, з такой канкурэнцыяй шмат можна зарабіць? — насмешна прамовіў Лёднік. — Ды мяне адразу ў пастарунак здадуць тыя, у каго я заробак пераб’ю. Памятаеце, пан Вырвіч, такі прэцэдэнт у карчме пад Ракавам?

Пранціш змрочна кіўнуў галавою. Успаміны невясёлыя. Тады Лёдніка забраў суддзя Юдыцкі, каб прадаць пану Гераніму Радзівілу, што ўзяўся гнаіць ды катаваць у сутарэннях слуцкага замка ведзьмакоў. Пранціш не захацеў кідаць у бядзе свайго нованабытага слугу, пасля чаго і ўзнікла між імі сяброўства.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: