Вход/Регистрация
Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

— Не бойся, з’ехаў той Рысь, — паведаміў Батыста. — Атрымаў з Рыму ліст ад свайго князя і паскакаў у Вільню разам з усёй світай — агучваць, каму трэба. Патрыётаў збіраць.

Маг, як сыты кот, падыйшоў да егіпецкай прынцэсы, абняў:

— А мы з табой, мія кара, паедзем у Санкт-Пецярбург! Цяпер нам туды — дарога вольная! Няхай толькі ўсё скончыцца, як я планую — абяцаю, ты станьчыш свой вогненны танец перад расейскай імператрыцай!

Батыста па-гаспадарску правёў рукой па целе актрысы, даткнуўся вуснамі да яе тонкай шыі… Але Міхалішыўна не магла ж забыцца, што тут ёсць сведкі, і паспрабавала выслізнуць з абдоймаў мужа. Батыста схапіў яе за валасы.

— Зноў за сваё? — засычэў ён. — Табе не падабаецца маё каханне?

— Я проста зараз стамілася, Луіджы… — ціха прамовіла дзяўчына, адводзячы вочы. Батыста адштурхнуў яе ад сябе.

— Падзякуй, што не хачу зараз псаваць тваё аблічча. Табе трэба быць сёння прыгожай. Пайшла… Натхняй свайго драгуна, толькі асцярожна, каб не надта з ім разам свяціцца.

Раіна выбегла за дзверы. Маг пахадзіў па пакоі, насвістваючы вясёлую песеньку, паперабіраў шкляначкі ў сакваяжы, некаторыя парассоваў па кішэнях і таксама выйшаў з пакою, замкнуўшы яго на ключ.

Нічога, калісьці Пранціш навучыўся адчыняць замкі не менш спрытна, чым Раіна Міхалішыўна.

Дзяўчыну яны і знайшлі ў сваім пакоі. Раіна сумна паглядала ў вакно, усеўшыся на ложак каля фальшывага Пранціша Вырвіча, зробленага з рызманоў. Шэрая раніца за вакном была не цяплей за мора, і гэтак жа хавала ў сваіх нетрах пачвараў.

Пранціш злосна піхнуў нагой ножку стала, нібыта той быў ворагам, але ж колькі ні пхай мёртвае дрэва, жывей ад гэтага не станеш.

— А я ж гэтаму Шрэдэру жыццё выратаваў у Менску!

— Можа, каб не выратаваў — цябе б проста забілі, — змрочна сказаў Лёднік. — Мяне іншае хвалюе… Падобна, граф Батыста вырашыў пайграць на два бакі. Пан Рысь з’ехаў у Вільню з лістом ад князя Радзівіла, у якім той заклікае моладзь Вялікага княства і Польшчы ехаць да яго ў Рым, атрымліваць вайсковую адукацыю і змагацца з узурпатарам Панятоўскім. Пан Рысь зачытае ліст натхнёным юнакам, тыя прысягнуць, што адправяцца на калядных вакацыях дружненька пад штандары Пане Каханку, а тут іх усіх і павяжуць… З доказамі злачынства. Каб выкараніць бунт у парастку.

— Як гэта? — разгубіўся Пранціш.

— Батыста пра гэта са сваім Джавані гаварыў… Ён загадзя дамовіўся з Рэпніным праз Міхайлу Разанцава, што здасць ім атрад змоўшчыкаў, а тыя ўзамен забяспечаць яму абарону, магчымасць выступаць у Санкт-Пецярбургу і зробяць пратэкцыю перад царыцай.

— Праўда… — ціха прагаварыла Міхалішыўна. — Ён мне распавядае не ўсё, але я ведаю, што з расейцамі звязваўся, і сам сустракаўся, і Джавані пасылаў, і тут чакаў нейкага пасланніка. А частку золата ён даўно скраў, яшчэ ў Гародні. Вось і баіцца, што зараз пералічаць і спахопяцца. А галоўнае не золата — а нейкую рэліквію прысабечыў, за якую спадзяецца шмат выгандляваць.

— Такі залаты змяты пасак? — ажывіўся Пранцысь.

— Так… Казаў, што гэта наш запрашальны ліст да ўсіх каралеўскіх двароў.

Што ж, гісторыя сведчыць, што чым болей скрадзена, тым менш верагоднасці, што злодзей будзе пакараны. Вунь каралева Бона пасля сваркі з сынам уцякла з каралеўства са сваімі «неапалітанскімі сумамі», і шукай ветру.

Лёднік ускочыў і захадзіў па пакоі, кусаючы вусны.

— У любой інтрызе заўсёды гінуць лепшыя, наіўныя, маладыя, гатовыя памерці за ідэалы. Гэта неабходна прадухіліць… Каб я толькі ведаў, дзе адбудзецца сход будучых кадэтаў! Прасцей за ўсё папярэдзіць Шрэдэра — але гэта не адменіць нашага выкрадання… А Батыста ўсё будзе адмаўляць… І нас вінаваціць. Ды яшчэ на панну накінецца за здраду…

Павярнуўся да Раіны.

— Нам трэба пабыць на вячэры!

Дзяўчына кіўнула галавой.

— Добра, зараз я пайду да Батысты і скажу, што вы хочаце з’ехаць пасля развітальнага застолля. Толькі я ж мушу вам падсыпаць соннага парашку! Батыста будзе незадаволены… Не падсыплю — Шрэдэр нас з ім западозрыць. Падсыплю — вы не зможце з’ехаць і адвесці ад Луіджы падазрэннні…

— Гэта наш клопат… — задумліва прамовіў доктар, складаючы ў галаве часткі будучай інтрыгі. — Чым будзеце нас усыпляць? Назавіце ўсе складнікі…

— Чысты опій. Без дамешкаў. — Міхалішыўна цвёрда гледзела на доктара празрыста-зялёнымі вачыма. — Рэакцыя наступае праз дваццаць хвілінаў. Сімптомы — рэзкае звужэнне зрэнкаў, замаруджанае дыханне, пахаладненне скуры…

— Ведаю… — нецярпліва кіўнуў доктар. — Але, спадзяюся, сімуляваць не давядзецца, што-небудзь іншае прыдумаем. А вы рабіце, як скажа ваш гаспадар. Кажыце ўсё на мяне, я вас змусіў, нікога не слухаю, пагражаў Батысту забіць, а вы мяне ледзь адгаварылі. Карацей, усё, каб самой не пацярпець. Я насіў рабскі ашыйнік, і разумею тое-сёе… Так, і дадайце абавязкова, што калі заўважу на вас найменшыя сляды пабояў, неадкладна выклічу яго на двубой, і гнуць лыжкі ў пальцах і падмяняць лісты ў канвертах пану жрацу будзе праблематычна. Знайду за што зачапіцца — не адкруціцца, баягуз.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: