Шрифт:
Мора шумела, як быццам незадаволеныя сваім лёсам вадзянікі і русалкі праводзілі сойм і ніяк не маглі прыйсці да адзінай думкі, як лаўчэй затапіць абрыдлую сушу халоднымі хвалямі. Белыя дзюны няўмольна і незаўважна набліжаліся да чалавечага жытла, ламаючы, як сухія травінкі, векавыя сосны.
РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
ЯК ПРАНЦІШ ВЫРВІЧ ВІНА НЕ ПАКАШТАВАЎ
Пранціша пабудзіў штуршок у плячо. Над драгунам стаяла ў цьмяным святле раніцы, шэрай, які нябелены лён, Міхалішыўна, захутаная ў чырвоны аксамітны халат, расшыты чорнымі цмокамі.
— Пан Пранціш, карабель прыйшоў!
Дзяўчына шаптала ледзь чутна, але была не напалоханая, а напятая, як перад бойкай. З суседняга ложка прыўзняўся Лёднік.
— Здаецца, я нанач зачыняў дзверы…
Міхалішыўна моўчкі пакруціла ў пальцах шпільку — падобна, яна перастала баяцца злоснага доктара. Лёднік усміхнуўся.
— Ясна… Замкі для нас не перашкода. Дзе Батыста?
— Замкнуў мяне і пацягнуўся некуды са Шрэдэрам. Стары ісці не мог, дык двое слуг на насілках панеслі.
Вырвіч паглядзеў у вакно, дзе шэрае неба злівалася з морам і чарнелі на светлым пяску рыбацкія чаўны, быццам чыісьці самотныя сны. Ад прычалу, дзе стаяў карабель, да іх дома ішлі людзі… А вось і насілкі… Вяртаюцца галубочкі езуіцкія.
— Нам трэба паслухаць іх размову, — сурова сказаў Лёднік. Міхалішыўна на імгненне задумалася, потым матнула галавой, і яе чорныя валасы рассыпаліся па плячах — а пачцівая паненка абавязкова перацягнула б іх стужкай, мімаволі прыйшло ў галаву Пранціша.
— Пойдзем у мой пакой, там чутно і бачна ўсё, што робіцца ў зале, а яны звычайна там і перамаўляюцца. Толькі ціха…
Пранціш паспеў на хуткую руку зладзіць з вопраткі і футраў балваноў і сунуць пад коўдры, Лёднік пакруціў галавой, але не стаў высмейваць шкалярскія хітрыкі. Колькі разоў у Вільні, у доме з зялёнымі аканіцамі, прыходзячы будзіць студыёзуса Вырвіча, каб не спазніўся на заняткі, заспяваў вось такую імітацыю. Воўк кожны год ліняе, але нораву не мяняе.
У пакой актрысы слуцкага тэатра можна было прайсці толькі праз залу, дзе спыніўся Батыста — фактычна, апартаменты Раіны былі альбо гардэробнай, альбо катухом для прыслугі. Цеснавата і беднавата, з раскошы толькі маленькі срэбны збаночак для ўмывання, які глядзеўся зусім недарэчы побач з глінянай шчарбатай місай, як разбагацелы родзіч на хрэсьбінах у сваёй ушчэнт згалелай радні. Недарэчна выглядалі і клеткі са змеямі. Адна тварына, здаровая, зялёная, ляжала сабе, як п’яны млынар, а маленькая, чорная, якую Міхалішыўна звычайна насіла на шыі, злавесна соўгалася па сваёй турме, аж млосна рабілася ад ейных пруткіх рухаў.
— Туды станьце! — шапнула Міхалішыўна, і драгун з доктарам паслухмяна ўціснуліся справа ад дзвярэй у завешаную грубым выцвілым сукном нішу для адзення, якая замяняла шафу. Цяпер, нават калі б Батыста расчыніў раптоўна дзверы да сваёй наложніцы, заставалася надзея, што госці застануцца незаўважанымі. Але быў і яшчэ адзін сакрэт Міхалішыўны: у сцяне паміж дзвума бярвеннямі свяцілася пракалупаная шчыліна, з таго боку завешаная карункамі. Падобна, якраз пад абразам Маці Божай. Спрактыкаваная шпіёнка паўсюль знойдзе зручнае месца для асочвання.
Строі, яркія, стракатыя, прапахлыя экзатычнымі зёлкамі, былі прыдатныя для выступленняў, але стаяць, уткнуўшыся ў іх носам, не надта выгодна. Тым больш страшэнна хіліла ў сон: хоць кавы б глыточак… Пранціш здушыў пазяханне, уцягнуў носам саладкавата-ёлкі пах сукенкі… І чамусьці аж галава закруцілася, уявілася, што пад тканінай пругкае гарачае цела. Лёднік ткнуў драгуна ў бок: пачуліся галасы. Абодва шпегі прыпалі да шчыліны, а Раіна Міхалішыўна прыхінулася да дзвярэй.
Цяпер дом быў повен народу. Гаварылі па-італьянску, па-польску, па-беларуску. Двое слуг усадзілі Шрэдэра ў мяккі фатэль. Батыста пачакаў, пакуль застанецца са старым сам-насам.
— Я выканаў яшчэ адно заданне. Дапамог давезці золата, вось карабель, вось вы ў бяспецы… Вы абяцалі мне, што гэтае даручэнне будзе апошнім, і мне аддадуць, нарэшце, ліст. Але я пачаў ужо сумнявацца, ці ён у вас ёсць… Можа, вы мяне проста палохаеце, трымаючы за дурня?
— Гэты ліст? Мне яго сёння перадаў пасланец з Рыму… Вельмі цікавы змест, дарэчы.
Шрэдэр паказаў італьянцу пажаўцелы канверт, падпісаны дробным почыркам. Батыста глядзеў, нібыта зараз кінецца… Шрэдэр усміхнуўся і схаваў аркуш за пазуху.
— Не раю, спадар Манчыні… Прашу прабачэння, граф Батыста. Слабога старога вы, напэўна, адужаеце, але ж я не сам па сабе, вы і трох крокаў за парог гэтага пакою не ступіце. Ды й не варта недаацэньваць старую гадзюку, яна ўсё яшчэ можа ўджаліць.
Графа калаціла ад гневу і страху, рот яго перакрывіўся, быццам зараз разаб’е паралюш.
— Што вам яшчэ ад мяне трэба, гнюсныя стварэнні?
Шрэдэр глядзеў ласкава-ласкава, як на неразумнае немаўля.
— Вам нагадаць, спадар Манчыні, хто з нас аўтар гнюсных учынкаў, за якія ў любой дзяржаве вас павесяць?