Шрифт:
Міхалішыўна зараз жа ўстала і разліла віно па крышталёвых келіхах. Старонні чалавек убачыў бы перад сабой толькі важную свецкую даму, багатую і ўпэўненую ў сабе, магчыма, жорсткую какетку. Граф Батыста сядзеў з самай крывой фізіяноміяй і намагаўся не глядзець на Лёдніка — італьянец ужо засведчыў сябе, як не самага смелага і спрактыкаванага ў вайсковай справе чалавека, і перададзеная пагроза доктара пра двубой пана трывожыла. Батыста, відаць, лічыў хвіліны, пакуль доктар і драгун не ўцякуць.
Вырвіч гадаў, што ж прыдумае Лёднік, каб не піць віно. А той пакруціў у доўгіх пальцах келіх, паглядзеў праз яго на агонь у каміне і нязмушана папытаўся Шрэдэра:
— Перш чым мы развітаемся, дарагі пан Якубе, хацелася б пачуць пра святую рэч, пра якую не пасуе мянціць п’янымі языкамі. Мой сябар, ягоная мосць Франтасій Вырвіч распавёў мне, як выглядае рэліквія, здабытая ў менскіх сутарэннях, і ў мяне з’явіліся такія-сякія меркаванні… Асабліва калі мой малады сябар па маёй просьбе намаляваў арнамент, які прыкрашае тую рэч. Гэта праца друідаў… Англія, дзевятае стагоддзе. Ці не так?
Шрэдэр нічым не выявіў незадавальнення, што доктар не спяшаецца хлябтаць віно.
— Вы дасведчаны чалавек, доктар. Значыць, здагадаліся, што маем справу з каронай святога Альфрэда.
— Той, у якой каранаваўся Эдуард Спаведнік? — удакладніў доктар нудным голасам. — І, выбачайце, якім жа цудам трапіла такая рэліквія ў Менск?
Батыста, які сядзеў як на распаленых вуголлях, злосна ашчэрыўся.
— А цуд не мае патрэбы ў тлумачэннях, васпан.
Шрэдэр усміхнуўся.
— Ну чаму не? Промысел Божы існуе, аднак інструменты выбірае падчас самыя дзіўныя. Праз трыццаць гадоў пасля рэвалюцыі Кромвеля ў Ангельшчыну прыехаў стольнік жамойцкі Тэадор Білевіч, той, які дапамог каранацыі Яна Сабескага і па ягоным даручэннні катаўся па ўсёй Еўропе, шукаючы саюзнікаў для супрацьстаяння шведам. Магчыма, вы нават чыталі ягоны «Дзённік, пісаны ў Англіі пра тое, як там вандравалася і жылося».
— Дзённіка не чытаў, — прамовіў Баўтрамей, — а вось працу «Трайная філасофія, рацыянальная, натуральная і маральная», пісаную ў нашай жа Віленскай акадэміі гэтым панам, чытаў. І пан Вырвіч мусіў вывучаць яе на занятках…
Лёднік кінуў строгі позірк на Пранціша. Але той зрабіў выгляд, што заўважыў нешта цікавае на столі, хаця акрамя сучкоў ды куродыму ад свечак на ёй нічога не было, гэтак жа, як у галаве студыёзуса Вырвіча не затрымалася праца шаноўнага стольніка жамойцкага…
Шрэдэр паблажліва кіўнуў і працягваў аповед.
— У Лондане пан Білевіч асаблівую ўвагу аддаваў наведванню каралеўскіх скарбніцаў — упадабаў смарагд з галубінае яйка, які ўпрыгожваў каралеўскую карону, скіпетр з аметыстам велічынёй з грэцкі арэх, купель з чыстага золата… А яшчэ хадзіў у каралеўскі звярынец, дзіваваўся на слана, які хобатам вырабляў штукі з мушкетам, на барана з чырвонай поўсцю, марскога ката, які паліў тытунь. Але было тое, што шаноўны Білевіч у дзённік не запісваў. А менавіта свае вандроўкі па ігорных клубах, да чаго пан таксама меў вялікую схільнасць. Вось там аднойчы наш зямляк і выйграў у нейкага разбойніка дзіўны кавалак золата. Як запэўніваў яго шалбер — з каралеўскай скарбніцы. Пан Тэадор асаблівай увагі набытаму не надаў, кінуў сабе ў куфар… І праваляўся б той прадмет у куфры, пакуль хтось са спадчыннікаў не пусціў бы яго на пераплаўку, каб не адзін сябар пана Тэадора па акадэміі, які прысвяціў сябе служэнню Богу і ўвайшоў у Ордэн Ісуса. Той і пазнаў арнамент на залатым пасе, бо такі быў намаляваны на кароне святога Альфрэда з хронікі Роберта Глочэсцерскага. Рэліквія адметная! Апошні раз яе адзявала Ганна Балейн, адна з жонак караля Генрыха Восьмага…
— Якой адсяклі галаву за здраду… — удакладніў занудлівы прафесар. — А ў скрутак, пазбаўлены камянёў, яе ператварылі жаўнеры Кромвеля, так?
— Дакладна так, — згадзіўся Шрэдэр. — На шчасце, нехта з іх аказаўся дастаткова сквапным, каб прыўлашчыць святую рэч, з якой павінны былі, як з іншых каронаў, нешта выплавіць.
— І цяпер святая карона дастанецца ягонай мосці князю Радзівілу, які мусіць стаць нашым наступным каралём? — падрахункаваў Пранціш.
— Усё ў волі Божай! — пабожна вымавіў Шрэдэр і пацягнуўся за келіхам, каб нарэшце ўзняць тост. Але Лёднік з поснай фізіяноміяй заявіў:
— Не хачу пакуль паганіць віном вусны, бо мару, каб яны дакрануліся да кароны святога Альфрэда і Эдуарда Спаведніка, першых хрысціянаў Брытаніі, якіх павінны шанаваць вернікі ўсіх хрысціянскіх канфесій.
— І мне таксама хочацца такога гонару, пан Шрэдэр! Як жа не скарыстацца магчымасцю дакрануцца да святыні! — ялейным голасам падтрымаў Баўтрамея ўвішны драгун, які зразумеў ягоную гульню. Зараз павінна высветліцца прапажа кароны, а сутыкнуць ілбамі ворагаў — самы лепшы шанец выратавацца самому…
Батыста ледзь не скрышыў зубы. Шрэдэр пастараўся схаваць незадаволенасць і павярнуўся да дзвярэй, ля якіх чакаў здаравучы слуга з бледным абыякавым абліччам…
Але маг ускочыў, быццам сапраўды з гарачых вуголляў:
— Я сам перахоўваў святыню, таму хутчэй яе знайду.
І рушыў да дзвярэй… І калі праходзіў за спінай пана Шрэдэра, зрабіў рэзкі, такі хуткі, што вока ледзь усочыць, рух рукой, як тады, калі гасіў на адлегласці свечку.
З усіх прысутных у зале штукарства Батысты заўважыў толькі Пранціш, бо сядзеў на рагу стала, праваруч ад Шрэдэра… Удар на адлегласці, які не толькі гасіць агонь, але пашкоджвае ўнутраныя органы.