Вход/Регистрация
Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

Пан Рысь паспрабаваў быў абурыцца і паказаць нахабнаму блазну ягонае месца, таму што больш за ўсё на свеце хацеў засячы здрадніка, але пан Батыста звузіў шэрыя вочы, выскаліўся, і хаця да Лёдніка, які поглядам прыбіваў да месца, яму было далёка, спрачацца чамусьці ўсім расхацелася. Не, баязліўцам назваць мага ўсё-ткі нельга.

Італьянец абмерыў вачыма высакародную постаць пана Рысі, затрымаўшыся на чорных баявітых вусах.

— Ну, вас, вашамосць, магу зрабіць фарэйтарам… Будзеце з коньмі ўпраўляцца. Бо вам пры вашай паставе абавязкова трэба мець мундзір! І зброю тады зможаце пры сабе пакінуць.

Пакуль пан Караль буркатаў нешта няўхвальнае, маг спыніўся каля бялявага Рака ды чарнявага Сака.

— А гэтых куды, мія кара? — азірнуўся на Міхалішыўну. — У асістэнты не падыходзяць, занадта няўклюдныя. З роляй лёкаяў таксама не справяцца — упусцяць прылюдна пару разоў паднос альбо грэлку, і што тады, лупцоўку ім даваць, каб легенду не разбураць?

Павукі разбегліся па кутах пакою, бо адчулі, што зараз людзі могуць пачаць шпурляцца адзін у аднаго не толькі словамі і парвуць павуту, столькі працы ляснецца… Хіба людзі здольныя гэтак карпатліва высноўваць ды пераплятаць таненькія ніты! Не, ім бы секануць, загадаць і атрымаць сваю муху адразу, пад анісавай падлівай на саксонскай парцаляне…

Раіна агледзела абураных студыёзусаў.

— А няхай паны едуць у карэце на дваццаць чатыры вакны… Ну, на возе пры дэкарацыях, быццам насільшчыкі! Будуць дапамагаць сцэну абсталёўваць, рэчы грузіць, здаецца, хлопцы дужыя.

— І праўда… — пагадзіўся Батыста. — Паступіце ў распараджэнне майго Джавані. Ён дасць вам вопратку. А што рабіць з вамі, пан Вырвіч?

Пранцішу зрабілася няўтульна, надта іранічны позірк быў у мага.

— Пан Вырвіч, напэўна, пад падазрэннем, — нагадала Міхалішыўна. Батыста задумаўся.

— Яшчэ як… Яны ж з доктарам — як нітка ды голка, усім вочы скалолі. Тут простага пераапранання мала…

Маг нядобра так прыжмурыўся, як цэнзар з калегіюма, які дакладна ведае, што ў гэтага шкаляра ў кішэні схаваныя карты, і зараз з’явіцца прычына адхвастаць гульца бярозавымі розгамі.

— Вось што, вы, пан Вырвіч, будзеце маім асабістым егіпецкім слугою! Лічыце сябе хоць нашчадкам фараона… Валасы пафарбуем, скуру вымажам, касцюмчык падбяром… Затое зможаце паўсюль за намі соўгацца, апахалам графіню абмахваць, у фокусах мне дапамагаць — вы ж чалавек спрактыкаваны ў розных пракудах, гэта я адразу ўбачыў. Паспрыяеш яму пераўвасобіцца, мія кара?

Міхалішыўна весела засмяялася.

— Басмы хапае. Крэм для скуры намяшаю. Цюрбанчык накручу…

— Ну вось і добранька! А на досвітку з’едзем, каб ніхто не пабачыў, што былі вашамосці — паважаныя шляхціцы, а сталі прыслугай егіпецкага жраца Атхесенпаамона, прыемна пазнаёміцца.

Вось і адкрыўся сакрэт чарнавалосасці Раіны… А што зробіш, калі ў егіпецкай прынцэсы русявых ліцвінскіх косаў быць не можа. Уночы артыстка з вясёлымі жарцікамі пафарбавала Пранцішу валасы і бровы найлепшай індыйскай басмай, якой карысталася сама. Пранціш мімаволі млеў ад дотыку далікатных, але моцных ручак, і нат не засмучаўся пераменай аблічча, бо цікаўнасць у вырвічаўскай авантурнай натуры заўсёды перамагала ўсе разумныя і практычныя разважанні. Брунатны тлусты крэм і адпаведны касцюм давершылі пераўвасабленне. З люстэрка ў круглай жалезнай раме на Пранціша глядзеў нахабны смуглявы юнак, з-пад цюрбана з бліскучай жоўтай матэрыі выбіваўся смаляны чуб, вочы з-пад падведзеных сурмою броваў блішчэлі блакітным гарэзным агнём, падпярэзаны жоўтым пасам чырвоны халат ладна абцягваў драгунскую постаць.

Міхалішыўна падыйшла з-за спіны, паклала рукі юнаку на плечы:

— А вам пасуе, пан Вырвіч. Так і хочацца павучыць вас таньчыць на вуголлях — эфектна б глядзеліся.

Вырвіч рэзка абярнуўся і абняў прыгажуньку.

— Мы і так таньчым на вуголлях, дарагая панна.

І само зляцела з вуснаў недарэчнае пытанне, якое смыліла і назаляла, як ні адганяў яго, быццам авадзень у спёку.

— Ты… была з каралём?

З празрыста-зялёных вачэй знікла шчырая весялосць, велікаватыя ружовыя вусны падціснуліся.

— Ягоная каралеўская мосць вельмі ўпадабаў мае танцы ды спевы, і драматычны мой талент ацаніў…

Выкруцілася з абдоймаў, зноў усміхнулася па-блазенску дзёрзка:

— А асабістае жыццё караля — дзяржаўная таямніца, пан Вырвіч! Вы не мусіце гэтага ведаць, пан… Ахмед, давайце я вас буду клікаць Ахмедам!

І затаньчыла на дыбачках усходні танец, загайдала клубамі, уздымаючы ўверх сцябліны рук… Артыстка!

Раніцай Батыста з крывой усмешкай паведаміў, што жаданне пана Вырвіча быць побач з ягоным сябрам Лёднікам выконваецца няўхільна. Экіпаж егіпецкага мага на адной са станцый перастрэнецца з карэтай, якая ў суправаджэнні цэлага атраду гвардзейцаў вязе ў Санкт-Пецярбург дзяржаўнага злачынцу. Аказваецца, у Батысты і Разанцава запланаваная сустрэча… Батыста, праўда, адмыслова папярэдзіў, каб найміты сядзелі ціха, бо атрад будзе не менш чым у сотню вояў, не жартачкі.

Палазы парыпвалі па сыпкім снезе, пакідаючы ў ім глыбокія шнары. Карэта з закратаванымі вокнамі спынілася каля прыдарожнай карчмы, дзе ўжо два дні знаходзіўся маг са спадарожнікамі. Разанцаў, захутаны ў мядзвежае футра, выйшаў на стаптаны снег, падазрона азірнуўся і адправіўся ў будынак. А жаўнеры заняліся тым, чым спрадвеку займаюцца тыя, хто спыняецца каля карчомкі. Вядома, асабліва шляхетных гатункаў віна тут не было, але піва налівалі някепскае. А хутка яшчэ з вокнаў пачуўся дзівосны жаночы спеў на італьянскай мове… Нават фурман злез з аблучка і пацягнуўся, як зачараваны, бліжэй да дому. Жаўнеры, якія дзяжурылі ля карэты, таксама адышліся, задраўшы галовы да вакна, за якім разводіла рулады райская птушка.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: