Шрифт:
У закратаванае вакно экіпажу з адваротнага ад карчмы боку зараз жа зазірнуў, выслізнуўшы невядома адкуль, егіпецкі хлопец:
— Бутрым!
Дзяржаўны злачынца, які драмаў, адкінуўшыся на мяккім сядзенні, адплюшчыў цёмныя вочы, абведзеныя кругамі, адчыніў знутры зашклёную шыбу:
— Пранціш! Ну і выгляд у цябе… Адкуль?
— Ціха! Зараз паспрабуем цябе адбіць… Мы разам з Батыстам прыехалі. Там пан Рысь, яшчэ колькі чалавек пазбіралі з суседніх маёнткаў… Жаўнераў ля карэты ціха прыкончаць, і бяжым. Іншай магчымасці не будзе. Трымай пісталет і нож…
Але Лёднік пакруціў галавой з адрослымі чорнымі валасамі, на яго схуднелым абліччы была стома:
— Выбачай, не магу…
— Ты што, прыкаваны? Справімся…
— Не, дарагі! — доктар з мяккай усмешкай паціснуў праз краты руку нечаканага госця. — Я даў слова Міхайле, што паеду з ім. Я павінен пацвердзіць, што ён не здраднік.
Вырвічу на імгненне мову адняло. І сапраўды падалося, што на галаве доктара — дзіравы медны тазік, апрануты ён у іржавыя рыцарскія латы, а рука сціскае дзіду, нацэленую на вятрак. Дон Кіхот няшчасны, рыцар сумнага вобразу!
— Ты што, здурэў? Якое слова? Цябе ледзь не замучылі! Выратуеш яго, твой сябручок зноў цябе на крук павесіць! І яшчэ мяне побач!
Лёднік трохі змяніўся ў твары:
— Ты не павінен папасціся… Сыходзь!
— Пайшлі разам! — Вырвічу хацелася проста аглушыць зараз упартага доктара, як рыбіну, і звалачы сілком. — Пра Саламею падумай! Пра Алесіка! У Італіі пажывем, там вучоных шмат!
Спевы ў карчме скончыліся, людзі ўхвальна загулі.
— Зразумей, у мяне ёсць магчымасць заступіцца не толькі за Міхайлу… — з тугою адказаў Лёднік. — Магчыма, удасца пераканаць, каб не чапалі Акадэмію, не пераследвалі студэнтаў. Сам ведаеш — наш кароль зробіць тое, што скажа Пецярбург… Ты лепей Батысту прыцісні, каб ад даносу адмовіўся… Зараз мне збегчы — гэта здрада! Гэта пацвердзіць, што ўсё-ткі ёсць змова, і трэба ўсіх арыштоўваць і дапытваць! Увядуць ваеннае становішча, і… Да таго ж — пагоня, кроў, загінулыя людзі… Ды жаўнеры тут пекла ўчыняць! Навошта тады ўсе мае высілкі былі?
Пачуўся ціхі свіст, што азначала — егіпецкаму слузе, які так і не падаў знаку на пачатак аперацыі, трэба ўцякаць. Калі вядзецца, дык і на трэску прадзецца, а калі Фартуна маўчыць, дык і мёд гарчыць.
— Дурань! Усё роўна будзе вайна! — Пранціша аж калаціла ад злосці і адчаю. — Шляхта збірацца скласці канфедэрацыю супраць Панятоўскага і расейцаў, расейцы агітуюць, каб у іхнюю канфедэрацыю ўступалі…
— Тым больш я павінен абараніць хоць тое, што магу. Не трэба ўчыняць тут безнадзейнай бойкі. Сыходзь, Вырвіч!
Адзін афіцэр ужо заўважыў, што ля карэты с арыштаваным круціцца падазроны тып, і сярдзіта закрычаў. Пранціш паспеў яшчэ абмяняцца з доктарам тужлівымі паглядамі і змушаны быў хуценька слізгануць між коламі карэты…
Нягоднік Батыста, які да гэтага не быў пасвечаны ў бліскучы план выкрадання вязня на станцыі, паводзіны доктара ўхваліў, затое Пранціша і пана Рыся аблаяў на чым свет… Авантурысты, гатовыя загубіць усё і ўсіх непрадуманымі планамі! Калі ўжо яны вымушаны дзейнічаць разам, трэба хаця б трохі пытацца, хто і што збіраецца рабіць… Ледзь усё не сапсавалі, у тым ліку і свайму доктару! Amicus incommodus ab inimico non differt! [14]
14
Някемны сябар не адрозніваецца ад ворага (лац).
Пан Рысь выхапіў шаблю, а Пранцішу толькі цяпер прыйшла ў галаву запозненая здагадка — не здарма ж маг адправіўся ў расейскую сталіцу ў адзін час з Разанцавым, не выпадковая і гэтая сустрэча на станцыі! Батыста ж таксама замяшаны ў справе закалоту ў Віленскай акадэміі, гэта ж з ягонага даносу ўсё пачыналася! А Лёднік зблытаў усё і яму… І цяпер на расследванне выкліканы і Батыста. Напэўна, Разанцаў з магам пра нешта дамовіліся, і пан Міхайла па дарозе ўсё абмяркуе з Лёднікам: якой версіі хто стане трымацца, як выйсці ўсім з сітуацыі з найменшымі стратамі. Дыпламатыя, палітыка, палацавыя інтрыгі! Цяпер Вырвіч быў упэўнены, што карона святога Альфрэда будзе выкупляць правіну мага перад расейцамі. А Панятоўскі — што, яму цікавей з актрысай Шэкспіра разыграць, чым разбірацца ў даносах і змовах. Ён толькі рады, можа, што ўдалося пазбегнуць вялікай бойкі.
Батыста пацвердзіў, што збіраецца ператлумачыць уладам па-іншаму словы свайго даносу, і чым менш Пранціш з кампаніяй будуць умешвацца, тым лепей. Нават Міхалішыўна, якая выканала просьбу Пранціша пацешыць спевамі расійскіх жаўнераў, але таксама не ведала пра рызыкоўную задуму спадарожнікаў, нечакана выказалася, як і маг. Людзей бы толькі загубілі, сябе загубілі… Пацвердзілі б, што закалот існуе, а пан Лёднік на пакуты пайшоў, каб гэта абвергнуць.
Пранціш яшчэ раз падзівіўся, як выпадкова часам мяняецца ход гісторыі. Вось патрапіў між яе адладжаных, грувасткіх колаў адзін чалавек — і змусіў усю машыну спыніцца. Праўда, для гэтага чалавек павінен быць не парушынкай і не простым каменьчыкам, а адамантам, дыяментам…
Падобнае здарылася, калі па намове князя Вітаўта жонку старога Ягайлы Соф’ю Гальшанскую абвінавацілі ў здрадзе мужу-каралю, нібыта сыноў яна нарадзіла не ад яго, а ад маладога прыгожага рыцара Генрыка з Рогава. Кароль раз’юшыўся і загадаў аддаць магчымага суперніка на допыт… І каб той зламаўся пад катаваннем, прызнаў віну — прынцы, будучыя манархі, былі б пазбаўленыя права на трон, з’явіліся б іншыя прэтэндэнты, і як бы тады ўсё павярнулася? Але рыцар паўтараў: «Каралева не здраджвала каралю», і ўсё пайшло тым шляхам, які застаўся ў летапісах…