Вход/Регистрация
Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

Пранціш пазнаў Мікалая Рапніна, галоўнага расейскага «спецыяліста» па Рэчы Паспалітай, які стаяў па той бок залы з самым вясёлым выглядам, фанабэрыстага польскага пасла Ржэвускага, які не рабіў нат спробаў усміхацца. Звярнуў увагу і на маладога высокага прыгажуна, што аціраўся паблізу ад імператрыцы з такой пыхай, што мог быць толькі царскім фаварытам Георгіем Арловым. Казалі, царыца так яго пакахала, што хацела пашлюбавацца. Але Панін асмеліўся сказаць яе вялікасці ў вочы, што пані Арлова не можа быць расейскай царыцай. Пры гэтым, ганарыста адкінуўшы галаву, канцлер так стукнуўся патыліцай аб сцяну, што на ёй утварылася белая пляма ад пудры парыка. Панін нажыў смяротнага ворага ў асобе Арлова, а маладыя прыдворныя празвалі сцяну з плямай ад пудры «сцяной смеласці» і бегалі даткнуцца да яе перад важнай справай.

Але сёння Паніна не было. Магчыма, і праўда прыхварэў, а можа, хвароба была «дыпламатычнай», каб у выпадку няўдалага вырашэння «віленскай справы» канцлер мог сцвярджаць аб сваёй непасвечанасці.

Калі ў залу ўвайшлі граф Міхайла Разанцаў і доктар Баўтрамей Лёднік, Пранціш ледзь не парушыў ролю слугі, бо падаўся наперад, каб лепей усё бачыць і чуць, ледзь сваю змяюку не выраніў.

Разанцаў і Лёднік выглядалі самым важным і гжэчным чынам. На Лёдніку быў акуратны парык, сіні камзол, расшыты срэбрам, белыя панчохі, чаравікі… Напудраная фізіяномія фанабэрыста-засяроджаная, быццам на вучонай радзе. Толькі тое, што быў без зброі, сведчыла пра статус арыштаванага злачынцы, ды рэзкія цені ад вечаровага асвятлення рабілі аблічча трохі злавесным.

Абодва расшаркаліся і раскланяліся, як мае быць. Імператрыца прыняла з рук важнага пана з выцягнутым тварам паперу, перачытала… І, цэдзячы словы, звярнулася да доктара з рэзкім дакорам, маўляў, вучоны чалавек, прафесар, яна, царыца, ягоныя артыкулы ў Лейпцыгскім навуковым часопісе чытала, і ўвязаўся ў змову, падбухторваў сваіх студэнтаў са зброяй у руках выганяць з Вільні рускіх і звяргаць законнага караля.

— У вас не ўніверсітэт, а пітомнік для дзяржаўных злачынцаў!

Пранціш не мог бачыць аблічча Лёдніка, але голас таго гучаў спакойна і ветліва. Лёднік патлумачыў на расейскай, праўда, з акцэнтам — але ж і сама імператрыца размаўляла з заўважным акцэнтам — што яе вялікасць падманулі, дакладней, мае месца некаторае непаразуменне.

— Студэнты, вядома, сваволілі… Але на тое яны і студэнты, такія ж, як па ўсім свеце, ваша вялікасць — пасля імшы замкнуліся ў зале, дасталі карты, віно… Вядома, гэта падлягае пакаранню, і я сам перасаджаў бы блазнюкоў у карцэр. Але калі наляцелі жаўнеры, якія гатовы былі страляць, гэта ўжо занадта… Я — прафесар, я адказваю за сваіх вучняў. Я павінен быў іх абараніць. Мне нічога не вядома пра іх палітычныя сімпатыі, але губіць з-за аднаго падазрэння маладых людзей, з якіх могуць вырасці карысныя для Айчыны людзі, нельга.

І пачалося. Разанцаў сцвярджаў, што ў Акадэміі антырасейскія настроі, што многія сімпатызуюць адпраўленаму ў выгнанне князю Радзівілу, таму звесткі пра закалот выглядалі вельмі верагодна. Князь Мікалай Рапнін пацвердзіў пра няправільныя настроі віленскай моладзі, але пэўна сказаць, ці ўдзельнічаў прафесар у закалоце, не мог, бо доказаў не знайшлі. Кіраўніцтва Акадэміі, як будысцкія малпачкі, сцвярджалі ў лістах, што нічога не ведалі, не бачылі, не чулі і занятыя выключна асветніцтвам, а што там доктар Лёднік вытварыў, чаму счапіўся з жаўнерамі — гэта ягоная асабістая справа.

Успомнілі і пра Батысту.

На егіпецкага жраца царыца глядзела трохі грэбліва, як на змяюку ў клетцы. Ягоныя дасканала велягурыстыя і прыніжаныя запэўніванні пра вернасць трону, жаданне папярэдзіць пра бунт і непаразуменні наконт месца і часу зборышча выслухала няўважліва.

— Ясна, усе стараліся, усе мне адданыя, і ніхто нічога толкам не ведае, бо не злоўлены — не злодзей. Мы цэнім ваша старанне, граф Батыста, і мне перадалі ад вас незвычайнае паднашэнне. Толькі прыняць яго не магу. У мяне, па волі Божай, свая карона ёсць, і ў чужых патрэбы не маю. Праўда, і ў вашых руках такой рэліквіі не месца. Мы падумаем, што рабіць.

Батыста аж загайдаўся ад такіх слоў. Вось табе і карона святога Альфрэда, «запрашальны ліст да любога каралеўскага двара». У манархаў свой гонар, пан жрэц… Людзі зашапталіся, спрабуючы адгадаць, што паднёс імператрыцы маг, але царыца ўдакладняць не стала, а загаварыла пра самае цікавае.

— Ты, Разанцаў, сцвярджаеш, што не быў у змове са сваім сябрам прафесарам Варфаламеем Лёднікам, і калі прыйшоў на чале войска ў дзвесце жаўнераў арыштоўваць змоўшчыкаў, той проста сілай не даў вам гэта зрабіць, не пусціўшы ў залу.

— Так, ваша вялікасць… На жаль, Варфаламей не паслухаўся голасу розуму, — Разанцаў схіліўся ў нізкім паклоне. Жанчына на троне перавяла позірк на палачаніна.

— І ты можаш пацвердзіць, Варфаламей Лёднік, што адзін спыніў дзвесце чалавек?

Высокі маладзён ля трону выразна хмыкнуў, абмерваючы пагардлівым позіркам худую постаць злачынцы.

— Я не Галіяф, ваша вялікасць, каб справіцца з двумя сотнямі, — пачціва пакланіўся Лёднік. — Мне проста давялося цягам некалькі хвілінаў абараняць уваход у залу, у дзверы якой адначасова могуць прайсці не больш двух чалавек…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: