Шрифт:
Быў, вядома, і няёмкі момант. Лёднік, са знаёмай скрынкай пад пахай, хаваючы вочы, папрасіў Саламею зайсці ў ягоны кабінет на сур’ёзную размову. Палачане доўга гутарылі за зачыненымі дзвярыма — Пранціш зразумеў, доктар распавядае жонцы пра некаторыя абставіны свайго гасцявання ў Паўночнай Пальміры і паказвае карону. Была ў доктара такая прыкуда, не мець сакрэтаў ад сваёй прыгожай палавіны. Вырвічу дужа карцела падслухаць, але ўстрымаўся. Выйшлі абодва з кабінету засмучоныя, але абняўшыся. У чым бы там Лёднік ні прызнаўся, Пранціш быў упэўнены, мудрая Саламея скажа, ёй дастаткова, што Бутрыма вярнулі дадому жывым і нават адносна здаровым.
Так што Каляды, хоць і запознена, але сустрэлі, нават спяваць калядныя песні паспрабавалі хорам.
У Батлееме, у доме ўбогім Вол ды асляця грэюць дзіцяцю… Анёлы з неба ўсім даюць знаці, Каб паспаліты йшлі Бога вітаці. Саўка з Яхімам, сваім брацімам, Скора прыспелі, зараз запелі. Карусь з Тарасам гудзелі басам, Бутрымка з Кантам пішчаць дыскантам…У гэтым месцы старой шкалярскай калядкі ўсе дружна смяяліся, бо ўявіць іхняга «Бутрымку», які пяе дыскантам, было немагчыма.
Дзямід з Данілам зайгралі міла, Барыс з Пратэсам спяшалі лесам. Міхайла долам спяшыў з Антонам, Грысь з Маланнёю гналі раллёю, Знахарка Дося спекла парося, Покуль даспела, сама ўсё з’ела…А назаўтра ў доме з пабітымі шыбамі былі госці. З’явіліся, як грымоты на снег.
Ды не абы якія. Пазалочаная карэта з гербам Багінскіх, на запятках якой стаялі два лёкаі, а паперадзе ехалі два фарэйтары ў расшытых мундзірах. Піфагор гаўкаў, як заведзены, ды што такое сабачая адданасць перад узброенымі жаўнерамі…
Але не столькі прысутнасць у доме доктара самога віленскага ваяводы, які ўспадчынніў пасаду пасля выгнання Пане Каханку, усхвалявала насельнікаў дому, а з’яўленне ягонага целаахоўніка. Здаровага, як мядзьведзь, з белымі валасамі і брывамі, з бяздоннымі чырвонымі вачыма…
— Ватман! Не запрашаў цябе ў свой дом, — прамовіў збялелы доктар, захінаючы сабой жонку, якая працінала ненавіснымі сінімі вачыма таго, хто калісьці яе згвалціў.
— А я не па запрашэнні, Баўтрамей, я з ягонай мосцю князем Міхалам Казімірам Багінскім! — выскаліўся найміт. — Не мог прамінуць такой магчымасці — паглядзець на вас, мае даўнія сябры. А вы не змяніліся… Ты, Бутрым, усё такі ж нецярплівы, ты, пані мая, гожая, як мадона, а ты, шкаляр, пракудлівы… А дзе ж наймалодшы Лёднік? О, кропля ў кроплю бацькавіч… Умееш ты, Бутрым, баб счароўваць, і сваіх, і чужых, і зусім-зусім чужых…
— Сціхні, Ватман! — спыніў князь Багінскі насмешны маналог найміта, ад якога гаспадар пачаў ужо азірацца ў пошуках шаблі. Вось князь змяніўся: з’явілася выразнае другое падбароддзе, постаць акруглілася, светлыя вочы сталі яшчэ больш пустымі. Князь неадрыўна пазіраў на Лёдніка з сумессю нянавісці і грэблівай цікаўнасці, як на двухгаловае цяля альбо антыкаўнда з вывернутыми ступакамі.
— Мне паведамілі, што ты маеш падарунак асабіста ад яе вялікасці Кацярыны!
Светлыя вочы князя, здавалася, засвяціліся, як у вупыра ад жадання запусціць іклы ў шыю ахвяры. Ды ён жа раўнуе! — дайшло да Вырвіча. Раўнуе да шаленства! Князь што толькі не вырабляў, абы прыцягнуць увагу Кацярыны, у Санкт-Пецярбурзе месяцамі жыў, на флейце перад тады яшчэ жонкай спадчынніка трону мелодыйкі наігрываў, паркет капелюшом падмятаў, кампліментамі сыпаў, як дзядоўнік калючкамі… Кукарэцыямі займаўся, як называлі залёты студыёзусы Віленскай акадэміі. Гатовы быў дзеля дамы самую рэдкую рэліківію здабыць ды аддаць. І дасюль надзей не страціў, медальён з пасмачкай валасоў ды партрэцікам царыцы на шыі носіць, падарункі пасылае, лісты кранальныя сачыняе. І ўсё дарэмна. Магчыма, таму, што не любіць царыца нерашучых ды мягкіх мужчынаў, а Мікалай Рапнін нездарма называў свайго сябра Багінскага мокрай курыцай.
Але такія, як магнат Багінскі, заўсёды перакананыя ў сваёй прыгажосці ды неадольнасці ўласных чараў. Таму й цяпер пазіраў князь на дзюбаносага доктара, якога памятаў яшчэ бяспраўным рабом, як індык на чырвонае, і, напэўна ж, не мог уцяміць, чым гэты прасталюдзец змог зваяваць увагу царыцы, што ў ім ёсць такога, чаго няма ў магутным прыгожым князі. Затое ўвага царыцы да доктара, відаць, падняла таго ў вачах князя настолькі, што не палічыў за ганьбу сам да яго прыехаць. Раней толькі наймітаў слаў.
— Прадай мне гэтую рэч!
Доктар ветліва пакланіўся.
— Выбачайце, ваша мосць, але хіба годна прадаваць падарункі венцаносных асобаў? Гэта абраза каралеўскай улады!
Ватман скептычна пасміхнуўся, а Багінскі злосна раздзьмуў ноздры трохі кірпатага носу.
— Я лепей за цябе ведаю, што такое годнасць і павага да трону! Забыўся, што гэта я цябе з няволі выкупіў, а, доктар?
Пранціш пачырванеў — бо князь Багінскі выкупіў Лёдніка менавіта ў яго, Пранціша Вырвіча, якому ўздумалася са злосці на ганарыстага раба прыкінуцца, што яго прадае. А давялося і прадаць. Лёднік яшчэ раз пакланіўся.
— Павек удзячны вам, ваша мосць. Але прыпамінаецца мне, што выкупілі вы мяне з умовай, каб я спусціўся ў полацкія сутарэнні за рэліквіяй, а за мной вы паслалі Германа Ватмана з загадам па вяртанні мяне забіць.
Пранціш ледзь не стукнуў доктара ў бок, каб зменшыў з’едлівасць, бо так з магнатамі не размаўляюць. Але Багінскаму нават трохі стала няёмка.
— Ну, не варта варушыць даўнія падзеі. Важна тое, што адбываецца цяпер. А цяпер, Баўтрамей, ты ў становішчы незайздросным.
— Я б на ягоным месцы адразу ў труну паклаўся і цвікамі забіўся, — дадаў Ватман. — Столькі ворагаў адразу нажылося з усіх бакоў.