Вход/Регистрация
Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

Да доктара Лёдніка падляцеў пузаценькі невысокі пан у багатым камзоле, расшытым срэбнымі галунамі.

— Баўтрамеюс!

— Якуб Пфальцман! Вось дык сустрэча…

Былыя аднакурснікі па Лейпцыгу прывіталіся са стрыманай радасцю, але абдымацца не сталі. Апошняя іх сустрэча скончылася тым, што давялося ўцякаць са Слуцкага замка Гераніма Радзівіла, і вынаходніцтва Пфальцмана, жалезная чарапаха на вадзяным рухавіку, была расстраляная з гарматаў.

Пранціш, ва ўрачыстым мундзіры харужага, быў таксама радасна прывітаны і пачуў, што вырас, узмужнеў, сапраўдны рыцар…

— Што ты тут робіш, Баўтрамеюс? — трохі насцярожана папытаўся Пфальцман. — Цябе запрасіў дзеля нейкіх праектаў пан Антоній?

У голасе ясна чулася боязь моцнага канкурэнта. Лёднік паспяшаўся супакоіць знаёмца, што ён тут прысутнічае ўсяго толькі ў якасці гледача.

— Адкуль столькі замежнай публікі? — не мог не пацікавіцца доктар. Твар Пфальцмана заззяў ад захаплення.

— О, гэта справы пана Антонія Тызенгаўза! Гэта вялікі чалавек! Які рухавік прагрэсу! Ён хоча, каб любая вытворчасць, якая існуе ў свеце, была годна прадстаўленая і тут. У прадмесці горада будуюцца дзесяткі мануфактур! Пан Тызенгаўз — геній! Вам хочацца чэшскага піва? Ён выпісвае лепшых чэшскіх півавараў, і тыя ладзяць тут бровар. Ёсць попыт на ліёнскі шоўк? Вунь сядзяць майстры з Ліёну… Персіянскія паясы, брабанцкія карункі, саксонская парцаляна… Усё ў хуткім часе будзе рабіцца тут, па самых лепшых узорах. І кожны з майстроў падпісвае кантракт, што возьме ў навучанне некалькі тутэйшых вучняў і перадасць ім дасканала сваё майстэрства. Мне, як ты разумееш, тут таксама знайшлося пачэснае месца! Адно з самых важных!

Таўсманы твар Пфальцмана наздьмуўся ад гонару. Лёднік паківаў галавой.

— Вельмі паважаю такія пачынанні. Падобным чынам дзейнічаў расейскі цар Пётр Першы. А якімі сіламі будуюцца ўсе гэтыя мануфактуры? Сялянаў, напэўна, зганяюць?

Пфальцман надзьмуўся яшчэ больш.

— І ты паўтараеш за ўсёй гэтай зацятай магнатэрыяй пра заганнасць метадаў пана Антонія! Маўляў, сялянам зноў увялі паншчыну, халопы пішуць скаргі, бунтуюцца… Ніякі прарыў да лепшага не адбываецца без ахвяраў! Хто б піраміды егіпецкія пабудаваў, каб простых людзей бізунамі на будоўлю не гналі?

Доктар скептычна глядзеў на разгарачанага вынаходніка, які, падобна, блізка да сэрца прымаў рэформы пана Тызенгаўза.

— Я толькі падтрымаю любую праяву прагрэсу. Але ведаю і іншае, калі простых людзей давесці да адчаю, любы прагрэс абернецца сваёй супрацьлегласцю. І што ім брабанцкія карункі, калі не стане часу засейваць сваю ніву?

— Ты проста рэспубліканец нейкі, — раздражнёна сказаў Пфальцман. — Пры чым тут быдла? Пан Антоній, між іншым, не дэспат які-небудзь, а натурфілосаф, сябруе з Жан-Жакам Русо… Тых жа мужыкоў адукоўваць збіраецца. Проста павінен прайсці нейкі час, каб усе ўсвядомілі карысць ад рэформаў. Калі па загадзе яго вялікасці Пятра будавалі на балатах Санкт-Пецярбург, таксама цара клялі, бо людзі, як мухі, мерлі. А цяпер горад які прыгожы! Ягоная мосць князь Багінскі ў мінулым годзе мяне туды з сабою браў. Дзе дрыгва была — масты каменныя, на кожнай мілі пяць слупоў з шыльдамі, на якіх надпісы па-маскоўску, па-нямецку і на лаціне, аўстэрыі з выгодамі… А вуліцы шырокія, чысціня — але таксама не з паветра ўзялася, бо калі мужык з горада выязджае, дык мусіць заплаціць дзве капейкі. А калі вывозіць з сабой смецце, дык з яго платы не бяруць. А калі ў горад едзе — таксама мусіць заплаціць дзве капейкі, альбо прывезці з сабою камень ці дрэва для рэпарацыі мастоў. Вось што значыць — кіраваць народам!

— Слушныя законы… — пагадзіўся Лёднік, хаця пры згадцы пра Паўночную Пальміру яго ажно скаланула.

Людзі між тым рассаджваліся ў крэслы, пачыналі нецярпліва азірацца, чакаючы вызначальных персон вечарыны… Зазбіраўся і Пфальцман, які з гонарам паведаміў, што ў чацвёртым радзе сядзіць яго жоначка.

І тут здарылася тое, чаго б не хацеў нямецкі вынаходнік. Людзі змоўклі, бо ў залу імкліва ўвайшоў хударлявы падцягнуты пан з крыху запалымі вачыма і вострым носам. Здавалася, за ім развяваецца чырвоны ўладарскі плашч, хаця ніякага плашча не мелася, а быў белы ўрачысты касцюм з залацістай камізэлькай. Пільныя вочы пана нібыта маглі ахапіць залу з усімі дробязямі, да апошняга веера і спражкі. Вось погляд спыніўся на Пфальцмане.

— Ваша мосць Пфальцман, сёння бачыў у дзеянні ўдасканалены вамі ткацкі станок. Думаю, такіх трэба зрабіць штук дзесяць… Зможаце? А гэта хто?

Погляд пана слізгануў па Пранцішы і затрымаўся на Лёдніку, фанабэрыста-важным і на галаву вышэйшым за шчуплага пана ў белым строі.

Пфальцман пастараўся не скрывіцца і зрабіць усё згодна палітэсу.

— Ваша мосць пан Тызенгаўз, дазвольце прадставіць, гэта доктар Баўтрамей Лёднік, прафесар Віленскай акадэміі, мой былы аднакурснік, і ягоны сябар пан Пранціш Вырвіч…

— Харужы каралеўскай харугвы, ваша мосць, — удакладніў Вырвіч, спрытна адвесіўшы паклон.

Але позірк ягонай мосці Тызенгаўза засяродзіўся на прафесары, і неяк падазрона загарэўся.

— О, пан Лёднік! Прыемна пазнаёміцца з вашай мосцю… Чуў, што вы нядаўна былі ў Санкт-Пецярбурзе… Мелі аўдыенцыю ў яе вялікасці імператрыцы…

Усмешка прафесара была ветлівай, але Вырвіч мог прысягнуць, што за ёй хаваецца скрыгат зубоўны. Працуе «сарафанная пошта» ад палаца да палаца, сарокі ў кармазынавых жупанах стракочуць заўзята…

— Так, вашамосць, мне выпаў такі гонар.

Твар Лёдніка зрабіўся яшчэ больш фанабэрыстым. Тызенгаўз абмерыў вачыма постаць доктара, падобна, ацэньваў ягоныя Геркулесавы вартасці.

— Імператрыца чароўная жанчына, ці не так, ваша мосць?

Гэта была ўжо наўпростая правакацыя, і звычайны часовы фаварыт зараз жа пачаў бы хваліцца атрыманымі рэспектамі ды намякаць на сваю значнасць… Але прафесар толькі ветліва схіліў галаву.

— Яе імператарская мосць — уладарка вялікай краіны.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: