Шрифт:
Але на прыём да доктара Лёдніка запрасіліся адразу ўсе… Нават той жа рэктар пачаў жаліцца, што ў спіне штось страляе, быццам фартэцыя абараняецца ад злога войска, і добра было б, каб шаноўны калега ўлучыў часу на кансультацыю, а яшчэ лепей — на свой цудадзейны масаж…
Рэшту дня прафесар правёў у лабараторыі, рыхтучы лекі — мікстуры, адвары, мазі, нават памочнікаў не папрасіў. Вырвіч ведаў, што доктар такім чынам змагаецца з моцнымі перажываннямі. Альбо фехтаваннем, альбо зельніцтвам. Але як прыехаў, за шаблю яшчэ не браўся. Відаць, хапіла пакуль з яго збройных подзьвігаў.
Новаспечаны харужы Пранціш Вырвіч таксама быў пакуль не пры справе. З палка прыйшоў ліст, што ягоная харугва перафармуецца, і, магчыма, пана Вырвіча перавядуць у другое месца, аб чым яму паведамяць лістом.
А плату за год прыслалі таксама.
— Плюнь ты на гэтую акадэмію, Бутрым! — рашуча сказала пані Саламея. — Напеклаваўся ты ўжо з-з яе. Нават калі не хочаш з’язджаць у іншы ўніверсітэт, як лекар не прападзеш, да цябе вунь Масальскія пасылаюць, Пацы, старая пані Браніцкая запрашае для кансультацыі… Ды другі б азалаціўся. Пражывем.
А назаўтра Бутрыму прынеслі нейкі ліст, запячатаны чорным воскам. Доктар пачытаў з невызначальнай фізіяноміяй, раскатурхаў драгуна, які прыдрамаў ля каміну з томікам вершаў, і заявіў:
— Збірайся, жаніх, паедзем у Ляшчыны. Хоць я не бачу, каб ты гарэў палкім жаданнем хутчэй пабачыцца з нявестай, да яе цябе давязу. І буду спакойны хоць за твой лёс. А па дарозе спаткаемся з Батыстай…
Паглядзеў, як Пранціш ускінуўся, і патлумачыў:
— Ад яго, паскудніка, ліст. Паказвацца ў Вільні не хоча, а спаткацца неабходна. Трэба тым-сім з ім абмяняцца… Гэты пазёр прызначыў спатканне ў Гародні, пасля свайго выступлення ў доме гарадзенскага старасты Антонія Тызенгаўза. Вось і білеты даслаў…
Пранціш узяў у доктара два аркушыкі з выцісненымі вензелямі — пальцы чамусьці дрыжэлі — і прачытаў і пра тое, што нашчадак егіпецкіх жрацоў граф Рудольфіюс Батыста будзе дэманстраваць карціны далёкіх краінаў і часоў, і пра егіпецкую прынцэсу Серафіну, якая размаўляе са змеямі, таньчыць на распаленых вуглях і выканае для прысутных сцэну з оперы «Дыдона».
Пранцішу адразу так яскрава ўспомнілася фігурка ў чырвоным плашчы на фоне белых дзюнаў і чорных дрэў, голас, які ўзлятаў разам з ветрам, крыкі чаіц… Горасныя вочы… Вялікаватыя ружовыя вусны…
Няўжо Раіна Міхалішыўна ўсё жыццё так і правядзе ва ўладзе бессардэчнага Батысты? І той будзе па вечарах па-гаспадарску адводзіць яе ў спачывальню, а пры выпадку прымушаць фліртаваць з уладарамі? Вырвічу нават прыйшло ў галаву, што калі б бацька Раіны, паўстанец Вашчылы, ведаў, які лёс чакае ягоную дачку, ён цалкам меў права заганяць вілы ў жываты панам…
Лёднік пахмура паназіраў за перайманнямі былога гаспадара, прабуркатаў «Ясна…» і сышоў у свой кабінет.
РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ
ЯК ПРАНЦІШ І ЛЁДНІК КАРОНУ СВЯТОГА АЛЬФРЭДА АБМЕНЬВАЛІ
У «Кнізе Кайранід» расказваецца пра марскога аленя, які ўздымае над паверхняй мора галаву з галінастымі рогамі і прываблівае птушак, якія садзяцца на ягоныя рогі, каб адпачыць.
А тады марскі алень хапае іх і зжырае, нібыта мала яму водарасцяў.
На шчасце, у беларускіх рэках, нават велічным Нёмане, такіх пачвараў не вадзілася. А вось алень Святога Губерта з крыжам у лобе быў — на гарадзенскім гербе. Аленя, паводле легенды, пабачыў Губерт з Аквітаніі, калі быў на паляванні, і раскаяўся ў сваім грэшным жыцці…
Наўрад, праўда, беларускія алені плююць вадой у кожную шчылінку, каб адтуль выпаўзлі змеі, і раздушваюць гадаў сваймі капытамі, як сцвярджаюць пра гэтых звяроў сярэднявечныя бестыарыі. Затое бясспрэчна, што грэцкі цар Андранік загадваў прыбіваць на дзверы дамоў жанчын, з якімі ён спаў, рогі аленя, бо мужыкам тых жанчын даваў паляўнічыя прывілеі.
Так атрымалася, што Вырвіч ніколі раней у Гародні, горадзе, на чыім гербе красаваўся алень Святога Губерта, не быў, таму круціў галавой па баках, як шкаляр. Слаўны горад! Адзін Фарны касцёл чаго варты… Каменныя скляпенні ўзлятаюць уверх, як пена марская на высокай хвалі…
А ўсё места чамусьці нагадвала хату, дзе спехам рыхтуюцца да неспадзяванага прыезду вельмі ганаровых гасцей. І там, і тут узводзяцца новыя будынкі, кладзецца брук, ставяць ліхтары… Часам адбывалася гэта трохі бязладна, калі ліхтарны слуп укопвалі каля дарогі, якая яшчэ ўяўляла з сябе яміну, дый хто ў мерзлую зямлю брукаванку кладзе? Але загадалі — і дзяўбуць рыдлёўкамі родную глебу мужыкі з панылымі да адчаю абліччамі…
Незвычайна выглядала і зала ў доме пана Антонія Тызенгаўза, старосты гарадзенскага, сябра дзяцінства сённяшняга караля, якому той даверыў усе фінансавыя справы каралеўства. Падобна, там сабраўся сапраўдны Бабілон — вунь гучна гутараць рудаватыя чэхі, там — немцы ў чорных камзолах, там балбочуць чарнявыя французы, там — паважныя галандцы… Ніхто не хаваў твараў пад маскай, ніякай таемнасці, як падчас сеансу ў палацы Радзівілаўны пад Менскам. Ясна, Батыста за гэты час узняўся ад падазронага шалбера да прызнанага каралеўскімі асобамі артыста, і прыйсці на ягоны спектакль больш не лічылася нечым заганным.