Вход/Регистрация
Ціша
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Петрык, пад ўражаннем гісторыі з пеўнем, які перажыў стрэс, не адразу пачуў пытанне.

— Да яго… А ў мяне імяніны сёння! — успомніў ён.

— Колькі табе?

— Восем.

— Вялікі расці, — ветліва сказаў Стэфан.

Вярнуліся ў двор. Дзядзька, крэкчучы, нагнуўся пад яблыню, падняў антон.

— На, — выцер аб штаны і працягнуў Петрыку. — Вялікі расці. Ну, як там той дзяляга пажывае? Што казаў?

— Казаў, што ў вас як у латыша — хрэн ды душа, — міжволі наіўна вырвалася ў Петрыка. Ён прыкусіў язык, ды позна.

Дзядзька Стэфан памаўчаў, памыляў губамі.

— Во-ось што я табе, нябож, скажу. Другі раз пабачыш яго, дык перадай, — скажы, дзядзька Стэфан перадаў, што гэта не ў мяне, а ў яго, як у латыша — хрэн ды душа! Так і перадай! Не забудзеш?

— Не забуду.

У дзядзькавым голасе чулася не толькі крыўда, а яшчэ як бы і зайздрасць — надта ж трапным, дасціпным падалося яму выслоўе. Стэфан яўна перажываў, што не сам да такога дадумаўся. Таму, праводзячы пляменніка, ён расхваляваўся і ўсё паўтараў:

— Толькі не забудзь! Так і перадай! Так і скажы — гэта ў цябе, скажы, як у латыша! Чуеш? Во-ось…

— Ну што? — сустрэла сына маці.

— Во, яблык.

Маці абнюхала антон — позні, васкова-жоўты, цяжкі. Яблык на ўвесь пакой пах мёдам.

— І ўсё?

— Сказаў «вялікі расці».

Маці паклала яблык на канапу побач з гітарай. Яшчэ на канапе ляжаў канверт з пісьмом ад бацькі. У пісьме — вялікім, з рознымі прыгожымі лірычнымі апісаннямі, паведамлялася, што бацька хацеў зрабіць сыну на дзень нараджэння незвычайны падарунак — прыслаць асятровай ікры, прычым самай свежай, уласнага прыгатавання; ён хацеў напіхаць яе ў вялікія грэлкі і выслаць, прычым сам сабраўся налавіць асятроў, донкамі на жыўцоў-уюноў: «Асятры хапаюць ўюна, як ашалелыя!» — пісаў бацька. Але напароўся на рыбахову, а ў яго не было ліцэнзіі, і замест падарунка давялося заплаціць штраф за кожную «асятровую галаву». Асятроў адабралі і выпусцілі назад у Лену. Бацька прасіў прабачэння за гэта.

Маці прысела на канапу, узяла гітару на калені, як гуслі. Агледзела падарункі. Заключыла:

— Абы-што.

Рыпнулі дзверы, і ў пакой увайшла баба Домна. У руках яна трымала ладны мяшэчак, набіты, як падалося Петрыку, кавалкамі гаспадарчага мыла. Злавіла вуха ўнука сухімі вуснамі, пацалавала.

— Вялікі расці, унучак мой дарагі, слухайся матку, мяне ўспамінай… А гэта табе падарунак, — паклала мяшэчак на стол і ўсхліпнула чамусьці. — Ад мяне і ад дзеда Андрэя.

Маці ўзяла мяшэчак за рогі, патрэсла. З яго пасыпаліся пачкі жоўтых рублёў, зялёных траячак, сініх пяцёрак, чырвоных дзесятак і нават некалькі танюткіх стосікаў ружовых дваццацьпятак…

Некаторы час ўсе трое ў нямым маўчанні сузіралі рознакаляровую кучу. Петрыку ўспомнілася, як некалі дзядзька Стах казаў, што можа засыпаць яго грашыма з ног да галавы, як лісцем з клёна, і цяпер гэта не падалося яму паэтычнай мэтафарай. Ён не ведаў, многа тут грошай, ці мала, але ён бачыў, што яны неспадзяванка, як з неба зваліліся, менавіта прыемны сюрпрыз.

Першая прыйшла ў сябе маці:

— Няўжо далі пенсію за Андрэя?!

— Да капеечкі. За ўсе гады, — адказала задаволеная эфектам баба Домна.

— Колькі грошай… Бог ты мой! Я нават не ведала, што іх столькі можа быць у адным месцы…

Маці не хавала радасці. Яна трымала над сталом далоні з растапыранымі пальцамі, не адважваючыся дакрануцца да грошай.

— А я думаю — чаго яны адчапіліся ад нас? А іх бач ты — сумленне заела. Вось ёсць жа справядлівасць на свеце! Хто б мог падумаць? Цярпленне, як той Капора кажа… Знайшлася добрая душа… Праўду кажуць, што добрых больш, чым злых, а разумных больш, чым дурняў…

Бабуля прысела і пачала была гісторыю, як прыехаў у ваенкамат важны генерал, і зрабіў усім разгон, а на тое, што франтавік ляжыць пад крыжам — ён ім: а вы не ведаеце хіба, што бацюшкі малебны на фронце служылі? Не чулі, што з іконамі святымі ў самалёце гарады абляталі — і не можна было ўзяць такі горад?! Яны стаяць па струнцы, стаяць…

Бабуля замоўкла на паўслове, заміргала вачыма і сказала:

— А можа, і не было ніякага генерала. А проста пабачылі, што памру хутка, ды пашкадавалі. Памру я, доня, баліць у мяне ўсё…

Гэта была праўда. Бабуля стагнала па начах, іншы раз уставала з ложка, ціха ішла на кухню, кіпяціла на пліце ваду для грэлкі, думаючы, што яе ніхто не чуе, — але ўнук чуў.

— І думаць забудзьце! — раптам закрычала маці. Пятрок ажно спалохаўся, а потым зразумеў, што за гэтай сярдзітасцю маці стараецца прыхаваць свой страх за свякруху і шкадаванне яе. — Вас, старых, каго ні паслухай, дык у таго рак, у таго рыба! Менш унушайце сабе!

— Не, донечка. Баліць жа. Чаму ж я і п’ю… А да доктара страшна ісці… баюся… Пакуль не ведаеш, лягчэй, а як пацвердзіцца… Пацярпі, мілая донечка, не трымай зла, даруй за ўсё, і ты, унучак, успамінай бабу Домну…

Маці абняла яе.

— Вы мне радней за матку — ніколі не бачыла лепшай душы…

— Марку свайму, як вернецца, грошы не паказвай — ты ведаеш, які ён. Пакладзі на кніжку і здымай патроху. І дом я на цябе адпісала. Будзе ў вас тая кватэра, ці не будзе, а дом ёсць дом, ды яшчэ ў такім залатым месцы… Ён вякі прастаіць. І грошы ў цябе будуць, і дом — толькі яго не кідай…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: