Шрифт:
— Але ж і сыны ў вас! Гэта ж трэба: трое мужчын перабыло, усе адчынялі веснічкі, бачылі, што клямка на адным цвіку вісіць — і ніхто не паправіў! Прыдуць, як у шынок, паядзяць, пап’юць, пачэшуць языкі, а ты слухай ды кожнаму ківай… Я думала, у мяне муж, ды свякруха, ды два дзеверы — я з імі гора ведаць не буду! А тут — абы-што!
— Ох, твая праўда, донечка… Я ўсё думаю, не яны — я вінаватая! Мо я ім замінаю?..
Гэта была любімая бабіна тэма. Неаднойчы яна і раней казала, што, відаць, толькі яе смерць памірыць і аб’яднае братоў.
6
Аднойчы ў красавіку, пад вечар, Пятрусь з сябрам-аднагодкам Тамашам Капорам гулялі каля аўтобуснага прыпынку ў «цір» — шпурлялі каменьчыкі ў шыльду «Чэшская Слабада».
Выйшла з дому Галька, старэйшая Тамашава сястра, у белай спаднічцы, у белых калготках. Галя вучылася ў школе, ёй было ажно 9 гадоў. З імі, малымі, яна не цырымонілася. Любіла мерацца ростам, падцягвала за вуха блізка, праводзіла далонню па макаўцы — і Тамаш, і Петрык даставалі ёй толькі да грудзей.
Галька агледзелася, пазяхнула. Ёй было сумна.
— Што вы тут робіце? Яшчэ вочы сабе не павыбівалі. Хадзем лепш пад грушу траву есці, — загадала яна камандзірскім тонам.
І яны пайшлі вузкай сцяжынкай на поле пад грушу.
— Усё гэтае поле наш тата засеяў, — як бы між іншым паказвала вакол рукой Галька.
Поле зелянела маладым жытам. Пасярод поля ўзвышаўся пагорак, парослы дзікай травой і жоўтымі дзьмухаўцамі — у зялёным моры маленькі востраў, з пахіленай грушай замест пальмы.
— Грушу хацелі спілаваць, але тата не даў.
Адсюль, з пагорка, на ўсе чатыры бакі адкрываўся іхні родны краявід. Зялёная рунь пагранічнай паласой аддзяляла горад ад Слабады. Там, адкуль яны прыйшлі, у Слабадзе, няспешна цякло сваё жыццё. А наперадзе поле ўпіралася ледзь не пад самыя вокны белых гарадскіх пяціпавярховак, новенькіх і яшчэ недабудаваных. Сонца заходзіла ў тым баку, адбівалася ў шыбах, свяціла ў вочы.
Цікава было вось так стаяць на мяжы горада і сяла, узвышацца над гэтым, ды яшчэ і мець волю: хочаш — вяртайся дамоў, у Слабаду з яе домікамі, садамі, рэчкай, лесам, хочаш — ідзі ў горад з яго спакусамі.
— Ву-у-нь у тым доме, — не прамінула пахваліцца Галька, — мы будзем жыць. Татка кватэру там будуе.
Карл Капора быў майстар на ўсе рукі. І блізка нельга было ставіць Петрусёвага бацьку з механізатарам Карлам Капорам. Тое, што Марк толькі збіраўся зрабіць, дзядзька Карл ужо рабіў. Ён паспяваў зарабляць грошы, будаваць кватэру, на сваім трактары са зменным абсталяваннем араў поле, засяваў, жаў, малаціў; акрамя таго быў галоўны над чысцінёй у Слабадзе — звозіў смецце з бакаў на прыпынку, узімку чысціў вуліцы ад снегу касым нажом-адвалам, а ўлетку адмятаў іх круглым жорсткім венікам-валам, прычэпленым ззаду да трактара. Што і казаць — гэта табе не «капітан дальняга плавання»…
— А цяпер давайце есці траву. Без каманды не рабіць нічога! — папярэдзіла Галя.
Елі лежачы на жыватах. Трава сакавітая, сціснеш у пальцах, аж пырскае з яе. Есці трэба было так, як вучыла Галя: асцярожна цягнуць, тады травінка з ледзь чутным прыемным скрыпам выходзіць з сустава — кончык белы, і яго можна есці — салодкі, смачны… Калі ж падняліся — выкачаныя, выпэцканыя ў жоўтыя і ў зялёныя плямы, — Галька агледзела сваю спаднічку і калготкі і ледзь не заплакала. Але стрымалася. Будучы камандзіршай, бесклапотна сказала:
— А-а, памыюцца! Давайце далей ляжаць! — і зноў плюхнулася на жывот; маўляў, мне ўсё роўна.
Ляжалі на цёплай траве ўкруг, цесненька, блізенька, галава да галавы, ногі ўраскід, падобныя на маленькіх маляроў, і шэпатам абмяркоўвалі важную, надзённую тэму: што будзе, калі Брэжнеў памрэ? І ці могуць такія людзі наогул паміраць?
— Брэжнеў ніколі не памрэ, — упэўнена сказаў Пятрок. — Яму вучоныя дадуць такі ўкол, ад якога ён памаладзее. А потым пастарэе — а яму зноў укол…
Гальцы і без таго было прыкра за спаднічку і калготкі, а тут яшчэ так яўна забіралі яе камандзірскія паўнамоцтвы.
— А Леніну чаму не далі?
— Вучоных не было. Таму Леніна і не закопваюць у магілу. Ён ляжыць у маўзалеі і чакае, пакуль вучоныя прыдумаюць такі ўкол, і ён ажыве.
— Усё ты ведаеш! Што ні спытай! І адкуль ты такі разумны ўзяўся? — ветлівенька, салодзенькім, як трава, галаском пачала Галя.
— Баба Домна расказвала.
— Баба, баба, — перадражніла Галька. — Можна падумаць, нейкая баба больш ведае, чым у школе вучаць! Хочаш, я скажу, чаму ты такі разумны?
— Ну, чаму?