Вход/Регистрация
Год беларуса: Вершы. Вершав. апавяданні. Публіцыстыка
вернуться

Сівы-Сівіцкі Уладзіслаў Пятровіч

Шрифт:

А ў прысёлку Сідаравіч у аднаго багатага гаспадара была парадная сямейка, як баб, так і мужчын, і самы малодшы з іх крэўчык быў яшчэ не жанаты, і яму, як відаць, заманулася жаніцца, а тут старэйшыя не пазваляюць, хоць ты ім кол на галаве чашы. Тады ён прыдумаў вось якую штуку: прыгледзеўшы, як бабы варылі зацірку на вячэру, падсыпаў туды добрыя прыгаршчы блёкату, а тыя як нахлябаліся, дык і пайшлі выранджаць усялякія штукі. Адны пяюць, другія выюць, трэція галосяць; дзеці пазалазілі пад печ ды дзяруць казлы, як кажуць, у прапрадзедаўскім уборы. Аж жудка, што там нарабілася. Назаўтра, казалі, прывозілі знахара, але беднаму крэўчыку жаніцца як не давалі, так і не даюць [56] .

56

1. «Наша ніва», 1912, 5 студзеня.

2

У нас было вось якое здарэнне. Быў у воласці сход. Было многа народу, і, як гэта вядзецца, вечарком некаторыя зайшлі ў карчму прагнаць смагу. У гэтай кампаніі быў адзін заможны і паважны гаспадар, М. В-ч, з вёскі Сермяжнікоў — за дзве вярсты ад мястэчка. Вось гэты чалавек, не могучы вызваць сваіх суседзяў з тае бяседы, кінуў іх там і адзін пайшоў дахаты. А да суседняй з той, што яны выпівалі, хаты заехаўся нейкі падарожны чалавек, казалі, што пагарэлы, і, паставіўшы свайго каня пад паветкай, забыўся прывязаць яго ды зайшоў у хату. Загаварыўся тамака, а бедная скацінка, відаць, згаладалася, выйшла праз незачыненыя вароты шукаць сабе яды і, мусіць, гэтак блытаючыся, зайшла ў вёску Сярмяжнікі да аднаго чалавека на падворак і там пабірала натрэсенае па сцежцы сена. Як агледзіцца после той чалавек, што нямашака яго каня, як падніме крык, што гэта, мусіць, нехта ўкраў! Папёр ён да ўрадніка, але таго не было дома, ледзь знайшоў яго на хрысцінах. I вось яны гарачымі слядамі знайшлі гэтую каняжыну ў чалавека на дварэ. Тут ураднік прыстаў да таго чалавека, што ён украў каня. А той кажа: «Хрысціцеся вы, я сягоння з дому нікуды не выходзіў». — «А хто быў сягоння ў Пяршаі?» — «А гэта, кажа, быў В-ч на сходзе». Ідуць да В-ча, а той спіць як пшаніцу прадаўшы, і ані яму сніцца, якая над ім збіраецца бура. Будзяць таго. «Ты быў сягоння на сходзе?» — пытае ўраднік. «Быў». — «3 кім варочаўся дамоў?» — «Адзін». — «А каня не бачыў?» — «Якога каня?» — «А таго, што я знайшоў у твайго суседа на дварэ». — «Не бачыў, не ведаю». Але ўрадніку паказалася гэта падазрыцельным, і ён загадаў гэтаму чалавеку адпраўляцца з сабой у арыштанцкую пры воласці. На другі дзень калі ўз’юрыцца таго чалавека жонка, прыпёрла да ўрадніка ды ў плач, ды тыц яму ў рукі тры чырвонцы, каб пусціў мужыка — ведама, баба. А той, не доўга думаючы, — відаць, каб адлічыцца, — тыя грошы ў пакет і з тым чалавекам у стан. Яго адтуль пусцілі дахаты, але казалі, што будзе суд. Цікавая рэч, як гэты суд выйдзе; бо той чалавек у гэтым дзеле Богу душой хіба вінны [57] .

57

2. «Наша ніва», 1912, 5 красавіка. Месца падзеі — «Пяршаі Віленскай губерні Ашмянскага павета».

3

Каля нас вельмі цешыліся, што пасля марознай зімы неяк скора пагінуў снег, і думалі, што ўжо будзе цёпла. Бо ў гэтым годзе зіма хоць не вельмі была доўгая, але добра далася ў знакі. Мала таго што парадна пражыў мароз, але пасля сухога лета вада павыбіралася ў калодзежах і яе трэба было вазіць — як сабе, так і скацінцы — за некалькі вёрст. Цяпер затое вады ўжо маем даволі, але таго цяпла, якога ўсе спадзяваліся, дык нешта нямашака, бо насталі нейкія золкія і слотныя дні, часта праходзіць дождж са снегам, а гразі ані вылезці, хутчэй да восені, чым да вясны, падобна. Без пары загінула дарога, і хто астаўся без дроў і без сена, спадзеючыся, што яшчэ будзе мець на гэта часу, цяпер за благой дарогай гэтага зрабіць не можа [58] .

58

3. «Наша ніва», 1912, 22 сакавіка.

4

У нашай старане народ вельмі любіць суды, але яшчэ больш любяць гэта нашы адвакацікі сваёй гадоўлі, каторых завялося ў нас парадна, і іншыя такія мудрыя, што хоць ты стой ды дзівуйся, як яны ёмка абрабляюць свае справы. Завядуцца з сабой браты ці суседзі або ўздумаюць дзяльбу, зараз да адваката. А яго доўга шукаць не трэба. Кожную нядзельку і чацвер іх можна знайсці ў карчме на покуці. Там яны разглядаюць закон, падбіраюць стацці, каторыя трэба «апаласкаць», і тады ўжо адвакацік бярэцца за дзела, каторае іншы раз вядзе з двух канцоў: за аднаго ставіцца ў судзе, а другому піша прашэнні. Бывае часам і так: другому нельга даступіцца да адвакаціка, бо ўжо з ім засеў той, з каторым судзіцца, дык трэба ісці да яго дахаты і занесці парадны сувісцель. А ў судзе часам усяляк бывае, і найчасцей выйграе толькі… адзін адвакацік!

Нядаўна з бліжэйшых нашых вёсак дзяліліся два браты, і, як гэта з давён вядзецца, пры дзяльбе прадзёўб адзін другому галаву. Той падаў у суд, і ўездны член прыкінуў гэнаму тры месяцы адсідкі. Гэны незадаволены і перадаўся ў акружны суд, і там яму зменшылі кару на адзін месяц. Добра і гэта, але ўсё ж трэба сядзець, а тут рабочы час — сяўба. Вось ён ідзе да адваката параіцца, як тут зрабіць, каб адбыць кару пасля сяўбы. Адвакат узяўся за нітачку і, намахаўшы прашэнне, сказаў занесці ў воласць пасведчыць подпіс, бо ён быў непісьменны. У воласці як прачыталі тое прашэнне, дык сталі ўсе рагатаць, бо там было гэтак напісана: «Ён незадаволен гэным судом і просіць прадоўжыць кару». Выходзіла так, што заместа аднаго месяца ён сам сабе прасіў тры! I добра яшчэ, што пісар быў добры чалавек і загадаў свайму памочніку напісаць прашэнне па-людску, а то, чаго добрага, гатовы былі да аднаго месяца далажыць яшчэ два. Быў і я ў той час у воласці і пытаюся: «Сколькі ж, ваша, даў адвакату за гэткае прашэнне?» А ён мне адказаў: «Гатоўкі не даваў, але гэтак, па-суседску, шкалікаў з чатыры апаражнілі» [59] .

59

4. «Наша ніва», 1912, 14 чэрвеня.

1913 год

1

Гэтымі днямі каля нас было некалькі нешчаслівых здарэнняў. У вёсцы Жураўцах налажыў на сябе рукі адзін малады чалавек. Ён пагнаўся на пасаг, ажаніўся ў мясаедзе, бо яму цесць абяцаў дзве дзесяціны зямлі пасагу. Тым часам, як у нас кажуць, «абяцанка — цацанка, а дурному радасць». Гэтак было і тут: жонку ён дастаў няўдалую, з той зямлёй парадку яшчэ не было, а тут, як на злосць, маладзёж у вочы лезе. Дык ён, налізаўшыся ў Валожыне парадна манаполькі, пайшоў дамоў, насыпаў паўрукі пораху, шроту і наверх кулю ў стрэльбу, выйшаў за гумно і ўляпіў сабе ў грудзі.

А ў вёсцы Замасцянах быў вялікі пажар, згарэла 22 хаты з усімі будынкамі. I хоць вёска Замасцяны ляжыць на самым беразе ракі Бярозы, але ў гэту суш ды пры такой праклятай шнуравой гаспадарцы не можна было даць ніякага ратунку, і агонь тады толькі ўняўся, як прыпёрся да прагонкі. А яшчэ, як на бяду, мужчын не было дома, бо цяпер у нас правяць дарогі, дык усіх гоняць на дарогу. Да агню кінуліся ўсе, хто толькі мог, адны ратаваць, а другія для цікавасці, от як гэта і заўсягды пры пажарах у нас. Дык гэтаксама і з вёскі Крыжына ўзялі людзі перабірацца на чаўнах праз раку да пажару, і ў адзін човен села трое дзяўчат і адзін хлапец, але чаўнок быў невялікі, не мог утрымаць на вадзе ўсяго цяжару і пачаў сёрбаць ваду, а ў палавіне ракі пачаў тануць. Пачуўся крык і лямант, і пакуль даспелі іх ратаваць, дык хлапец выплыў, двух дзяўчат выратавалі, а трэцюю, 19 гадоў дзяўчыну, дасталі ўжо нежывую. Трудна апісаць гора бедных пагарэльцаў і гора нешчаслівых бацькоў дзяўчыны! Зразумее гэта кожны селянін, што значыць бацькам свая дачка работніца! Браты беларусы! Кідайма старыя парадкі, а пераходзьма жывей на хутары. Будзе менш няшчасцяў, а карысці многа [60] .

60

1. «Наша ніва», 1913, 31 мая. Допіс надрукаваны пад загалоўкам «Што чуваць каля Валожына Ашмянскага павета».

2

У сваёй хаце — свая сіла

«Служы пану верна, дык ён нос адверне» або яшчэ інакш; ёсць такая прымаўка. А што гэта святая праўда, кожан гэта скажа, бо, можа, не адзін хто і з нас гэтага дазнаў. А дазнаць гэтага не вельмі трудна, бо такіх здарэнняў можна сягоння налічыць сотні, і, каб прыйшлося ўсе іх апісваць, многа патрэбна было б зглуміць і часу, і паперы. А ўсё ж такі адным здарэннем хачу падзяліцца з чытачамі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: