Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

У гэтых адносінах сярод іншых выданняў вылучаецца «Литературная газета», у кожным нумары якой ёсць штосьці такое, што здольна выклікаць жывую цікавасць чытача, жаданне адгукнуцца, абмеркаваць, а то і паспрачацца. Як ні дзіўна гэта можа здавацца, але для мяне як для літаратара літаратурныя раздзелы «Литературной газеты» меней цікавыя, чым яе раздзелы па эканоміцы, быце, сацыялогіі, дзе адчуваецца гарачы пульс жыцця і гарачая зацікаўленасць аўтараў і журналістаў — супрацоўнікаў рэдакцыі.

— Калі мець на ўвазе «літаратуру факта» — род літаратуры, якая пабудавана на дакументах, ці можна сцвярджаць, што журналістыка аказвае на пісьменніка пэўны ўплыў?

— Зразумела, аўтар сучаснай тэмы чэрпае свае задумы з самога жыцця, але ж і журналістыка, у тым ліку і журналістыка факта, таксама частка нашага жыцця. Я не магу пахваліцца канкрэтнымі прыкладамі са сваёй практыкі, але ведаю выпадак з творчага жыцця, напрыклад, У. Цендракова, які адзін сюжэт сваёй даволі вядомай аповесці ўзяў з газеты. Зразумела, у гэтым няма нічога ні кепскага, ні абавязковага для пахвалы: як вядома, сюжэт сам па сабе яшчэ не вызначае поспеху твора. Уся справа ў распрацоўцы сюжэта. Вось і Леў Талстой, як вядома, узяў з газет скупы факт, які лёг у аснову яго сусветна вядомай «Ганны Карэнінай», але распрацаваў яго ў шэдэўр. Зрэшты, Талстой мог абысціся і без запазычанага факта…

— Час, калі вы працавалі ў газеце, не за гарамі. Як і раней, у рэдакцыях шмат думаюць над тым, як зрабіць выданне лепшым, болей займальным і патрэбным для чытача. Што вы думаеце аб журналісцкіх сродках больш актыўнага ўцягнення чытача ў кола пытанняў, аб якіх гаворыць газета?

— Часткова я ўжо адказаў на гэта пытанне: патрэбна сур’ёзная размова аб сур’ёзных праблемах, ва ўсякім разе для мяне гэта цікава. Але як гаварыць аб сур’ёзным? Вось, напрыклад, адна з вастрэйшых праблем сучаснасці — алкагалізм.

Нельга сказаць, што нашы газеты не ўдзяляюць ёй месца на сваіх старонках. Пішуць. Рэгулярна друкуюцца гутаркі ўрача аб шкодзе алкагалізму, і фельетоны, і рэпартажы з медвыцвярэзніка. У гэтым агульным наступленні на п’янства актыўна ўдзельнічае таксама кіно (спецыяльнай пастановай Дзяржкіно забаронена паказваць сцэны выпівак), тэлебачанне, радыё.

Пачытаеш, паслухаеш — страх бярэ: здаецца, няма нічога больш небяспечнага за чарку гарэлкі: кажуць жа, што ўсё пачынаецца з чаркі. А які вынік? Спытайце ў работнікаў гандлю, яны скажуць, як расце з году ў год продаж той самай гарэлкі, «чарніла». П’юць рабочыя, калгаснікі, інтэлігенты. П’юць у будні і ў святы, на працы і дома. Таму што піць культурна нідзе нікога не вучаць, п’юць брыдка — з бутэлькі, за вуглом, у пад’ездах, на фермах, у полі. П’юць са шклянак, кубкаў, не закусваючы, пад лаянку і п’яныя бойкі.

А што ж наш друк? Друк на працягу многіх год друкуе дзяжурныя, амаль велікодныя гутаркі аб тым, што піць дрэнна, што трэба не піць. А дзе ўсебаковае даследаванне гэтай сапраўды жахлівай праблемы ў яе сацыялагічным, эканамічным, псіхалагічным, этнаграфічным аспектах? Не памятаю, каб дзенебудзь выступіў з сардэчнай споведдзю былы алкаголік, які ўжо вылечыўся, або перакананы п’яніца, якія б выкрылі гэты недахоп знутры, растлумачылі яго прычыны…

— Героі вашых твораў, якія расказваюць пра вайну, трапляюць звычайна ў выключныя абставіны, калі неабходна зрабіць выбар па сумленні. Гэты выбар паміж любоўю да іншых, абавязкам і самаахвяраваннем, з аднаго боку, і сябелюбствам, жаданнем уцалець любым чынам — з другога, выяўляе маральны зарад асобы. Вашыя героі — тыя, якіх любіце вы і любім мы, — людзі подзвігу (хоць самі яны, натуральна, гэтага не ўсведамляюць). Што вы думаеце аб прыродзе подзвігу ў нашы дні? У прыватнасці, маладзёжныя газеты часта стараюцца выхоўваць сваіх чытачоў на разглядзе сітуацый выключных. Аднак падчас такі гераізм — імкненне нечалавечымі намаганнямі ліквідаваць той ці іншы прарыў, які з’яўляецца вынікам безадказнасці, галавацяпства. Што вы скажаце з гэтай нагоды?

— Прырода подзвігу ваеннага часу некалькі адрозніваецца ад таго, што мы называем подзвігам мірных дзён. Я думаю, што сумленная праца — гэта сумленная праца. Да подзвігу яна не мае ніякіх адносін. Але бываюць экстрэмальныя выпадкі, здараюцца ў жыцці трагічныя сітуацыі, калі толькі рызыкуючы жыццём можна выратаваць другое жыццё. Друк часам паведамляе аб сапраўды хвалюючых выпадках гераізму ў сутычцы з узброеным бандытам, або пры тушэнні пажару, або выратаванні дзяцей. Але я не магу лічыць вартым пераймання ўчынак, зроблены хоць і з рызыкай для жыцця, але без дастатковых матываў, або той, што здзейснены толькі з-за бравады і заканчваецца трагічна.

Якой бы дарагой ні была тэхніка або жывёла на ферме, усё ж гэта не тая каштоўнасць, платай за якую можа быць жыццё чалавека. Няма неабходнасці тут развіваць гэтую відавочную думку, хіба што варта напомніць, што за кожным такім подзвігам-трагедыяй, якім бы, паўтараю, хвалюючым ён ні быў сам па сабе, стаяць блізкія, сябры, якім дадзена доўга і пакутна думаць над тым, што здарылася.

— Некаторыя лічаць, што чым больш універсальны журналіст (можа напісаць на любую тэму), тым ён больш прафесійны. Іншы раз чытаючы тую ці іншую газету, адчуваеш такое, быццам яе напісаў адзін чалавек — бойкі на пяро, дынамічны, але… некалькі павярхоўны. Ці лічыце вы, што важнасць і складанасць праблем, якія стаяць перад нашым грамадствам і не церпяць газетнага пустаслоўя, патрабуюць далейшай спецыялізацыі журналістаў?

— Мне думаецца, час усёўмельства, журналісцкага верхаглядства беззваротна мінуў. Век НТР патрабуе самай скрупулёзнай спецыялізацыі, дасканалых ведаў прадмета, аб якім ідзе гаворка.

Але ж на кожную праблему не набярэшся спецыялістаўжурналістаў. Дзе ж выйсце?

Іншы раз няёмка глядзець і слухаць, як журналістка, што вядзе тэлеабо радыёпраграму, запаўняе паўзы вымучанымі або выпадковымі фразамі, задае наіўныя пытанні, на якія неяк стараюцца адказваць спецыялісты. Відаць, тут проста трэба смялей давяраць тым, у каго ёсць што сказаць па гэтай праблеме, спецыялістам сваёй справы і радзей звяртацца да павадыроў-нянек, карысці ад якіх ніякай. Адна няёмкасць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 113
  • 114
  • 115
  • 116
  • 117
  • 118
  • 119
  • 120
  • 121
  • 122
  • 123
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: