Шрифт:
— Мне ўжо даводзілася расказваць аб тым…
Гэта было ў студзені сорак чацвёртага. Мы наступалі пад Кіраваградам. Зіма. Стэп. Наш стралковы батальён вёў бой пад Вялікай Севярынаўкай. Была ноч, але было светла ад свежага снегу. Немцы атакавалі нечакана танкамі на кукурузным полі. Рассеялі батальён і пачалі распраўляцца з намі. Агонь быў вельмі густы. Мы адстрэльваліся. Я быў паранены ў нагу. Адзін танк павярнуў да мяне. Я кінуў супрацьтанкавую гранату, але прамахнуўся і толькі паспеў падабраць ногі. Танк літаральна ўціснуў у снег полы майго шыняля. Метраў праз дваццаць ад мяне лейтэнант Міргарад кінуў у гэты танк сваю гранату.
Танк не загарэўся, але развярнуўся і стаў. Мы паспелі дабрацца да сцірт, потым да палявой дарогі, там былі нашы фурманкі. Мяне прывезлі ў сяло, якое стаяла ў лагчыне. У хаце набралася чалавек пятнаццаць параненых. Ноччу я задрамаў на лаўцы. Раптам чую, нехта будзіць: «Быкаў, Быкаў…» Гляджу, нада мной стаіць камандзір батальёна. «Ты паранены?» — «Паранены». — «Хадзіць можаш?» — «Не». — «Наш батальён разграмілі…» Я разумеў, што ён збірае байцоў, каб арганізаваць абарону. Раніцай сяло зноў атакавалі нямецкія танкі, збілі абарону. Я выпаўз з хаты на дарогу, дзе мяне падабрала апошняя фурманка. Адзін танк спыніўся насупраць нашай хаты і расстраляў яе. Хата загарэлася. Відаць, усё гэта бачыў і мой камандзір батальёна, які, канешне, не ведаў, што за пятнаццаць хвілін да таго я выпаўз на вуліцу. Пасля шпіталя я трапіў у іншую часць. Падзеі тых дзён знайшлі адлюстраванне ў аповесці «Мёртвым не баліць», найбольш аўтабіяграфічнай з усяго мною напісанага.
Некалькі год назад я пабываў у тых мясцінах. Сяляне расказвалі, што забітых у студзеньскіх баях збіралі па стэпе і хавалі ўжо ў сакавіку, калі растаў снег. Можаце ўявіць, што там было. Вось так я і трапіў у спісы забітых. Дадому прыслалі паведамленне.
Колькі было такіх выпадкаў? Па сутнасці, усё жыццё на фронце праходзіла на валасок ад смерці. Памятаю, у Венгрыі заселі мы з «саракапяткамі» ля меліярацыйных каналаў. Я ляжу побач з гарматай у гразі тарфяніку. Спусціліся пацёмкі. Немцы зрэдку пастрэльвалі. Раптам перада мной моцны ўдар.
Выцер твар, гляджу, за паўметра з гразі тырчыць донца снарада. А калі б ён разарваўся?
— У мяне быў шынель, у якім я закончыў вайну, увесь прапалены, у некалькіх месцах прастрэлены, прабіты асколкамі. Па сутнасці, гэта чысцейшая выпадковасць, што тыя кулі і асколкі мяне не кранулі — большасць жа маіх таварышаў па Саратаўскім пяхотным вучылішчы з вайны не вярнуліся. Але і жменька тых, што засталіся ў жывых, прыйшлі з раненнямі і кантузіямі…
Васіля Уладзіміравіча многія лічаць чалавекам замкнёным, суровым, які трудна і неахвотна ідзе на кантакты. Гэта трохі насцярожвала перад сустрэчай. Хоць штосьці яўна не сыходзілася ў гэтых характарыстыках з тымі ўражаннямі, якія пакідалі ягоныя кнігі: адкуль жа ў такім выпадку гэтая бязмежная любоў і пяшчота да чалавека, гэтае ўсёпранікальнае разуменне яго? Адкуль гэтае спачуванне да сваіх герояў? Прызнаюся, я сустрэла менавіта такога Быкава, якім ён паўстае са старонак сваіх кніг: адкрытага і добрага, простага і шчырага, разумнага і чулага.
— …I вось калі з’явілася так званая другая хваля ваеннай прозы, калі пра вайну пачалі пісаць былыя лейтэнанты, салдаты, — гэта было сапраўднае адкрыццё: так па-новаму, пранізліва загучалі словы пра вайну… Я маю на ўвазе Юрыя Бондарава і Рыгора Бакланава, Віктара Астаф’ева і Яўгена Носава, Юрыя Ганчарова і Канстанціна Вараб’ёва. I, вядома, Уладзіміра Багамолава, чые кнігі «Іван», «Зося», а потым і больш позняя рэч, раман «У жніўні сорак чацвёртага…» — гэта аголеная праўда вайны, амаль дакументальная проза аб ёй. Я не хачу тым сказаць, што іншыя аўтары пішуць горш. Проста мне бліжэй тыя, каго я назваў. Менавіта іх проза і ўмацавала маё жаданне пісаць пра вайну…
Пісаў я аб тым, што бачыў і перажыў сам, што перажылі мае таварышы. Вядома, у маіх кнігах няма літаральнага ўзнаўлення перажытых жыццёвых сітуацый. Але ўсё, аб чым я пішу, так або інакш было.
— Ці быў такі камбат Валошын і сітуацыя, аб якой вы расказваеце ў аповесці «Яго батальён», — такі ж цяжкі бой і такі ж цудоўна смелы камбат, якога несправядліва адхілілі ад камандавання і які ўсё роўна працягваў ваяваць?
— У нас быў камандзірам палка Валошын, а прозвішча майго камбата было Смірноў. У пэўнай меры з яго спісаны воблік майго героя. Смірноў да вайны быў настаўнікам — спакойны, роўны, умеў абыходзіцца з падначаленымі. Ён моцна трымаў батальён у падпарадкаванні і ў баі цвёрда ўпраўляў ім. Наш Смірноў не загінуў, як Валошын, ён быў паранены пад Балатонам і, здаецца, вярнуўся з вайны.
Што такое камбат на фронце? Гэта як старшыня калгаса — на ім галоўная адказнасць за поспех справы. Камбату загадана наступаць, а немцы не даюць, салдацкія сілы таюць…
Такіх сітуацый, як у маёй аповесці, на фронце было нямала. Няўдалыя баі заўсёды звязаны з пэўнай нервовасцю, з сутычкамі і канфліктамі.
— Мабыць, вашым асабістым вопытам і вызначаецца ваш выбар галоўнага героя — маладога воіна, будзь то лейтэнант, сяржант, радавы?
— Натуральна. Сам я быў у стралковых падраздзяленнях, а ў іх амаль усім па васямнаццаць-дваццаць. Часам глянеш на ланцужок тых, што бягуць у атаку — адны хлапчукі. Вось таму і мае героі такія маладыя. Ведаеце, мне часта пішуць былыя франтавікі. Сярод іх пісьмаў ёсць і такія: маўляў, усялякае было на фронце, але навошта цяпер аб гэтым пісаць? Цяпер трэба штосьці і забыць, а штосьці не грэх і падправіць. Не магу з гэтым пагадзіцца. Не магу прыняць і такой формулы, калі пра чалавека кажуць: ён прайшоў усю вайну — значыць, ён герой. Для нас, франтавікоў, важна яшчэ, кім ён быў на гэтай вайне, дзе служыў. Некаторыя яе ўдзельнікі за ўсю вайну ні разу не стрэлілі. Пэўна, ад кожнага гэта і не патрабавалася. Армія ж, як дзяржава, у ёй важны і патрэбны і інтэндант, і начфін, і стралок, і разведчык. Але ступень рызыкі, перажытых цяжкасцей і ўклад у перамогу ў гэтых людзей розныя. Для мяне галоўны герой вайны той, хто са зброяй у руках біўся з ворагам. Вось чаму і пісаў і буду пісаць менавіта пра такіх герояў — непасрэдных удзельнікаў баёў, франтавікоў, партызан.
Аднойчы мяне спыталі: ці веру я, што энергія такіх людзей, як Іваноўскі, не гіне. Мне здаецца, што перажыванні аднаго чалавека, які ідзе на самаахвяраванне, не павінны знікаць без следу. Зноў жа чалавек, які пайшоў на самаахвяраванне, павінен быць упэўнены, што ягоны ўчынак патрэбны іншым і будзе па справядлівасці ацэнены імі.
— Вы гаварылі, што для пісьменніцкай работы неабходны жыццёвы вопыт. Вашы франтавыя аповесці ствараліся на франтавой аснове — вы ваявалі ў дзеючай арміі. А як жа вы пішаце пра беларускіх партызан, адкуль бярэце свае сюжэты?