Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Прадбачыў гэта пытанне… I ўсё ж партызанскія аповесці напісаны на аснове асабістых ведаў, уяўленняў, а галоўнае — пранікнення ў псіхалогію чалавека на вайне. Гэта толькі здаецца, быццам сутнасць партызанскай барацьбы і франтавой вайны розная. На справе ж і тут і там усё вырашала адно, старое, як свет, і заўсёды балючае пытанне — жыць або памерці. Усім выжыць было немагчыма, а паміраць ніхто не хацеў. У гэтай невырашальнасці галоўная сутнасць усялякага твора на тэму вайны. Усё астатняе — прыватнасці, якія не маюць для пісьменніка занадта вялікай праблемы.

— Некаторыя чытачы пытаюцца: чаму ў кожным творы Быкава існуе здраднік?

— Прырода гераічнага нам блізкая і зразумелая. Зразумела, напрыклад, што менавіта кінула Аляксандра Матросава на амбразуру дзота, што павяло на смерць маладагвардзейцаў, Зою Касмадзям’янскую, падпольшчыкаў Мінска. Іх паводзіны — гэта норма паводзін савецкага чалавека. Норма! Але чаму ж так бывае: тысяча, дзесяць тысяч чалавек страляюць па ворагу, а адзін раптам (ці раптам?) паварочвае зброю і страляе ў сваіх. Чаму? Гэта ж яўнае адхіленне ад «нормы»! Магчыма, ён вучыўся ў адной школе з Зояй Касмадзям’янскай або з маладагвардзейцамі, нават сядзеў на адной парце з героем! Што, дзе, калі зрабіла яго здраднікам? Згадзіцеся, што разабрацца ў прыродзе здрадніцтва таксама неабходна. Для чаго? Каб выкараніць гэтую прыроду, каб у будучым не было ні аднаго здрадніка. Таму я і выводжу на старонках сваіх кніг такіх людзей, як Рыбак, Пшанічны, і іншых…

— Скажыце, калі ласка, Васіль Уладзіміравіч, чым вы больш за ўсё даражыце ў сваіх творах?

— У сваіх? Хутчэй ва ўсіх і ўсялякіх: праўдай! Праўда недзялімая, гэта даўно вядома. Іншая справа, што кожны з нас, з прычыны пэўнай абмежаванасці асабістага вопыту, можа валодаць толькі некатораю часткай жыццёвай праўды (гэта я вяртаюся да «акопнай праўды»); іншую, вялізную частку папаўняе ў нашай свядомасці вопыт іншых — блізкіх, знаёмых, грамадства ў цэлым. Нам, франтавікам, тым, хто, як кажуць, меў «непасрэдную» справу з ворагам, блізкая і зразумелая наша праўда смяртэльнай сутычкі… Другім праўда вайны знаёма не па перарытых мінамі палях, не па акопах, а па камандных пунктах, штабах, рэдакцыях ваенных газет… Што ж, іх вопыт таксама карысны і патрэбны ў справе стварэння агульнай, праўдзівай, шматскладанай карціны вайны. Кожны мастак прыходзіць у мастацтва перш за ўсё з праўдай асабістага вопыту, з асабістым разуменнем і тлумачэннем свету. Справа чытача — меркаваць аб меры яго праўдзівасці, аб ступені яго праваты. Думаю, чытач і рассудзіць.

— I на кінаэкране, і на сцэне ўсё часцей з’яўляюцца быкаўскія героі. Ці задаволены вы імі? Ці задавальняюць вас кінематаграфічны і тэатральны эквіваленты вашых празаічных твораў?

— Што рабіць, кіно заваявала кантыненты і пануе ў свеце мастацтваў побач з такім папулярным і дзейсным партнёрам, як тэлебачанне. Тэатр застаецца трохі ззаду — не тая, як кажуць, энергія, «менш электрычнасці». Да таго ж тэатру патрэбна вельмі сур’ёзная (нават калі і камедыйная!) драматургія ў якасці генератара ідэй і высокай духоўнасці… Шчыра кажучы, літаратурныя героі мне больш падабаюцца, чым кінематаграфічныя і тэатральныя, за рэдкім выключэннем.

— Калі можа адбыцца сустрэча чытачоў з новымі літаратурнымі героямі Васіля Быкава?

— Я не праграмую сваіх намераў. Больш спадзяюся на не дужа пахвальны, але вельмі блізкі рускі «авось». Авось калінебудзь што-небудзь і выйдзе з-пад майго пяра.

— Але як хутка?

— Авось хутка.

— Што б вы хацелі пажадаць чытачам «Недели»?

— Толькі чытаць пра вайну. У горшым выпадку — толькі пісаць пра вайну. Выключна пра мінулую. Ну, і здароўя, вядома, здароўя.

Інтэрв’ю вёў М. Матукоўскі.

[1980]

Векапомнае

Трыццаць пяць год назад скончылася найвялікшая бітва народаў зямлі з самым каварным і моцным зверам, які калінебудзь паяўляўся на нашай планеце, — з нямецкім фашызмам. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа прынесла нашай Радзіме выдатнейшую з перамог, якой па праву ганарыцца ўсё чалавецтва. Гэтая перамога патрабавала велізарнага напружання ўсіх сіл, найвялікшай стойкасці і вытрымкі і каштавала дваццаці мільёнаў чалавечых жыццяў.

Не ўпершыню было Беларусі трываць жах варожай навалы, але такой яшчэ не здаралася за ўсю шматпакутную гісторыю нашага народа. Франтавы ўраган двойчы пракаціўся праз яе палі і лясы, вёскі і гарады, руйнуючы ўсё на сваім шляху. Час паміж гэтымі двума руйнаваннямі таксама не даў ні дня перадыху. Народ узняўся на барацьбу з захопнікамі, і ўсе дні і ночы пад змрокам акупацыі ішла зацятая вайна на дарогах, у лясах, у мястэчках і гарадах Беларусі. Неўміручаю славай на вякі пакрылі сябе народныя мсціўцы — беларускія партызаны, паўмільённая армія якіх была гразой для нямецкіх захопнікаў. У партызанскіх радах побач з беларусамі змагаліся прадстаўнікі ўсіх братніх рэспублік, якія агульнымі намаганнямі блізілі час Перамогі. А мільён беларусаў біўся на фронце, губляючы жыцці лепшых сваіх сыноў у часе вызвалення расійскіх абласцей, Украіны, Малдавіі, Прыбалтыкі. Так было змацавана баявое брацтва народаў нашай краіны, якое прайшло суровае выпрабаванне на палях найвялікшай з войнаў.

У суровых выпрабаваннях вайны кавалася выдатнае майстэрства савецкіх палкаводцаў, генералаў і афіцэраў арміі і флоту. Але найвялікшыя выпрабаванні, мусіць, выпалі на долю салдата, партызана, чыёй крывёй, упартасцю і ўмельствам у значнай ступені набліжалася перамога над дужым і вымуштраваным ворагам. Гэтая перамога была б немагчыма без паўсядзённай арганізуючай і накіроўваючай ролі Камуністычнай партыі, без самаадданай барацьбы мільёнаў яе членаў, якія былі ў авангардзе барацьбы як у нямецкім тыле, так і на палаючых франтах вайны. Многія з іх загінулі, але на іх месца заступалі другія, што ў самым пекле баёў станавіліся камуністамі і сваім натхняючым прыкладам цэментавалі рады змагароў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 127
  • 128
  • 129
  • 130
  • 131
  • 132
  • 133
  • 134
  • 135
  • 136
  • 137
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: