Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

А. А.: І Сахно які-небудзь прыходзіў?

В. Б.: І Сахно там быў, і іншыя. І сябра я там сустрэў, аднакашніка з вучылішча. І выбірацца мы хацелі разам, як раніцай сяло атакавалі нямецкія танкі. І прыгод увогуле было больш, чым там напісана, але я ўжо не хацеў перагружаць імі тэкст. Дзён пяць мы, параненыя, бедствавалі ў нямецкім тыле, можна сказаць, гінулі па некалькі разоў. Ну, але гэта асобная гаворка.

А. А.: А гэты выпадак, калі пахавалі цябе?

В. Б.: Ну, вось, значыць, трэба вярнуцца… Як прывезлі мяне ў санчасць. Там ужо сабралася некалькі параненых, пасля падышло болей. Прыйшоў знаёмы малодшы лейтэнант, мой аднакашнік па Саратаўскім вучылішчы. Была і адна санінструктарка, баявітая дзеўка накшталт маёй Каці. Мы нават выпілі трохі — знайшлося ў некага. Потым знайшлі ў гаспадара ў падпечку трусоў, давай трусоў гэтых рэзаць. Хоць і параненыя, а есці хочацца. Бліжэй да ночы разбалелася мая нага, і я прылёг на лаўцы. Прылёг і задрамаў. І тут нехта мяне будзіць, расплюшчыў вочы. А гэта наш камандзір батальёна капітан Смірноў пытаецца: ты паранены? Хадзіць не можаш? Кажу: не, не магу. Крыху наступаць мог, але сказаў, што не. І ён кажа: во збіраю батальён… Закурыў ён, пагрэўся і пайшоў. Я зноў задрамаў і прачнуўся ад таго, што ўсё хадуном ходзіць, страшэнны абстрэл. Па сяле б’юць мінамёты, чутно, што і танкавыя гарматы таксама страляюць, — гук такі, ведаеш, асаблівы, кароткі. Прыкрыцця ж ніякага, мы ж у сваім тыле. Параненыя затрывожыліся і пачынаюць па адным выпаўзаць на вуліцу. А па вуліцы ўжо мчацца фурманкі, ратуюцца. Гэты самы мой аднакашнік, малодшы лейтэнант кажа: давай пойдзем да царквы, там цераз поле — нашы.

Неяк мы з ім выйшлі з нашай хаціны, але да царквы не дайшлі, нас абстралялі. Я вярнуўся, кажу: там мы не пройдзем. Але ён пайшоў адзін. Ды праз нейкі час расчыняюцца дзверы, і ён ляжыць на парозе.

А. А.: Паранены?

В. Б.: Дзвюма кулямі ў горла. Крывавая пена з рота і з ранаў.

Нешта хацеў мне сказаць, ды толькі хрыпеў. Памёр ён на маіх руках. Вось… Яшчэ праз гадзіну ў хаце засталіся толькі тыя, што не маглі хадзіць, астатнія паразбягаліся. Танкі ўжо ўвайшлі ў сяло. Бачу, што тут мне не адсядзецца. Нага распухла за ноч і баліць горш, чым напачатку. Ступіць я ўжо не магу. Тады і я выпаўз. У двары нейкі дзядзька з пограба дае мне пачак аўтаматных патронаў і зноў кумулятыўную гранату. Патронаў я не ўзяў — у пісталеце ў мяне былі патроны. А гранату ўзяў. Адкруціў ручку, паглядзеў, ці ёсць запал. Запал быў на месцы.

А. А.: Мужык цябе ўзброіў?

В. Б.: Гэта ўсё нехта пакідаў, а ён прыбраў і аддаў мне.

Значыць, я ўзброіўся. Вось тут, думаю, і будзе мой фінал.

Фініта ля камедыя…

І я папоўз на дарогу.

А. А.: Як Іваноўскі?

В. Б.: А на вуліцы ўжо, мабыць, нашыя схлынулі, нікога няма. Танкі ўсё страляюць, блізка страляюць, асабліва на тым канцы. І тут паяўляецца параконная фурманка, на ёй чалавек пяць салдат. Ага, думаю, стой! Крычу ім і махаю гранатай. Калі не спыняцца, думаю запушчу ў іх гранатай. Але чорта два яны спыніліся, пранесліся міма. Рашучасці кінуць гранату ў мяне не хапіла. Ды ўсё ж там знайшлася добрая душа, фурманка спынілася. Саскоквае адзін у паўшубку, падбягае да мяне, хапае пад пахі. Так я апынаюся ў фурманцы. І як урэзалі мы з гэтага сяла ў поле, вырваліся, можна сказаць, з-пад танкаў. А тыя не спяшаюцца нас даганяць, але страляюць з гарматаў — болей цераз нашыя галовы па тых, што далёка наперадзе. І, можа, ужо лічаць, што ўратаваліся. У паветры толькі фыркаюць танкавыя балванкі. Я аберуч трымаюся за нешта ў фурманцы і гляджу назад, на сяло. Ля царквы бачу нашу санчасць у нехуцавай мазанцы. Адзін танк там раптам спыняцца і з вуліцы двума стрэламі б’е па хаціне, тая знікае у воблаку пылу. І ўсё. Мабыць, тыя, хто там заставаліся, абстралялі яго ці кінулі гранату, во танк і расправіўся з імі. Па ўсёй верагоднасці тое ж назіраў аднекуль і мой камбат.

А. А.: Які ноччу туды заходзіў?

В. Б.: Які заходзіў і пайшоў збіраць батальён. Дык ён, канешне, рашыў, што там застаўся і Быкаў. Так мяне спісалі з ліку жывых, бо ў той полк я болей не вярнуўся. Пасля ў мяне было яшчэ некалькі дзён прыгод, прыкладна так, як апісана ў «Мёртвым не баліць». (Дарэчы, гэта ці не адзіная аўтабіяграфічная аповесць, дзе ўсё ці амаль усё — праўда. Але тое, што праўда, і стала непрымальным для часу сацрэалізму. Можна сказаць, што галоўным ворагам гэтага славутага метаду была менавіта праўда. Праўду адсочваў увесь дзяржаўнапартыйны інстытут выдаўцоў, рэдактараў, рэцэнзентаў і крытыкаў. У той час, як валадары нашых думак не пераставалі правакацыйна агітаваць: пішыце праўду! Колькі нашага брата, пісьменнікаў, пагарэла менавіта на праўдзе… А на хлусні, наадварот, — рабілі кар’еру.)

Далей параненых везлі кудысь на брані нашых танкаў. Была ноч, светлая, зімовая. І нас раз за разам бамбілі нямецкія самалёты. У часе бамбёжак танкі спыняліся, і танкісты хаваліся пад імі. Каб, калі загарыцца, паспець адбегчыся. А я ні злезці, ні адбегчыся не мог і ляжаў пад бамбёжкамі зверху. Толькі моцна трымаўся, каб не скінула выбухам бомбы. Але пасля адной асабліва лютай бамбёжкі, калі на сельскай вуліцы згарэлі дзве машыны, не вытрываў і скаціўся долу. Узлезці назад не ўдалося, і я запоўз у нейкую хату. Танкі пайшлі далей. Куды? — я не ведаў, ды і танкісты самі не ведалі. Даведаліся пасля. Ну, дык запоўз я ў хату, хтосьці з танкістаў памог, узабраўся на ложак. Цёмна, ноч. На стале нешта стаіць, гаршчок нейкі. Запусціў я туды руку, намацаў яшчэ цёплы бурак і пачаў яго есці. Ля мяне побач хтосьці ўжо ляжаў, мая рука ўсё трапляла ў штось мокрае на саломе, ды мне было не да таго. Я адразу заснуў. А як прачнуўся, пачало світаць, гляджу на суседа, а гэта немец, обер-лейтэнант. Але ўжо нежывы, ужо сцюдзёны і нават задубянеў. А быццам быў жывы, як я ля яго клаўся.

Ранкам пачаўся бой, ужо за гэтае сяло. Помню, узышло сонца, усё ярка высвеціла. На вуліцы нейкія выкрыкі, хтосьці кудысь бяжыць, а ў мяне, відаць, тэмпература паднялася, і я перастаў разумець, што адбываецца. І ад гэтай калатнечы, і ад недасыпання. Ва ўсякім разе, я ўжо не ведаю, хто ў сяле — нашы ці немцы? Бо страляніна чулася ў адным канцы, пасля ў другім, раздаваліся незразумелыя крыкі, затым усё прыціхла. Думаю, што ж я тут буду ляжаць, чаго дачакаюся? Выпаўз у сені. Каля дзвярэй адгароджаны дошкамі засек з бульбай, такой дробненькай, мабыць, на корм. Я прылёг на гэтую бульбу, дастаў пісталет і ляжу. Чую, бягуць па вуліцы, па дварах, але быццам гаворка не наша, значыць, немцы. Дзверы зачынены, але калі іх расчыніць, дык я тут жа, насупраць дзвярэй, можа, трошкі збоку. І вось туп-туп па двары. Адчыняюцца дзверы — немец! Адной рукой дзверы трымае, а ў другой — аўтамат. А я з пісталетам гляджу на яго. Канешне, я магу стрэліць у кожную секунду, а яму для таго трэба перахапіць аўтамат у правую руку. І вось я не стрэліў, а ён кінуў дзверы і павярнуўся назад.

А. А.: Ты думаеш, ён цябе заўважыў?

В. Б.: Ён мог мяне не заўважыць, бо ў сенях было цёмна, а на вуліцы…

А. А.: Сонца.

В. Б.: Сонца сляпіла. Пасля я ўсё ўспамінаў пра яго, калі быў у Нямеччыне. Атрымалася так, што мы падарылі адзін аднаму жыццё.

А. А.: Ён цябе не заўважыў, а так бы адскочыў і лупануў здаля.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: