Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

На нейкай грузавой машыне паехаў у санбат. Там шмат параненых, дактары ўсе на аперацыях. Я сеў у цяньку на прызбе, праседзеў да вечара. Нават падрамаў трохі. Вуха баліць, але кроў больш не ідзе. На змярканні пайшоў у палатку, дзе дактары. Ды зачапіўся за вяроўку расцяжкі і — вылаяўся. Паявілася мова. Тое ўзрадавала неверагодна, і я яшчэ некалькі разоў вылаяўся — усё грамчэй і грамчэй. З заткнутым ватаю вухам пайшоў на дарогу. Позна ўвечары дагнаў свой батальён.

Адчуваю, Саша, ты хочаш задаць сакраментальнае пытанне пра страх: ці баяўся я? Канешне, баяўся, а можа, калі і трусіў. Але трэба ўлічыць, што страхаў на вайне шмат і яны ўвогуле розныя. Страх перад немцамі — што могуць узяць у палон, застрэліць, страх ад агню, асабліва артылерыйскага ці бамбёжкі, калі побач выбухне, дык, здаецца, цела само без удзелу розуму гатова разарвацца на кавалкі ад пакутаў. Але ж быў і страх, што ішоў ззаду, ад начальства, усіх тых карных органаў, якіх у вайну было не менш, чым у мірны час. Нават болей. Калі цябе камандзір абяцае расстраляць пад ранак, калі ты не возьмеш страчаны хутар ці вышыню, ці траншэю (што па тым часе зусім верагодна), дык яшчэ невядома, каго ты пачынаеш баяцца болей — немцаў ці камандзіра. Немцы яшчэ могуць не пацэліць, і табе ўсё абыдзецца. А свае камандзіры ці калі ўвяжацца трыбунал, ужо прамашкі не дадуць. Тут ўжо ўсё дужа пэўна і канкрэтна.

Пасля яшчэ былі баі, але ў Румыніі па танках мы не стралялі. Маю падбітую гармату выцягнулі з агнявой, замянілі кола, а прыцэла не знайшлі. Так мы яе вазілі — на фарміроўку пад Луцк, пасля ў Венгрыі. І да майго новага ранення яна заставалася без прыцэла.

А наконт танка. На фарміроўцы ўвосень пачалі афармляць узнагароды, напісалі і на мяне: «К орудию встал Быков, через канал ствола навел орудие, затем зарядил и выстрелил» і г. д. Але аказалася, што за той танк ужо ўзнагародзілі кагось з дывізійнай артылерыі, якая там таксама страляла. Выходзіць, Быкаў падбіў падбіты танк? Можа, і так, я спрачацца не стаў. З начальствам тое бескарысна. Тым болей, што на тым часе я ўжо стаў аўтаматчыкам. Не захацеў стаць ад’ютантам у камандзіра палка, крыклівага маёра Коваля, і той са злосці паслаў мяне ў аўтаматчыкі.

А. А.: Слухай, давай пункцірам пойдзем. Аж да Курылаў.

В. Б.: Да Курылаў, мусіць, будзе далёка. Гэта ўсё ў Малдавіі. Але трэба вярнуцца назад… Расказаць пра франтавое братанне з немцамі.

А. А.: Гэта «Праклятая вышыня»?

В. Б.: Было, як і ў «Праклятай вышыні», хаця, можа, трошкі і не так. Можа, страшней нават. Сапраўды, усё здарылася ў роце аўтаматчыкаў. Вясна, а неяк сталася кепскае надвор’е, завея, снегу наваліла гурбы. А пасля раптам — сонца, снег адразу растаў, вясна. Во якраз у тую ноч перад вясной немцы збілі роту з вышыні і асталяваліся на ёй. А нашы замест таго, каб зноў атакаваць, рашылі замірыцца, пакуль начальства далёка, штабы адсталі. Ініцыяваў усё старшына роты. Унізе працякала рачулка, за якой тая вышыня, а нашыя заселі на гэтым схіле. І во старшына выйшаў да рэчкі, паклікаў нямецкага оберлейтэнанта, і яны заключылі перамір’е. Наладзілі сувязь…

А. А.: Сталі хадзіць туды па ваду?

В. Б.: Сталі хадзіць і нашы, і немцы. Памыць парцянкі, перакінуцца махоркай і атрымаць замест цыгарэты. Ну і размовы. Словам — братанне, самае што ні ёсць. І доўжылася яно два дні. Камандзір роты якраз адсутнічаў, яго замяшчаў узводны, малады хлопец. Справа ў тым, што… Чаму я ўсё гэта напісаў? Таму што сам змушаны быў што-нішто бачыць. А выкрылася як? Праз два дні, як параненых адпраўлялі ў тыл, тамашні Цвяткоў і «стукнуў». Натуральна, начальства ўзвілося…

Неяк аднаго разу ноччу дзве мае саракапяткі перакідваюць на чужы ўчастак. Ну, трошкі мне дзіўнавата, але што ж, бывае, чаго начальства не выдумае. Да ранку збольшага акапаліся, сядзім. Пяхота крышку наперадзе і ўнізе, даўно не спакойная, варушыцца нешта. Нешта чуем краем вуха, а не разумеем. Ззаду падвезлі мінамёты, артылерыю. Я — на прамой наводцы. І во толькі развіднела, гляджу: ідуць немцы да рэчкі. Ідуць так свабодна, са зброяй, але адкрыта зусім. Падыходзяць, значыць, да рэчкі і крычаць: эй, Іван! І яшчэ нешта.

А. А.: І колькі немцаў?

В. Б.: Чалавек шэсць. Эй, Іван і яшчэ нешта крычаць. У нас усё замерла. Яны пастаялі, між сабой пагутарылі, пасля нешта, відаць, западозрылі, і двое бягом назад. Астатнія таксама пачалі ад рэчкі адступаць. І вось тады…

А. А.: Вы ўрэзалі?

В. Б.: Урэзалі. Спярша артылерыя, затым падняўся батальён — цераз рэчку на вышыню. А яны маўчаць. Вось ужо ззаду рэчка і лужок, пасля пайшла размяклая ралля на схіле, а за ім надта крутое месца з невялічкімі кусцікамі, там ужо самая вышыня. Як да гэтых кусцікаў дайшлі, тут ужо яны ўрэзалі. Толькі некалькі чалавек параненых выпаўзлі да рэчкі.

А. А.: З батальёна?

В. Б.: Так.

А. А.: З цэлага батальёна?

В. Б.: Так. Хаця, канешне, батальён быў няпоўнага складу, але… Пасля месяц цэлы бралі гэтую вышыню. І ў маі яшчэ атакоўвалі і ўсё без выніку. Так да Яска-Кішынёўскай аперацыі, да 20 жніўня яна заставалася ў немцаў. А людзей колькі паклалі! Во гэта я там пасля ледзьве не трапіў у палон. Замест мяне трапіў начштаба батальёна.

Частку жніўня і верасень дывізія наступала па Румыніі, дайшла амаль да ніжняга цячэння Дуная. Баёў хапала, але немцы дужа не супраціўляліся, румыны па загаду караля Міхая (пасля ўзнагароджанага Сталіным ордэнам Перамогі) дружна капітулявалі. Ці разбягаліся дадому. У іх было шмат коней, і мы часцяком мяняліся імі — проста на дарозе сваіх здыхлякоў на іхніх ці нямецкіх біцюгоў. Мелі нават і запасных. Бо на фронце коней гінула не менш, чым людзей, і артылерыя заўжды адчувала праблему з цяглавай сілай. Але вось аднойчы дывізію ды і ўсю армію вяртаюць з фронту на нейкую тылавую станцыю, пачынаецца пагрузка на чыгунку, кудысь перакідваюць. Вагонаў не хапае. Пяхотай набіваюць цяплушкі, артылерыю закочваюць на адкрытыя платформы. Там жа і артылерысты. Ад дажджу і ветру — усё тыя ж палаткі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: