Шрифт:
Тут я захварэў — зусім недарэчы па дарозе на фарміроўку, як казаў мой сябра ўзводны Ягораў, бо хто ж хварэе па дарозе ў тыл? Але так, менавіта па дарозе ў тыл. Спярша была малярыя, трэсла ад прырэчных малярыйных паплавоў, пасля падключылася яшчэ нешта. На платформе пад палаткай стала невыносна, тым болей, што пайшлі дажджы, і мяне перанеслі ў цяплушку санчасці. Але, здаецца, нашыя дактары навучыліся за вайну толькі рэзаць, а на якія там хваробы спрэс забыліся. Праляжаў я ў халодным вагоне ўсю дарогу да ўкраінскага Луцка, лепей не стала. Выгрузіліся ў лесе, пачалі абладжвацца — зямлянкі, шалашы, канавязі… І тут я зусім зваліўся. Зноў паклалі ў санчасць — закінуты дом без вокан, без дзвярэй. Ляжу адзін у кутку, дрыжу, тэмпература расце, даюць нейкія таблеткі, якія памагаюць слаба. Аднойчы адчуў, што калі я зараз жа не ўстану і не пайду адсюль, дык тут і сканаю. І я сабраў у сабе ўсю волю, усе слабыя сілы і, хапаючыся рукамі за хваіны, дабрыў да сваіх хлопцаў. Там мне далі паўкварты самагону, ад якога я адразу заснуў. А пасля неяк пакрысе ачомаўся.
Адразу ж пачаліся заняткі — палявыя і страявыя, з песняй (а як жа, жалезная традыцыя з часоў прускай арміі), нарады, палітзаняткі (таксама традыцыя, хіба савецкая). Праз нейкі час пасля вячэры прыходзіць да будана наш палкавы смершавец, пачынае размову: колькі ў апошніх баях забітых, колькі параненых… А Мокіш, пытаецца, таксама забіты? Так, кажу, таксама. Ля Серата. А вы бачылі сваімі вачыма? Тут я трошкі затрывожыўся, бо гэты Мокіш у часе бамбёжкі дзесь знік, можа, разарвала бомбай. Надта напружаны быў бой, і ніхто не згледзеў, куды ён дзеўся. Каб не рабіць сабе лішняга клопату, калі пачалі пісаць звесткі пра страты беззваротныя (забітых) і зваротныя (параненых), я і запісаў Мокіша ў лік забітых. Дык вось, кажа смершавец, вы пакрываеце дэзерціра. Ваш Мокіш затрыманы каменданцкім патрулём у Бельцах. З якой мэтай вы далі фальшывыя звесткі?
Во бяда, ліха на яе і на гэтага Мокіша, каб яму ні дна, ні накрыўкі. Ды і я — варона! Але хто думаў, што ён дасць драла дадому? Давялося мне зноў пісаць, апраўдвацца, смершавец яшчэ разы два прыходзіў. Пасля адстаў.
Атрымалі папаўненне ў жывой сіле, і мяне перавялі з батарэі ў ПТА 2-га батальёна. Камандзір батальёна капітан Смірноў адразу зрабіў мне вымову, як я прыйшоў прадстаўляцца, за дрэнны парадак на канавязі, нячышчаных коней. (Божа, колькі крыві псавалі гэтыя коні! У вайну і пасля. Чысціня іх і збруі, бясконцыя вывадкі — жывучыя рэцыдывы старой кавалерыйскай традыцыі, якая не хацела аджываць і ў новы час. Сапраўды, кожная армія рыхтуецца да мінулай вайны, а будучая прыходзіць нечакана.) Тым не менш строгі быў наш камбат Ігар Смірноў, былы школьны настаўнік. Ён таксама папсаваў мне нямала крыві ўжо ў баях на венгерскай зямлі. Але я на яго не крыўдую, бо шмат што было заслужана.
Здаецца, у канцы кастрычніка пачалі рыхтавацца на пагрузку — зноў па чыгунцы кудысь на фронт. На які — ніхто не ведаў. Пагрузіліся і паехалі, на гэты раз у цяплушках — з печкамі і нарамі. У асобным вагоне — коні, конскі састаў, паводле вайсковай тэрміналогіі. У мяне ва ўзводзе чатыры вялізныя нямецкія біцюгі, якія добра цягнуць гармату з перадком, але заўжды крокам. Рыссю яны не ўмеюць. І шмат корму ім трэба. Але сена ў нас няма, аўса не даюць. Калі звярнуцца да начальства, атрымаеш адзін адказ: знайсці. Знайсці і накарміць. Панятна? Іспалняйце! Мае салдаты «ісполнілі» — дзесь на станцыі нацягалі з платформы буракоў і накармілі, адна кабыла праз дзень здохла. Што рабіць? Хутка выгрузка, як цягнуць гармату? Дайшло да начальства, палітапарата, тыя паднялі хай — страта баяздольнасці, вінаватага да адказу. Хто вінаваты? Канешне, камандзір, лейтэнант Быкаў. Зноў завялі справу…
А ў мяне на тым часе быў камандзірам гарматы (той самай, што без прыцэла) старшы сяржант Закіраў, башкір па нацыянальнасці, вялікі спец па конях. Ён і кажа: не дрэйф, лейтэнант, выгрузімся — каня дастанем. Яшчэ лепшага. І праўда, дастаў. Ды не аднаго. Нават і мне дастаў пад сядло — выдатнага дрыганта, ездзіць на якім было адно задавальненне. Кепска хіба, што дужа высокі, каб узлезці, трэба якая падстава ці плот, ці пень. З зямлі дастаць нагой стрэмя было немагчыма. Затое на дарозе — не конь, насалода. Маршам праз партызанскую Ваяводзіну, Нові Сад…
А. А.: Быў я ў Нові Садзе, ведаю…
В. Б.: Немцы там слаба абараняліся, болей адступалі, і мы хутка ўвайшлі ў Венгрыю. Гэта была першая, сапраўды еўрапейская краіна на нашым шляху, не пабураная вайной, са шматлікімі адзнакамі дабрабыту. Позняй восенню ў дождж і слоту ідзем, бывала, праз венгерскія гарадкі і паселішчы ды прагна пазіраем на іх ладныя, пад чарапіцай дамоўкі, акуратныя брамкі, драцяныя агароджы. Белыя сцены вясковых хат скрозь ззяюць чырванню ад развешанага перцу, знакамітай венгерскай папрыкі… Сустракала насельніцтва ўвогуле прыязна, нават гасцінна, хоць венгерская армія тады яшчэ ваявала з намі, хіба без нямецкага імпэту. У кожным доме белы хлеб, вяндліна, каўбасы, слоікі варэння з розных фруктаў. Уся садавіна перапрацавана, нарыхтавана на зіму, састаўлена ў скляпах. Па скляпах, канешне, мы заўсёды лазім. Бо ці баі, ці бамбёжкі — надзейнае сховішча, калі ў вёсцы, склеп. Там жа і выдатнае венгерскае віно. Аж не хочацца вылазіць — пад агонь, на кроў і смерць. Войска там перайшло на самазабеспячэнне, тое, што варылася ў палявых кухнях, перасталі браць. Ідзём, бывала, калонай праз якое сяло, і салдаты, бы мышы, шмыг-шмыг па падворках. Пасля даганяюць свой строй — пад пахай вэнджаны кумпяк, процівагазная сумка, поўная слоікаў з варэннем, на штыху белы бохан, а ў руках вядзёрка ці каністра з віном. Камандзіры глядзелі на тое паблажліва, самім перападала. Зноў жа Венгрыя была саюзніцай Гітлера, таму шмат што дазвалялася.
Позняй восенню фарсіравалі Дунай. Помню, тры дні там біліся, і ўсё няўдала. А Дунай там шырачэзны, можа, як Волга. З аднаго берага другі ледзьве відаць. Мы фарсіруем ноччу. Вядома, спярша артпадрыхтоўка — даволі слабая, сродкамі штатнай артылерыі. З берага я пастраляю крыху на крайнім прыцэле, бяжыць хтось ад камбата: спыніць стральбу, — чым будзеш страляць на тым беразе? У сэнсе, калі на гэтым расстраляеш свой боезапас. То правільна, стральбу спыняем. Праз нейкі час прыбягае начальнік артылерыі — пачаму спынілі артпадрыхтоўку? Немедленна агонь! Ну, канешне, гэты адказвае за артпадрыхтоўку, а той бераг яго пакуль што не хвалюе. Так дзве ці тры ночы. Перадавыя роты на плытах і лодках адплываюць па начным Дунаі, і ніхто не вяртаецца. Хіба назаўтра прыбрыдзе знізу па цячэнні мокры салдат, дрыжучы раскажа, як іх там сустрэлі немцы. Так доўжылася да таго часу, пакуль па Дунаі не прыйшлі бронекатэры з танкавымі вежамі на палубах, у некаторых былі нават «кацюшы». Яны ўзялі нас на свой борт і высадзілі на тым беразе. Коней пакінулі на гэтым, а там у першым жа венгерскім сяле мой Закіраў раздабыў коней у поўным складзе. Мне пад сядло даў маладую кабылку, дужа слаўную і разумную, яна мне не раз ратавала жыццё. Так ад Дуная мы пачалі наступленне… Ты, Саша, у Венгрыі быў?
А. А.: Быў.
В. Б.: Мы наступалі з поўдня, напрамкам на Балатон. Гэта былі жахлівыя баі кожны дзень і кожную ноч.
А. А.: І венгерская армія там была?
В. Б.: Так. Памятаю, калі камбат аддаваў загад, мы заўсёды цікавіліся, хто перад намі: немцы ці венгры? Калі венгры, дык яны надта не супраціўляліся, пад націскам адыходзілі. А немцы, канешне, як заўсёды: колькі хацелі, столькі і абараняліся. Лёгка збіць іх з занятых пазіцый было немагчыма, пакуль яны самі не пакідалі іх. А восень позняя, сцюжа, слота, дажджы… Спярша ад Дуная ішлі лясістыя пагоркі, а пасля раскінуліся балоцістыя поймы, меліярацыйныя каналы. Акапацца там не было як, поле бою наскрозь прастрэльвалася. Так доўжылася, прыкладна, месяц.