Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Да аўстрыйскай мяжы рухаліся ўвогуле ўдала, з нядоўгімі сутычкамі. А на мяжы ўсё спынілася, немцы сталі ў абарону. У перадгор’і Альпаў — шырачэзная даліна, якую немцы перакрылі агнём і нас туды не пускаюць. Нямецкія танкі здаля б’юць па адзінай на схіле дарозе. Пяхота, артылерыя — усё ў нас спынілася. Ды хутка з’явіўся нейкі генерал у камбінезоне, але з генеральскай фуражкай на галаве і якраз налез на нашую батарэю. А вы чаго тут тарчыце? Ану впярод! І пагнаў батарэю па адхоне ўніз, туды, дзе немцы. «Студэбекеры» з гарматамі неяк праскочылі, і мы хуценька за кусцікамі пачалі акопвацца. Іншых, што ехалі за намі, немцы не пусцілі, спалілі некалькі машын, і болей ніхто праз іх агонь не праскочыў. Пра тое, што мы адкрытыя для сваіх, мы не клапаціліся. А ведаеш, як на вайне бывае? Розных часцей зашмат, нашыя ў палку, скажам, ведаюць, дзе іхнія астатнія, а іншыя могуць і не ведаць. І нейкія мінамётчыкі, якіх спрытны генерал змусіў хутчэй адкрыць агонь, агонь і адкрылі. Па нас, канешне. Толькі я з салдатам выкапалі ровік па калена, як тыя пачалі смаліць. Міны кучна клаліся якраз абапал. І, відаць, накрылі б, калі б не найшла вясновая хмарка і не паліў дождж. (Зрэшты, у вайну, калі пачыналася арткалатнеча, заўсёды пачынаўся і дождж. Іншы раз ён і не спыняўся, бо не спынялася арткалатнеча.) Як толькі дождж хлынуў, я выскачыў з ровіка — давайце за машынай і хутчэй адсюль. Але куды, наперадзе ж немцы? А хоць да чорта ў зубы… Трохі некуды ад’ехалі, за нейкія кусцікі, ад якіх было бліжэй да немцаў, чым да сваіх, і тым уратаваліся. Пад носам у немцаў стала спакайней.

Ну, а пасля падцягнулася болей войска, пачалося планамернае наступленне і баі. Баі за кожны пагорак і кожнае паселішча. Ды ўжо ў горнай мясцовасці. Адчувалася хуткае сканчэнне вайны, дух быў бадзёры. Помню, дзень біліся за нейкую вёску, не маглі ўзяць, тады аднекуль з іншага ўчастка перакінулі самаходны полк. Гэта 76-міліметровыя самаходкі, якіх на вайне таксама звалі «бывай, радзіма». Во яны праходзяць міма, у адной ззаду (зад у іх адкрыты) стаіць бравага выгляду камандзір, вусаты, у танкавым шлеме, і гойкае нам: упярод, пушкары, годзе пузам зямлю пахаць! Што ж, давай упярод, калі ты гэткі спрытны. Вёску ўзялі, пяхота прайшла на той бок, мы следам, і каля мастка, гляджу, стаіць абгарэлая самаходка і з яе звісае на гусеніцы абгарэлы чалавек. Па недагарэлых вусах мы пазналі таго аптыміста.

Помняцца і яшчэ прыкрыя, а то і камічныя выпадкі. Як я ўжо казаў, у Румыніі я першы раз захварэў на малярыю. Даволі паскудная хвароба, тым болей, што шпітальнага лячэння не вымагае. Зімой была перадышка, а вясной пачаліся прыступы. З пэўнай рэгулярнасцю — пад вечар або калі ўбачу ваду…

А. А.: Проста ўбачыш?

В. Б.: Убачу ставок, возера, рэчку.

А. А.: Здалёк убачыш?

В. Б.: Хоць здалёк, хоць зблізку. Раптоўна здрыгануўся, і пачынаецца ліхаманка на некалькі гадзін. Аднойчы мы займалі пазіцыю на прамой наводцы ў полі. Трошкі далей і збоч ад агнявой раслі дрэўцы, нейкія кусцікі. Агонь не вялі, але немцы былі блізка. Мяне раптам затрэсла, і я адышоўся да тых дрэўцаў. Было цёпла, ужо зялёная траўка прабівалася.

Як лёг, салдат наваліў на мяне нейкіх трафейных коўдраў, нямецкіх шынялёў — каб сагрэцца. Пасля, як крыху адпусціла, заснуў. А як прачнуўся, дык здзівіўся, што вакол дужа ціха.

Высунуў галаву з-пад таго варахоб’я — ужо сцямнела. Але дзе гармата? На агнявой няма маёй гарматы, Але стаяць нейкія людзі і пазіраюць чамусьці не туды, куды заўжды пазіраюць на фронце — у бок праціўніка. Гэтыя пазіраюць назад. Я яшчэ прыгледзеўся і прыслухаўся — то ж немцы.

А. А.: Колькі метраў ад цябе?

В. Б.: Метраў? Во правільна ты пытаешся, колькі метраў — заўсёды, як кажуць, ключавое на вайне пытанне. Ну, тут, можа, метраў дваццаць.

А. А.: Ну, ты цікавы чалавек. Любы іншы аўтар даўно ўжо з такіх сваіх эмоцый пачаў бы пісаць.

В. Б.: Тут нічога дзіўнага. На фронце ў пяхоце ці там у супрацьтанкавай артылерыі такіх выпадкаў процьма. Але справа ў тым, што з пяхоты, апроч хіба В. Кандрацьева, у літаратуру ніхто не прыйшоў. Мабыць, не засталося. Усё лепшае, што напісана пра вайну з ліку яе ўдзельнікаў, канешне, належыць усё ж артылерыі. Мабыць, паводле традыцыі, распачатай артылерыстам Л. Талстым. А тут, пакуль я дрыжаў пад варахоб’ем, нашы драпанулі, гармату камбат загадаў адцягнуць ніжэй у сяло, а пра мяне забыліся. Таго салдата, што там мяне накрываў, паслалі па аўтамабіль, а іншыя не ўгледзелі… І я ўстаў…

А. А.: Як устаў? Яны ж глядзяць у твой бок.

В. Б.: Не, яны глядзяць на сяло, дзе ўжо нашы. І цёмна. Я бачу іх толькі на фоне неба.

А. А.: Сілуэты?

В. Б.: Іхнія сілуэты. Адзін у касцы, а другі, помню, у казыркастай шапцы. Вось… І я паўзком, на кукішках даў адтуль дзёру. Знайшоў сваіх, камбат пытаецца: дзе быў? У немцаў, кажу, быў. Пасмяяліся…

Усё ж ішоў сорак пяты, да перамогі заставаўся апошні месяц. А здарылася б тое раней на год ці паўгода, было б не да смеху. Як з тым нашым камандзірам узвода кіравання, які паранены пабратаўся з немцам. У Венгрыі, у час бою за нейкае сяло, надта бамбілі нямецкія самалёты, і гэты лейтэнант, паранены ў нагу, сунуўся ў нейкі скляпок на двары сялянскага падворка. Якраз змяркалася, і ў той скляпок сунуўся і яшчэ нехта, таксама паранены. Тады скончылася бамбёжка і наогул скончыўся бой. І во яны сядзяць удвух, але ў цемры не бачаць адзін аднаго і не ведаюць, хто побач — свой ці чужы. Для таго маўчаць. А галоўнае — не ведаюць, хто заняў сяло — нашы ці немцы. Ніхто першы не хоча адкрыцца, так мінула ноч. І толькі як пачало світаць, лейтэнант убачыў, што перад ім немец, обер-лейтэнант медыцынскай службы. І ніхто з іх за пісталет не схапіўся, бо зноў жа — невядома, хто наверсе. Першы не стрываў немец, таксама паранены, неяк выбраўся, а лейтэнант сам выбрацца не можа. Сядзіць і чакае, калі прыйдуць немцы і возьмуць яго ў палон. Або прыстрэляць у яме. Немцы і прыйшлі. Але на ламанай рускай мове растлумачылі, што страляць не будуць, будуць рабіць арцліхер беістанд (медыцынскую дапамогу). І выцягнулі лейтэнанта, занеслі яго ў медпункт, дзе той жа ягоны начлежнік перавязаў яго нагу і папытаўся, што ён хоча: да сваіх ці ў палон? Канешне, лейтэнант захацеў да сваіх, тады яго ўначы два немцы паклалі на палатку і падцягнулі да нашых акопаў на краі сяла. Праз паўгадзіны ён туды і зваліўся. Ну, адвезлі ў санбат, ляжыць там лейтэнант, яго перавязваюць, але ж дужа яму цікава з сваіх прыгодаў. І ноччу ціхенька ён расказаў пра тое суседу — што з ім тры дні таму здарылася. Падзівіліся трохі абодва. А яшчэ праз дзень прыйшоў незнаёмы афіцэр і сказаў, каб гэтага лейтэнанта тэрмінова падрыхтавалі да эвакуацыі. Аднаго. Болей яго ніхто ў палку не бачыў. І чутак нават ніякіх не дайшло.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: