Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

А. А.: А строй як? Рагатаў?

В. Б.: Пасміхаўся, канешне. Але не надта. Камбрыг быў у нас чалавек новы, прыехаў з акадэміі і дужа энергічна змагаўся за «парадак», ад якога мы за вайну адвыклі. Ну вось я і падвярнуўся яму пад руку. А камандзір палка палкоўнік Парамонаў тады мне сказаў: каб я цябе болей у гэтым шынялі не бачыў. Ну што мне было рабіць? Прадаў я гэты шынелак нашаму ўзводнаму лейтэнанту Крывавязу, які з яго пашыў сабе кіцель і брыджы.

А. А.: Ну а ты так і застаўся без шыняля?

В. Б.: Мне выдалі зноў нейкі падменны, англійскі — добры шынелак, але кароткі. Давялося падшываць унізе… Але з тым і Крывавязу не пашэнціла. Увогуле ён быў хлопец задзірысты і аднойчы, выпіўшы, пабіўся з маёрам, начальнікам сяржанцкай школы, які быў таксама на добрым падпітку. Лейтэнант быў маладзейшы і, мабыць, перамог у бойцы. Маёру стала крыўдна. І ўжо ноччу ён пайшоў у інтэрнат, дзе жыў Крывавяз, каб прадоўжыць бойку. Але той спаў, маёр яго не дабудзіўся. Затое тут жа на тумбачцы было складзена ягоная абмундзіроўка з таго шыняля. Тады маёр узяў са стала чарніліцу і добра паліў чарнілам — і кіцель, і брыджы. Гэта цяпер проста — здаў у хімчыстку і вычысцяць, а тады… Чым толькі не цёр яе Крывавяз — і мылам, і бензінам — нічога не памагло. Так і прапала абмундзіроўка з шыкоўнага генеральскага шыняля.

А. А.: Сапраўды, не на карысць пайшоў шынелак. Ну, а наконт сяброўства? Былі ж у цябе сябры?

В. Б.: Сябраваў з многімі, былі адпаведныя майму статусу кампаніі. Займеў у іх пэўную рэпутацыю, асабліва пасля здарэння з камсамольскімі ўзносамі. Гэта начальства за тое на мяне ўз’елася, а сябры — зусім не. Неяк зблізіўся з лейтэнантам Дзібнерам, які служыў у штабе. Той быў родам з Ленінграда, у якім жыве і дагэтуль. (Мы зрэдку перапісваемся, перазвоньваемся. Ён цяпер — доктар геалагічных навук, спецыяліст па геалогіі Арктыкі.) Тады мы зрэдчасу хадзілі разам у горад, Віталь любіў выпіць шклянку віна, а галоўнае — шмат расказваў пра свой Ленінград, які я ніколі не бачыў. Ён быў старэйшы за мяне, да вайны скончыў універсітэт і быў дужа адукаваны, што мне вельмі імпанавала. А другі мой сябра быў хлопец іншага складу. Не буду называць яго прозвішча, але гэта таксама быў наш узводны, старшы лейтэнант, якога я клікаў Валодзя. Родам ён быў з Уладзівастока, хаця не надта распавядаў пра свой горад. Ён быў захоплены іншым горадам — Соф’яй, як яго называлі балгары. І аднойчы захапіўся дзяўчынай, балгаркай. Канешне, на сваю бяду… Чаму на бяду? Справа ў тым, што тады ўсе і ўсялякія нашы кантакты з іншаземцамі не толькі не дазваляліся, а жорстка спыняліся. Нельга было і небяспечна пасябраваць з балгарынам, калі выпіць з ім ці нават некалькі разоў запар сустрэцца. Каб тое не рабілася вядомым нашаму міламу СМЕРШу, які за мяжой шчыраваў з падвоеным імпэтам. Валодзя не толькі пасябраваў, ён закахаўся ў студэнтачку Веру, дачку нейкага высокага балгарскага ўрадоўца, члена ЦК балгарскай кампартыі. Валодзя меркаваў, што тая акалічнасць — членства яе бацькі ў ЦК — яму штосьці дазволіць. Аказалася, нічога не дазволіла.

Амаль увесь вольны час, якога, зрэшты, было няшмат, мы бавілі ў горадзе, мілай нашай Сафіі. Там былі мастацкія музеі, дзе я з цікавасцю разглядаў некаторыя творы буржуазнага «салоннага» жывапісу, першы раз пабываў у оперы, вядома ж, на расейскіх спектаклях («Яўгеній Анегін», «Князь Ігар»). Балгары тады і пасля ставілі найболей расійскія творы. Неяк у вулічным натоўпе з цікавасцю назіраў, як адмыслова прывезеныя для таго з Расеі экскаватары і бульдозеры бурылі каменную агароджу царскага палаца ў цэнтры Сафіі. Які энтузіязм панаваў тады сярод люду — прагналі царакрывапіўцу! (Каб праз паўстагоддзя з не меншым энтузіязмам вітаць ягонае вяртанне.) Палітычны клімат у краіне ўсё болей вызначалі камуністы — мясцовыя з падтрымкай і пад кіраўніцтвам прыезджых дарадцаў. Неўзабаве пачалі выкрываць ворагаў балгарскага народа, здраднікаў кшталтам Васіла Каларава, якіх патрабавалі расстраляць. Што і было зроблена. (Як не зрабіць, калі народ просіць.) На такім палітычным фоне пачалося і доўжылася Валодзева каханне: бацька ягонай каханкі, здаецца, трапіў у апалу. Валодзя пачаў таіцца, усяляк хаваць свае сустрэчы з Верай. На вуліцы тое было складана, на кватэры ў яе бацькоў немагчыма. У гарнізоне за ім, вядома ж, было наладжана сачэнне, СМЕРШ сачыў за яго кожным крокам. Некалькі разоў яго выклікалі і папярэджвалі. У парткаме пагражалі выключыць з партыі. Валодзя не хацеў быць выключаным, бо тады б яго адразу выслалі на радзіму, ён хацеў быць з Верай. У такі час ён даверыўся мне і прасіў памагчы. Гэта мы з ім хадзілі ў той выхадны на Віташу, дзе ён астаўся начаваць. Чамусьці той факт яму трэба было ўтаіць, і ён папярэдзіў мяне, каб я сказаў (калі паклічуць), што мы ўвечары разам вярнуліся ў горад, і я ўвесь час быў з імі. Розныя запіскі Веры, яе фотаздымкі ён хаваў спярша пад верхняй дошкай нашага стала ў інтэрнаце, пасля, як згледзеў, што іх там хтось апароў, перадаў мне. Я насіў іх у сваёй палявой сумцы — на заняткі, у поле, артпарк. Але аднойчы не знайшоў іх там — скралі, калі я абедаў у сталоўцы. Мяне паклікалі ў аддзел контрразведкі і пыталіся пра Валодзю. І пра тое, што было ў яго тых паперах. Я сказаў, што чужых папер не чытаю.

А калі б там былі шпіёнскія звесткі? — спыталіся ў мяне, — і вас залічылі ў шпіёнскія сувязнікі? Што я мог ім сказаць? Там былі лісты пра каханне, я ведаў гэта, хоць і не чытаў іх.

Валодзю арыштавалі, паклікаўшы ў палітаддзел. Ідучы туды, ён прадчуваў, мабыць, і толькі шапнуў мне: у шэсць нуль-нуль схадзіць на Арлоў мост і перадаць Веры, каб не чакала яго. Што я і зрабіў. Пра лёс Веры нічога не дазнаўся, бо хутка расфарміравалі брыгаду, і нас раскідалі па розных месцах Балгарыі. Адрасу яе я не ведаў. (Вось яшчэ адзін нерэалізаваны — «негатыўны» сюжэт з маёй літаратурнай біяграфіі.)

Нядоўгі час пасля я правёў у стралковай дывізіі пад Бургасам, але і тую расфарміравалі, вывеўшы на станцыю Кодыма Адэскай вобласці. Са станцыі Унгены мы ішлі пешым маршам — якраз па тых месцах, дзе два гады таму ваявалі. У тое лета на Поўдні панавала страшэнная засуха і яе звыклы спадарожнік — голад. Малдаўскія сёлы стаялі паніклыя, без людзей, людзі сышлі на поўнач — Украіну, Чарніўцы. Забег я ў сяльцо пад вышынёй, куды хадзілі ўначы і дзе нас ледзьве не захапілі ў палон. У тым сяльцы я не сустрэў ніводнага чалавека, яно зусім абязлюдзела. Не было і гаспадара, які частаваў нас курацінай. Адна лебяда ў дварах, поле чорнае, выпаленае спякотай. У вайну не было гэткага…

Улетку я быў ужо ў Нікалаеве, у тамашняй стралковай дывізіі. Дывізія стаяла ў летніх лагерах пад Цярноўкай за Бугам. Упершыню тады давялося напоўніцу зведаць усе пяшчоты стэпавага поўдня. Найперш даўся ў знакі вецер, пыл і пясок. Страшэнная спёка, і нідзе ніводнага дрэўца. Усё ў пыле — пасцелі ў палатках, пыл на сталах у летняй сталоўцы, на посудзе, на апратцы людзей. Неаднойчы тады ўспамінаў я нашы мілыя лясы-пералескі, клёны і дубы прысадаў, іх паласатыя цені цераз вуліцу. Прыгажуны — лясныя азёры… Праўда, тут блізка была рака, але ля ракі патрулі — пільнуюць, каб ніхто не падышоў і блізка. Такі ўжо спрадвечны прынцып у войску: куды трэба, туды не пускаць. І гнаць, куды нікому не трэба. Усе заняткі на голай, без травы стэпавай роўнядзі, усё назіраецца са штабнога пагорка. Як заўсёды ў мірны (ды і ваенны) час, заняткі, страявая і палітпадрыхтоўка. Усё на спёцы, з ранку да вечара.

Там мяне ўпершыню пасадзілі на гаўптвахту — утапіўся салдат. Пасля заняткаў пайшоў самавольна на Буг, бухнуўся ў ваду і не вынырнуў. Можа, знарок, а можа, і не. Але хто вінават? Вядома ж, камандзір узвода. Хоць камандзір у той момант быў на інструктажы па палітзанятках. Ды ўсё роўна пасадзілі. На гаўптвахце парадкі катаржныя — ні сядзець, ні ляжаць. У пяць пад’ём, лежакі выносяць. Каб не садзіліся, а стаялі, на цэментную падлогу выліваюць пару вёдзер вады. Камендант звер. Мала банальных здзекаў, яшчэ ўносіць асабісты элемент — увесь дзень люта лаецца, абражае апошнімі словамі, бы уласных заклятых ворагаў. Пад восень я захварэў, паклалі ў шпіталь. На гэты раз у самы здатны для таго час — перад інспектарскай праверкай. Шпіталь вокнамі выходзіў на пляц фізгарадка. Інспекцыю прыехаў прымаць сам камандуючы Адэскай вайсковай акругай маршал Савецкага Саюза Г. К. Жукаў. Мы назіраем з другога паверха шпіталя, як ён тое робіць. Усіх афіцэраў — маладых і старых — пастроілі ў шэраг ля фізкультурнага снарада «кабылы». Камандзір палка камандуе: упярод! Да кабылы валюхаста бяжыць які-небудзь лысы, таўставаты, гадоў пад 50 маёр, камандзір батальёна, робіць спробу пераскочыць, ды дзе там, саступае ўбок. Наступны — тое ж самае. Ну, маладзейшыя, узводныя пераскокваюць і то не ўсе. Хто не пераскочыў — у асобны шэраг. Такіх апынулася бальшыня. І маршал пачынае мацюгацца: зажраліся, распанелі, не хочаце сумленна служыць савецкай радзіме, вялікаму таварышу Сталіну… Во як трэба — вучыцеся! Падтыкае полы шыняля пад дзягу, кароткая разбежка і — гоп! Пераскочыў. І загадвае камандзіру палка: трэніраваць! Як натрэніруюцца, далажыць. Сеў у свой «віліс» і паехаў. «Дурак, хоць і Жукаў», — кажа яму ўслед сівы начфін артпалка.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: