Шрифт:
А. А.: Якая дывізія была ў цябе, не памятаеш?
В. Б.: Усё тая ж, 252-я, чацвёртай гвардзейскай арміі… Цяжкія былі дзень і ноч, няспынная агнявая калатнеча, пра што там расказваць…
А. А.: З табою што там было?
В. Б.: Ну што са мной было? Аднойчы мяне хацелі расстраляць, напрыклад.
А. А.: Гэта за што?
В. Б.: Зрэшты, гэта ўжо другі раз. Першы раз Балатон ва Украіне, як апісана ў апавяданні «Ранак-світанак»…
А. А.: А я не помню. Ну, а рэальна, як было ва Украіне?
В. Б.: Там хутар здалі салдацікі.
А. А.: Твае? Узвода твайго?
В. Б.: Так.
А. А.: А дзе ты быў?
В. Б.: Ну, і я разам з імі здаваў. Спярша мы хутар узялі, а потым здалі. Ну, як у апавяданні, прачытай калі. Ноччу прыбег камандзір палка і сказаў: взять к утру! Не возьмешь, вот на этом месте из этого пистолета я тебя расстреляю. Аказалася, пра той узяты хутар ён ужо данёс у дывізію і атрымаў падзяку адтуль. А я яго здаў. Ну, што рабіць, пайшлі мы браць. А немцы нас адтуль здорава турнулі назад, да самай дарогі. Ну і ўсё.
У аднаго сяржанта быў там гадзіннік, пачаў я глядзець за часам: тры гадзіны засталося, дзве, паўгадзіны…
А. А.: А ты быў упэўнены, што кокне?
В. Б.: А чаму б і не? Тое проста рабілася, спісалі б на «баявыя пацеры». І вось перад світаннем ззаду нейкая шалёная страляніна, прыбягае адтуль аўтаматчык, крычыць, што на КП напалі немцы.
А. А.: Там, дзе твой камандзір?
В. Б.: Ну. І начальнік штаба загадаў, каб мы — туды…
А. А.: Ратаваць іх?
В. Б.: Але, пакуль мы беглі, немцы сваю справу зрабілі. Карацей кажучы, раніцай каля школы мы капалі магілу для нашага маёра.
А. А.: Так вось… Гульня выпадку. У гэтым выпадку праклятыя немцы нам Быкава выратавалі.
В. Б.: Ну, можа, і занадта — выратавалі… Але вернемся ў Венгрыю. Значыць, мы наступаем. Увесь дзень ішоў дождж, позна ўвечары занялі нейкую вёску, батальён разышоўся па хатах, начальства таксама. Стомленасць страшная, халадэча. Спаць жа ніколі не дазвалялася, калі можна было, хвіліну якую ўрывалі дзе і хто мог. Галоўным чынам, як знікалі куды камандзіры.
А. А.: І вы — артылерысты?
В. Б.: І мы. Закацілі ў нейкі падворак гарматы, і тут жа ў хаце прылеглі. Толькі я прыдрамаў, здаецца, а ўжо світае, і за вёскай у лесе ідзе бой. Батальён туды на світанні рушыў, а нас не гукнулі. Ну вось бачу: справы мае кепскія…
А. А.: Ты абавязаны быў…
В. Б.: Я абавязаны быць там, дзе батальён, а я праспаў. І салдаты мае праспалі. І вось мы рванулі туды цераз поле пад абстрэлам што было сілы ў коней. Даскакалі да лесу, а тут якраз камандзір батальёна, адразу да мяне з пісталетам: за уклонение от боя… Падобна, ён тут жа хацеў са мной расправіцца, бо батальён ляжыць, а немцы сякуць разрыўнымі, ліха працуюць іхнія хуткастрэльныя МГ. Але тут жа астыў і загадвае: збіць кулямёты! 20 мінут часу. Мы хутчэй гармату ўстанаўліваем, і тут высвятляецца: няма снарадаў.
А. А.: Чаму?
В. Б.: Таму што, як заўжды, для гатоўнасці снарады клалі на станіны, а як гналі пад агнём цераз поле, тыя пападалі, парассыпаліся. Дзе цяпер іх шукаць?
А. А.: Ну ўсё. Тут ужо і расстраляць можна.
В. Б.: Кулямёты сякуць, толькі вецце сыплецца. Камбат крычыць: Быкаў, агонь! А чым агонь? Ну, гэта было, канешне, жахліва, я тады хацеў, каб мяне як найхутчэй забіла. Усё ж паслаў перадок на поле, знайшлі ў быльнягу снарады, пачалі мы страляць. Словам, у гэтым лесе яны калашмацілі нас добра, а што мы зрабілі ім нашым агнём, тое невядома. Можа, збілі, а можа, тыя пад вечар самі адышлі.
Як я ўжо казаў, другая гармата ў мяне была без прыцэла, а без прыцэла якая ж стральба? Такім чынам ў запасе заставалася, апроч гарматы, яшчэ пара коней, шэсць чалавек салдат. Я іх трымаю ў тыле — што ім рабіць на перадавой? На перадавой у нас ладныя хлопцы Свінцоў і Пронін, камандзір і наводчык — харошы наводчык. А старшы сяржант Закіраў, спец па конях, у нас за інтэнданта. Пакуль мы гібеем пад агнём, цягаем сюды-туды нашу гармату, вядома ж у холадзе і голадзе, яны там, дзесь у бліжняй вёсцы, для нас стараюцца.