Шрифт:
Толькі ўвечары, калі цямнела, мы вылазілі з ровікаў і, як дзеці, качаліся па сухой, не роснай яшчэ траве, дурэлі і чакалі старшыну, які прыносіў кукурузны суп у тэрмасе і тытунь.
Аднойчы старшына не прыйшоў, і мы, галодныя і злыя, прачакалі так да паловы ночы, а пасля камандзір гарматы старшы сяржант Лук’янчанка — пажылы ўжо, саракапяцігадовы буркатлівы вусач — папрасіў дазволу схадзіць у тыл і набіць у каршэнь старшыну. Пасылаць камандзіра гарматы па харчы было не па правілах, але ў Лук’янчанкі ў палкавым тыле былі і яшчэ патрэбы (першая — палаяцца з артузбраенцамі за дрэнна адрамантаваны пад’ёмны механізм), і я адпусціў яго.
Лук’янчанка вярнуўся ўранку, калі пачынала ўжо світаць. Салдаты да гэтага часу паўлазілі ў свае цесныя, пыльныя акопчыкі і, не дачакаўшыся ежы, задрамалі. Я трохі паляжаў, непакоячыся, чаго гэта так доўга не ідзе старшы сяржант, і пачаў засынаць, як недзе непадалёк на брустверы гулка шчоўкнула разрыўная куля, і гэты яе пошчак імгненна разбудзіў мяне.
— Пакуль аббегаў усіх… Спяць, як суслікі… А старшыну гэта… забіла. Дарма лаялі, — саскочыўшы ў акоп і адсопваючыся, паведаміў Лук’янчанка.
Пачуўшы камандзіра, заварушыліся, паўставалі салдаты. Старшы сяржант тым часам развязаў рэчавы мяшок і выкладваў адтуль на снарадную скрынку тое, што прынёс нам: два боханы кукурузнага хлеба, банку свіной тушонкі, некалькі драбкоў цукру, загорнутых у насоўку, і нізку жоўтага, трошкі абвільгатнелага за ноч малдаўскага тытуню. Напаследак Лук’янчанка выцягнуў з торбіны нейкую таўшчэзную кнігу, абдзёртую, без вокладкі і вельмі растрапаную. Пакуль Рудак (так звалі нашага, таксама ў гадах ужо, гарматнага нумара) дзяліў харч на восем роўных паек, Лук’янчанка адрываў ад кнігі першыя лісты і раздаваў іх разліку.
Ён падзяліў па аркушу ўсім, а астатняе схаваў у свой апусцелы рэчавы мяшок і старанна завязаў лямкі.
Не дачакаўшыся кукурузнага наедку і добра згаладаўшыся, салдаты дружна ўзяліся выскрабаць з банкі тлустую тушонку. Я таксама паеў і неўзабаве заснуў.
Праз нейкі час я, аднак, абудзіўся — хацелася піць, было душна, і недзе побач праз сон яшчэ чулася дакучная гамонка. Аказалася, што гэта Цімафееў, наш наводчык і батарэйны грамацей (да вайны вучыўся ў інстытуце), некага ўпрошваў:
— Ну дайце… Ну што вам… Ну, калі хочаце, палічым старонкі… Пад распіску, га?
— Ідзі ты… ведаеш куды? — санлівым голасам бурчаў Лук’янчанка. — Дай заснуць. Я ноч працягаўся…
— Дык і я ж тое кажу… Дайце — і спіце сабе. Ну, я сам дастану, толькі вы галаву крышачку падніміце. Га?.. Таварыш старшы сяржант!
— Чорт бы вам пяткі абгрыз! — лаяўся камандзір гарматы. — Я за ёю на міннае поле лазіў, думаў, на месяц курыць будзе… А яны вось уздумалі. Чытаць ім конча, грамацеі праклятыя!..
Злосны і сонны, ён, пэўна, усё ж устаў: доўга шархацеў лубяным рэчмяшком — відаць, даставаў кнігу, бо Цімафееў болей не ўпрошваў — маўчаў, і я ўявіў сабе на яго твары ўсмешку чалавека, які дамогся свайго.
— На і адчапіся! Толькі ведай, калі хоць адзін ліст без мяне скурыце — на нейтралку паганю, каб паперы прынёс.
— Згода! Ёсць, таварыш камандзір. I дзякуй!
Цімафееў, затупаўшы ботамі, пабег па траншэі ў шырэйшы акоп па той бок гарматы, дзе ляжалі нашы боепрыпасы і дзе звычайна размяшчаўся ўвесь разлік — пяць чалавек.
Так да нас трапіла гэтая кніжка, лёс якой склаўся далей крыху інакш, чым яго вызначыў старшы сяржант Лук’янчанка. Прыслухаўшыся да гаманы за гарматай, я таксама адчуў цікавасць да тае кнігі, што так прывабіла нечым наводчыка.
Падумаўшы, што Лук’янчанка, мабыць, не спіць, я далікатна пакратаў ягоны бот.
— Як яна называецца, кніжка тая?
Старшы сяржант памаўчаў крыху, як бы думаючы, адказаць ці прытварыцца, што спіць, а пасля буркнуў:
— Назву мінай пашкодзіла. А папера нішто… не глянцаваная…
Ён засоп мацней, чым дагэтуль, і я зразумеў, што старшы сяржант не мае ахвоты размаўляць са мною.
Я болей не надакучаў Лук’янчанку, толькі павярнуўся на другі бок і тады пачуў з-за гарматы роўны, трошачкі разважнаглыбакадумны голас Цімафеева. Ён чытаў:
«Дед засек меня до потери сознання, и несколько дней я хворал, валяясь вверх спиною на широкой жаркой постели… Дни нездоровья были для меня большими днями жизни. В течение их я, должно быть, сильно вырос и почувствовал что-то особенное. С тех дней у меня явилось беспокойное внимание к людям, и, точно мне содрали кожу с сердца, оно стало невыносимо чутким ко всякой обиде и боли, своей и чужой…» Горкі! Каму не знаёмы з маленства гэтыя словы?! Хто ў свой час, у тыя даўнія паўзабытыя гады, калі быў навокал цябе бацькоўскі ўтулак, матчыны клопаты (каб не прастудзіўся, не згаладаў) — такія смешныя цяпер у гэтых акопах пад нацэленымі стваламі буйнакаліберных кулямётаў — хто тады не адчуў, чытаючы гэта, вялікай радасці і вялікай удзячнасці чалавеку за яго сардэчную мудрасць! У той спякотны ранак гэтыя горкаўскія словы напомнілі нам пра нашу нацыянальную веліч, якая надавала нам сілы і будзіла ў нас адчуванне інакшага жыцця, чым тое, якім мы жылі тры гады на вайне, і мы разумелі тады, што хоць і цяжка, і марудна, і пакутна, але мы будзем ісці да яго праз усе выпрабаванні, пакуль не прыйдзем і не даможамся міру.