Шрифт:
А. А.: Ну вось ты, ваенны пісьменнік, чалавек вайны і так далей. Як для цябе сёння гучыць гэтая запаведзь «Не забі!»?
В. Б.: Цудоўная запаведзь, як і шмат якія запаведзі хрысціянства. Шкада толькі, што ў наш час яны гучаць пустым гукам. Забіваюць і будуць забіваць, бо ўрэшце чалавечыя і грамадскія паводзіны вызначаюць не запаведзі, а палітычная ды матэрыяльная мэтазгоднасць. Апроч рэлігіі, хіба што мастацтва з літаратурай у наш час сталі апалагетамі тых запаведзяў, аб якіх забывае нават царква. Цудоўная запаведзь.
А. А.: Як ідэал яна павінна быць?
В. Б.: Безумоўна.
А. А.: Каб хоць абмежаваць нястрымнае забойства, хоць бы ў чымсь абмежаваць.
В. Б.: Мабыць, справа ў тым, ці даспела чалавецтва да высокіх запаведзяў. Калі не, дык і няма надзей на іх выкананне. Вось хоць бы старая праблема сучаснага права — смяротнае пакаранне. На першы погляд — чалавек, які забіў другога чалавека, безумоўна заслугоўвае, каб і яго пакаралі смерцю…
А. А.: А той, хто задумвае забойства, хто ў думках забівае чалавека, заслугоўвае таго?
В. Б.: Думаю, што не. А хто забіў, мабыць, так. Калі гэтага не рабіць, дык забойствы нічым не спыніць.
А. А.: А ты думаеш, што забойства забойцаў калі-небудзь абмяжоўвала ці дапамагала пераадолець гэтае зло? Гісторыя ўся даказвае, што і гэта не ратуе.
В. Б.: Ну, добра. Але што ж тады? Што абмяжуе забойствы?
А. А.: Разумееш, вось у індусаў, у іхняй рэлігіі з іхнімі паглядамі, мараллю існуе велізарнае перадполле перад забойствам чалавека. Скажам — не забі камара, не забі кошку, не забі карову, не забі ваўка. Усіх не забі. Тады ўжо забіць чалавека наогул немагчыма. Глыбока эшаланаваная мараль антызабойства.
В. Б.: Мудрая мараль…
А. А.: Так, гарантаваць ад забойства чалавека. У маралі астатняга свету, у большасці народаў, рэлігій, ідэалогій гэтага перадполля няма. Там пытанне стаіць так: забіць чалавека ці не забіць? Таму і пытанне пра смяротнае пакаранне забойцаў ужо стаіць, як ты яго ставіш.
В. Б.: Значыць, трэба ствараць гэтае перадполле.
А. А.: У індусаў яно тысячагоддзямі стваралася.
В. Б.: Але якімі сродкамі? У скандынаўскіх краінах, напрыклад, няма крадзяжу. Злодзеяў вынішчалі драконаўскімі метадамі.
А. А.: Баюся, што не драконаўскімі. У Скандынавіі нейкіх асабліва драконаўскіх метадаў не было. Крадзеж выкараняўся пурытанскім працалюбівым жыццём. Жыццём на вачах у суседзяў.
В. Б.: Працай на сябе, пратэстанцкай этыкай, гэта вядома.
Але мы далёка адышлі ад нашых бараноў, Саша. Мо трэба заканчваць?
А. А.: Давай чокнемся напаследак, хай наша праца завершыцца чаркай. Вось… Хачу яшчэ сказаць, што вынік у тых, хто не мае вышэйшай літаратурнай адукацыі, аказваецца не горшы, а нават лепшы, чым у тых, хто яе мае.
В. Б.: У нечым гэта зразумела, хоць і даволі складана. Я вось па сабе бачу. Шмат якія рэчы мне трэба было спасцігаць з уласнага вопыту, а не атрымліваць у гатовым выглядзе. Бо ў гатовым выглядзе вядома, што нам давалі, — тое, што так ці інакш ішло на карысць дзяржаве, пэўнай ідэалогіі. Што ў літаратуры працавала на сацрэалізм. Мне гэта было непатрэбна.
Кепска тое, што я не мог дапяцца да сапраўдных ведаў, тым болей да некаторых ізмаў, за якія дужа балюча білі. І не толькі па пальцах. Ты ж сам колькі цярпеў хоць бы за свой сапраўдны ці ўяўны пацыфізм… Таму ў пэўнай сітуацыі «няведанне» бывае болей пазітыўна за пэўнае «веданне», асабліва калі апошняе фальшывае і служыць сродкам не асветы, а ачмурэння. Я пісаў і «Праклятую вышыню» і «Мёртвым не баліць» без жаднай надзеі іх надрукаваць. Калі б я ведаў, што будзе пасля, можа, і не пісаў бы. Але па наіўнасці не ведаў.
А. А.: Але ж гэта быў які год? Шасцідзясяты?
В. Б.: У шасцідзясятым было лягчэй, яшчэ ліпела адліга, друкавалі Салжаніцына. Пасля стала горш, рэанімавалі сталіншчыну. Але быў «Новый мир», быў Твардоўскі — вялікі маральны аўтарытэт часу. Хоць і яго аўтарытэту было замала, каб абараніцца і абараніць нас ад сеўрукаў, што і згубіла яго. А наконт мяне тады вырашалі — што рабіць? Пасадзіць ці пачакаць? Выключыць не было адкуль — беспартыйны. (Карпюка дык адразу выключылі і знялі з работы ды яшчэ збіраліся аддаць пад суд.) Тады вырашылі — пакараць ласкай. То была, як цяпер паглядзець, самая дзейсная мера. Пляма на жыццё. Некаторыя нават з маіх сяброў, наракалі: Твардоўскі падставіў, не трэба было друкаваць, ніхто б цябе не чапаў. А я так лічу, што Твардоўскі — для нас з табой, Саша, быў як паратунак. Але паратунак у іншым — маральным сэнсе. Мы выканалі стары запавет: не забі! Не забілі ў сабе сумленне і засталіся вернымі праўдзе. Хоць і маленькай, прыватнай праўдзе пра наша страшнае крывавае мінулае.